Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 13 красавіка 2008 году.


У нядаўнім апытаньні публікі пра беларускія нацыянальныя каштоўнасьці чырвонай ніткай праходзіць такі адказ – усё, што зьвязана з ВКЛ. Вялікае княства Літоўскае асацыюецца з росквітам беларускага жыцьця. Здабыткі кнігадрукаваньня, архітэктуры, мастацтва таго часу й сёньня – тое галоўнае, чым мы прадстаўляем сябе сьвету. І пры тым кожны раз задумляемся: Чаму мы так фатальна страцілі пераемнасьць ад той дзяржавы да сёньняшняй?

Каб адказаць на гэтае пытаньне, пачаць трэба з таго, што Вялікае княства з усімі яго залатымі пладамі было творам беларускай арыстакратыі, што пасьля захопу тэрыторыі ВКЛ Расейскай імпэрыяй менавіта беларуская арыстакратыя на працягу 200 гадоў вынішчалася ўсімі магчымымі спосабамі – фізычна і гістарычна, матэрыяльна і маральна. Спачатку сядзібы беларускіх дваран занялі расейскія памешчыкі, а потым і іх змыла цунамі ўзбуджанага плебсу...

У сьпісах ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў гэтыя людзі падаюцца мне дыямэнтамі ў асноўнай масе народу. Іх хочацца ідэалізаваць і рамантызаваць, як гэта рабіў Уладзімер Караткевіч.

Кожны мой дыямэнт складаецца з трох граняў. Месца – усходняя Беларусь, сацыяльны статус – дваранін, нацыянальнасьць – беларус. Цяжка ўявіць сабе такіх у 1920-30-я, у часы панаваньня камунаў, камбедаў, ваяўнічых бязбожнікаў і ГПУ. Яны – як іншаплянэтнікі сярод рабацягаў Асінторфу, што ўвасабляюць свабой маналітны чалавечы матэрыял тагачаснай БССР. І тут раптам – дваранін. У яго асабістая гаспадарка. Дакладней, яго выцягнулі, як таго шыціка з трубачкі, з асабістае гаспадаркі, на якой ён сядзеў, нібы той шляхціц Завальня, у абсалютнай глушы, дзе ў яго была свая бібліятэка і сямейны архіў, дзе ён плянаваў архітэктуру сада, разводзіў кветнікі, вёў нарыхтоўку грыбоў, мёду, арэхаў... Арганізоўваў жыцьцё вакол сябе. І сялянам, якія ў яго працавалі, жылося па-людзку, бо гэта ж не чужы пан або памешчык, а свой, беларус. Хоць і дваранін.

За савецкім часам гэты выраз – дваранін беларус – стаў аксюмаранам. Для многіх ён і сёньня гучыць як спалучэньне неспалучальнага.

Мне шмат разоў даводзілася падарожнічаць па рэках усходняй Беларусі. І там, у самых аддаленых кутках, паўсюль сустракаеш сьляды таго арганізаванага жыцьця. Колішнія паркі і месца, дзе стаяла сядзіба. Насамрэч нічога няма, але сам ляндшафт падказвае табе, як гарманічна былі ўпісаныя ў яго гаспадарчыя пабудовы, кветнікі, прысады і пад’езды. Зусім рэдка можна сустрэць і сам будынак, найчасьцей – на строме над поймай ракі, на неабсяжным краявідзе – драўляны або каменны палацык.

Нашчадкі стваральнікаў ВКЛ, зьбяднёныя і адрынутыя ўладай, стваралі на сваіх лапіках зямлі маленькія аазісы суладнага жыцьця – нібы аскепкі таго залатога веку.

Ўстае перад маім паглядам
І вулка, веючая сном,
І ціхі, старасьвецкі дом
Зь цяністым, адзічэлым садам;
Над ім шпакоўніца ў гары,
А ўкруг схіліўся тын стары.

Дом гэты да паноў Забелаў,
Суседзяў нашых, наляжаў;
Я змалку там штодзень гуляў,
3ь дзяцьмі іх лез на дахі сьмела,
Рваў яблыкі, рабіў садом
І крыкам поўніў цэлы дом.

...............................

Так у гулянках пралятала
Маё дзіцячае жыцьцё,
А поруч ціхае дзіцё,
Дачка Забелаў, узрастала.
Яе я мала знаў: яна
Ўсягды была сама, адна.

Жылося цяжка Вераніцы
(Хай так дзяўчыну будзем зваць):
Яе памерла рана маць
І не было саўсім сястрыцы,
А бацька сэрца хоць і меў,
Ды прытуліць яе ня ўмеў.

Таму з маленства палюбіла
Хавацца ў сад стары яна,
Дзе веяла дыханьне сна,
І цішыня ў паветры плыла,
І нерухомы быў спакой,
Маўляў у глыбіні марской.

Максім Багдановіч, які жыў далёка ў Расеі, быў вольны ад той ідэалёгіі адмаўленьня дваранства, што была ўласьцівая многім адраджэнцам на Бацькаўшчыне. Вось чаму ягоная “Вераніка” змагла стаць ня толькі паэтычным шэдэўрам, што дагэтуль захапляе чытача рэаліямі жыцьця тагачаснага беларускага дваранства, але й прарочыць той заняпад, які чакае радавыя гнёзды дваран пасьля пралетарскае рэвалюцыі.

Ізноў пабачыў я сялібы,
Дзе леты першыя прайшлі:
Там сьцены мохам парасьлі,
Вясёлкай адлівалі шыбы.
Ўсё ў пылу. І стала мне
Так сумна, сумна ў цішыне.
Я ў сад пайшоў. Ўсё глуха, дзіка,
Усё травою зарасло.
Няма таго, што раньш было,
І толькі надпіс "Вераніка",
На ліпе ўрэзаны ў кары,
Казаў вачам аб тэй пары...

... Я кажу менавіта пра ўсходнюю Беларусь, бо дваранам з заходняй да вайны, пад Польшчай было лёсам дадзена цэлых дваццаць гадоў, каб зразумець альбо адчуць, куды хіляцца колы гісторыі – не на іх карысьць. Можна было зьехаць, распрадаць майно, можна было запісацца палякамі. Да гэтага схіляла й тое, што беларускі рух пад польскай уладай быў афарбаваны ў чырвоны колер. Беларус у Заходняй Беларусі стаў ледзьве не сынонімам бальшавіка, а таму двараніну неяк неадпаведна было заставацца беларусам. Тых, што засталіся, пасьля далучэньня заходняй да ўсходняй судзілі ўжо толькі за тое, што яны – дваране.

Ва ўсходнікаў жа часу на роздумы і вычуваньні не было. Верагодна, многія зь іх таксама запісаліся палякамі, бо не хацелі атаясамліваць сябе з нацыяй, што на вачах рабілася пралетарскай. А калі паляк, дык ужо як бы і не зусім ваш, ня ў самым поўным вашым распараджэньні. Верагодна таксама, што многія паны выпраўлялі ў анкетах сваё паходжаньне на сялянскае, бо шмат яўна дваранскіх прозьвішчаў належыць сялянам.

Верагодна, многім усё ж удалося нейкім спосабам уцячы зь Беларусі, пакінуўшы свае сядзібы. Таму гэтыя, што засталіся на радзіме, што захавалі сваё і дваранства і сваю беларускасьць, выклікаюць патройную павагу. Ня ведаю, ці адчувалі яны, што асуджаныя як клас, што ідуць на страту маёмасьці, радзімы і жыцьця. Напэўна, не маглі не адчуваць. Але трымаліся сваёй сацыяльнай адказнасьці – яны, маральныя гаспадары гэтай зямлі, яе культуры і спракаветнага парадку: “Старыны ня рушыць, навіны ня ўводзіць”.

За савецкім часам любілі высьмейваць шляхту, маўляў, павыраджалася яна ў сваіх забытых Богам маёнтках. Але сталінскія рэпрэсіі парадаксальным чынам высьвецілі тых, хто ня вырадзіўся, каму спадчынны рыцарскі гонар не дазволіў ані перапісацца ў іншую нацыянальнасьць, ані назвацца селянінам, ані ўцячы з радавога котлішча.

Гарадзкія дваране-беларусы былі адарваныя ад глебы, яны патрапілі ў больш разрозьненае людзкое асяродзьдзе, таму іх лёсы цяжка назваць тыповымі. Што ж тычыцца дваран на зямлі, засьцянковае шляхты, гаспадароў сядзібаў, дык многія зь іх дзіўным чынам датрывалі да калектывізацыі трыццатых гадоў у сваіх уласных маёнтках. Вось тут і пачалося.

Іван Язэпавіч Акаловіч з хутара Сілічы Лагойскага раёну – беларус, з дваран – у свае 56 гадоў лічыўся калгасьнікам у калгасе імя Дзяржынскага, калі напачатку 1933-га “тройка” за антысавецкую прапаганду прысудзіла яго да 10-ці гадоў канцлягера. У заўвагах да прысуду сказана: “Сям’ю выслаць у Паўночны край на 3 гады”. Колькі было той сям’і ў Івана Язэпавіча, не ўдакладняецца. Звычайная для тагачаснага справаводзтва зьява. Галоўнае, Акаловічаў у гэты час і ў гэтым месцы сьсеклі пад корань усіх.

А вось Аколавых – беларускіх дваран з хутара Дуброва ў Чэрвеньскім раёне пералічваецца шмат. Іх ліквідацыяй заняліся ўлетку 1929-га. Паўліна Вікенцеўна атрымала за садзеяньне мужу ў антысавецкай дзейнасьці тры гады Сібіры, Яніна Адамаўна, Антон Адамавіч і Вінцэсь Адамавіч – за садзеяньне бацьку – тры гады Сібіры. Васіль Сьцяпанавіч за садзеяньне брату – таксама тры гады. Цяпер застаецца даведацца, што атрымаў галоўны фігурант справы – Адам Сьцяпанавіч. Разам зь сям’ёй ён адправіўся на тры гады ў Нарымскі край. Пасьля, у 1933-м, яго ўжо там асудзяць на паразу ў правох... Пра далейшы лёс сям’і архівы не распавядаюць. Хоць з аналягічных прыкладаў вядома, што дзьве судзімасьці часьцяком прыводзілі ў 1937-м да трэцяй, якая ставіла ў лёсе чалавека канчатковую кропку.

У 1933-м за антысавецкую прапаганду быў адпраўлены ў Казахстан беларускі дваранін Іван Фэліцыянавіч Аляшкевіч з паселішча Зафранцуская Грэбля Ігуменскага павету.

І гэтак далей, і гэтак далей...

Складзем тут невялікі мартыралёг беларусаў-дваран, што апынуліся ў самым эпіцэнтры савецкага энтузіязму.

Анкудовічы. Беларусы. З дваран Заслаўскага раёну Менскай вобласьці. Ніна Ігнатаўна. 25-ці гадоў. Напачатку 1931-га за шпіянаж на карысьць Польшчы прысуджаная да ВМП (вышэйшай меры пакараньня). Расстраляная. Робэрт Язэпавіч 26-ці гадоў за тое самае атрымаў пяць гадоў папраўча-працоўных лягераў. Франц Язэпавіч, 32-х гадоў, – 10 гадоў катаргі.

Анцыпяровічы. Аранскія. Бараноўскія...

Бараноўскія – вялікі род са Случчыны, аднаасобныя гаспадары, настаўнікі, лекары, “члены кулацкай групоўкі”, арыштаваныя ў 1929-30 годзе, асуджаныя да розных тэрмінаў канцлягеру – ад трох да дзесяці гадоў, Іван Васілевіч, 45-ці гадоў, і Іван Міхалавіч, 32-х, як кіраўнікі арганізацыі – да расстрэлу.

Бачылы. Беразоўскія. Бранавіцкія. Бржазоўскія. Бурыя. Буэлі. Быліны. Бялькевічы...

Асноўны пэрыяд рэпрэсіяў беларускага дваранства – 1929-30 гады. Апошніх падгрэблі ў 1933-м. Да 1937-га не датрываў амаль ніхто. А вось раней, да 1929-га сустракаюцца спарадычныя выпадкі. Напрыклад, Адама Іванавіча Вайніловіча, памешчыка 60-ці гадоў, узялі на ягоным хутары Роскі Сялец Коханаўскага раёну яшчэ ў 1927-м. За антысавецкую агітацыю. І далі тры гады высылкі ў Казахстан. А Лявона Казіміравіча Аранскага зь Дзісенскага павету судзілі яшчэ ў 1920-м. За антысавецкую дзейнасьць. І пасадзілі ў канцлягер да сканчэньня грамадзянскай вайны. Тыповы выпадак. Памешчыка Ўладзіслава Іванавіча Віткоўскага з маёнтку Збаровічы пад Менскам у 1920-м расстралялі. Як агента польскай контрразьведкі. Таксама тыповы выпадак.

Пісьменьнік Кастусь Тарасаў у сваёй працы “Крыж памяці, меч лёсу” прыводзіць такі факт: “1 жніўня 1920 году ў Менску пачаў функцыянаваць канцэнтрацыйны лягер “для прадстаўнікоў варожых клясаў”, якімі лічыліся былая шляхта, землеўладальнікі, чынавенства, сьвятары. У лягеры было ня меней за 300 зьняволеных”.

Ватацы. Вечары. Высоцкія. Гаеўскія. Гарэцкія. Гедройц-Тоўсьцікі. Грабоўскія. Грушы. Гускія. Гурыновічы. Гушчынскія. Дашкевічы. Дзічкоўскія. Доўгія. Драбушэўскія. Драздовічы. Дуброўскія. Дыдыркі. Ермалінскія. Жураўскія. Жыдовічы. Заблоцкія. Забродзкія. Замбржыцкія. Зубовічы. Іваноўскія. Казелы. Камінскія. Кандыбы. Катырлы. Кернажыцкія. Корбуты...

Гісторыкі сьцьвярджаюць, што на выхадзе з ВКЛ беларускі народ на 10 адсоткаў складаўся з дваран. А ў бальшавіцкай будове сьвету гэтыя 10 адсоткаў не прадугледжваліся. Таму судзілі, высылалі і расстрэльвалі іх часьцяком нават не за антысавецкую прапаганду і контррэвалюцыйную дзейнасьць, а проста – як “сацыяльна небясьпечны элемэнт”.

Корзуны. Крукоўскія. Крэпскія. Кузьмінскія. Кулакоўскія. Кунцэвічы. Лагацкія...

Перад вачыма ўстаюць жывыя-мёртвыя сцэны. Сьледчы НКВД, дзьве клясы адукацыі, зьнясілены бясконцымі допытамі й катаваньнямі, пачынае распрацоўваць чарговага “падсьледнага”.

– Фамілія-імя-отчаства?

– Ленартовіч Камілія Фэліцыянаўна.

– Гдзе і кагда вы радзілісь?

– 1875 год, вёска Волевічы Чэрвеньскага раёну.

– Нацыянальнасьць?

– Беларуска.

– Праісхаждзеніе?

– З дваран.

Вось тут яго ўсяго натуральна клініла. Гэты самы аксюмаран. Беларуска з дваран. Ладна беларуска, я тожа беларус, а што з дваран, памешчыца значыць ці сільна разумная, універсіцетка... Вось дзе ярасьць хваляю закіпае ў душы!.. Крывапійца на целе пралетарскага класа...

Камілія Фэліцыянаўна была адпраўленая ў Сібір не за эксплюатацыю, не як памешчыца ці сацыяльна-небясьпечны элемэнт, не як кулачка – відаць, ні на што такое самім выглядам сваім “не цягнула”. Яе асудзілі за садзеяньне сыну ў антысавецкай дзейнасьці. Гэта значыць, па самым апошнім рахунку, па якім толькі маглі зьвінаваціць жанчыну, – што яна маці.

Ліпніцкія. Лютаровічы. Лядзкія. Ляшкевічы. Ляшчынскія. Малахоўскія. Маліноўскія. Малышэўскія. Мардовічы. Масальскія. Мастовічы. Матусевічы. Мінкевічы. Мукасеі. Невяроўскія. Некрашэвічы. Пагоскія. Пагумірскія. Паўловічы. Петражыцкія. Плышэўскія. Праляскоўскія...

Іван Іванавіч Праляскоўскі, 40 гадоў, беларускі дваранін зь вёскі Пахомаўшчына Менскага павету, гэта цяпер Дзяржынскі раён, быў арыштаваны на самым пачатку 1930-га і прысуджаны “тройкай” да ВМП. За антысавецкую агітацыю. Паводле артыкулаў 66 і 72 КК БССР. Расстраляны.

Пржэсецкія. Пшонкі. Пятрышчы. Рагалевічы. Радзевічы. Рыжыя. Рымашэўскія. Рытары. Рэйнгальды. Рэўты. Саковічы...

У працяг гісторыі 1920 году – выпадак з Ільлём Фёдаравічам Саковічам. Прафэсія –землеўладальнік. А схапілі яго ў маёнтку на хутары Дубовікі Барысаўскага павету. Фармулёўка прысуду, які вынесла калегія ОГПУ такая: буйны памешчык, лічЫць ворагам народа. ВМП. Ані што зрабіў Ільля Фёдаравіч, ані што сказаў – не фіксуецца. Проста – лічыць ворагам і расстраляць. Што, натуральна, і было выканана без затрымкі.

Саўчанкі. Семянтоўскія. Сікорскія. Скуратовічы. Смольскія. Станкевічы. Статкевічы. Стэфановічы. Сьвідэрскія. Сеўрукі. Тамаровічы. Тамковічы. Тарлоўскія. Татуры. Тоўсьцікі. Трайкоўскія. Туміловічы. Усачэнкі. Хаткевічы. Хаўстовічы...

Язэпа Сьцяпанавіча Хаўстовіча, 42-х гадоў зь вёскі Кулакі Старобінскага раёну асудзілі ў 1930-м як кулака, на ссылку – на Кіраўскі прыіск у Чыцінскую вобласьць. Тэрмін ссылкі не ўказаны. Больш за 10 гадоў у тым часе не давалі, а калі давалі больш, дык толькі расстрэл, значыць, выйсьці ён мусіў у 1940-м. Аднак ГУЛАГаўская бездань часьцяком забірала чалавека без астатку. Пра што сьведчыць і наступны запіс у справе Язэпа Хаўстовіча. У 1954-м памёр у ссылцы. Праз чатырнаццаць гадоў пасьля таго, як мусіў вярнуцца на радзіму...

Царэвічы. Цімінскія. Чайкоўскія. Шаблоўскія. Шабуні. Шкурды. Шляхціцы. Шмакавы. Шпакоўскія. Шпілеўскія. Шуневічы. Шыбекі. Шыманскія. Шыпілы. Шэмет-Палачанскія. Эйсманты. Юнацкевічы і Юнацэвічы. Якубоўскія. Яновічы і Яноўскія...

Ліквідацыя беларускіх дваран “як класа” праводзілася татальна – гэта значыць, забіралі і вывозілі не кагосьці канкрэтнага, а ўсю сям’ю. Альбо кагосьці расстрэльвалі, а астатніх вывозілі. І калі сялянам яшчэ можна было спадзявацца на вяртаньне, а многія й павярталіся з высылкі, дык гэтым – не. Іх сьвет, усё іхнае сваё і звыклае, дзе было месца ім, зьнішчаўся разам зь імі аднойчы і назаўсёды. Як у спэктаклі “Ідылія” Купалаўскага тэатру, дзе паны сядаюць урэшце на паветраны шар і адлятаюць у невараць. Канец ідыліі.

У кагэбэшных сьпісах самым недарэчным радком выглядае запіс пра рэабілітацыю. Расстраляны – рэабілітаваны. Сасланы – рэабілітаваны. Пасаджаны ў канцлягер – рэабілітаваны. Карнікі й іх нашчадкі так і не зразумелі, што адабранае жыцьцё і пакалечаны лёс рэабілітацыі не падлягае.

Ёсьць рэабілітацыя для кампэнсацыі за панесеныя маральныя й матэрыяльныя страты. Што да рэабілітацыі ў шырокім сэнсе гэтага слова, дык прасіць яе ні ў каго ня трэба. Тут іншая справа. Беларускаму народу для нармальнага разьвіцьця патрабуецца рэабілітацыя свайго беларускага дваранства.

Цяпер у нас пішуць часам і пра Радзівілаў, і пра Тышкевічаў, і пра Сапегаў. То нашчадкі іхныя прыедуць з далёкага сьвету, то камяніцу іхную возьмуць на рэстаўрацыю, то раптам успомняць, што нашы Радзівілы ў свой час былі найбагацейшым родам у Эўропе. Усё гэта так, але я не пра тое. Гаворка не пра асобных яркіх пэрсанажаў нацыянальнай гісторыі, а пра рэабілітацыю ўсяго беларускага дваранства “як класа”. І ня недзе ў судах і архівах, а ва ўласных галовах.

Рэабілітаваць трэба жыцьцёвыя прынцыпы, якімі кіравалася арыстакратыя і якія разам зь ёй былі зьнішчаныя ў часы сталіншчыны.

Не ламай тое, чаго не будаваў.
Ня лезь туды, у чым не разьбіраесься.
Не абвяргай таго, чаго да канца не разумееш.

Безь вяртаньня гэтых прынцыпаў мы застаемся бязвольнымі назіральнікамі зьменаў эпох і толькі са скрухаю паўтараем словы паэта, маўляў, “няма таго, што раньш было”...
XS
SM
MD
LG