Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе адпачыць “неўязным” беларускім чыноўнікам?


Агляд недзяржаўнага друку Беларусі.


Апошні нумар “Комсомольская правда в Белоруссии” дасьледуе наступствы адмены льготаў у Беларусі. Цяпер замест іх у краіне дзейнічае адрасная дапамога. Каму яе даваць, вырашаюць мясцовыя ўлады. У некаторых раёнах грошы, выдадткаваныя на год, скончыліся за тры месяцы. Цяпер выканкамы просяць Міністэрства фінансаў пра дадатковыя грошы.

Газэта друкуе таксама інтэрвію лідэра гурту “Нэйрадзюбель”. Забарона на трансьляцыю ў тэле- ды радыёэфіры, паход музыкантаў да ідэоляга Адміністрацыі прэзыдэнта Праляскоўскага нарабілі шмат шуму. “Камсамолка” высьвятляе, чым жыве музыкант цяпер: хто застаўся ў выйгрышы, – рокеры ці ідэолягі. “Рок-кароль” распавядае пра пасталелую публіку на канцэртах і пра самае асабістае.

Сёньняшні нумар “Белгазеты” напярэдадні турыстычнага сэзону дасьледуе: дзе адпачыць беларускім чыноўнікам, якіх, паводле апошняга сьпісу “неўязных”, ня пусьцяць у ЗША і ў краіны Эўразьвязу. Яны могуць скарыстацца шматлікімі прапановамі айчыннага агратурызму, – распавядае намесьнік рэдактара газэты Віктар Марціновіч:

“Мы проста зьвярнуліся ў шэраг турыстычных агенцтваў, і тыя прапанавалі шэраг тураў у экзатычныя краіны: адмысловы тур асабіста пад Зімоўскага, адмысловы для Лідзіі Ярмошынай”...

У рубрыцы «Візаві» газэта друкуе палеміку паміж Франакам Вячоркам, адлічаным з журфаку БДУ паводле палітычных прычынаў – і сп. Бабровічам, загадчыкам катэдры паліталёгіі Лінгвістычнага унівэрсытэту. Наколькі цяжка працаваць у дзяржаўным ВНУ сёньня – і ці лягчэй у тым самым ВНУ вучыцца – на старонках выданьня.

Сьвежы нумар газэты “Новы час” аналізуе стан прадпрымальніцтва ў Беларусі. Цягам двух месяцаў журналіст Язэп Палубятка зьбіраў у розных рэгіёнах Беларусі меркаваньні тых, хто працуе ў сфэры малога бізнэсу. Чаму не паўстала агульнарэспубліканская акцыя супраць зьнішчэньня прадпрымальніцтва, ці была яна наагул магчымай, – адказы на гэтыя пытаньні на старонках выданьня.

Таксама “Новы час” прапануе ўвазе чытачоў рэтраспэкцыю: сорак гадоў таму ў 1968 годзе выбухнула моладзевая рэвалюцыя, якая заявіла каштоўнасьцямі сэксуальную свабоду і рок-н-рол. Газэта друкуе інтэрвію Элен Шатэлен, якая ўдзельнічала ў падзеях 68-га году ў Парыжы.

Анонс традыцыйнага “Дударскага фэсту”, які распачнецца 24 красавіка, – у гутарцы з прадусарам мерапрыемства Зьмітром Сасноўскім. Чытач даведаецца, чым будзе адметны фэст сёлета, чым жыве нацыянальны дударскі рух. У рамках фэсту заплянаваная Міжнародная дударская канфэрэнцыя, якая адбудзецца на хутары знакамітага майстра і музыканта Алеся Лася. З навуковымі дакладамі на ёй выступяць Дзяніс Сухі і Зьміцер Сасноўскі (Беларусь), Zofia Janiczek (Польшча), Ютака Бан (Баўгарыя) ды іншыя музыканты й дасьледчыкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG