Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Голубеў: “Партыя – ня клюб па інтарэсах”


9 красавіка адбылося пасяджэньне камісіі партыйнага кантролю Партыі БНФ, на якое быў выкліканы намесьнік старшыні партыі Юрась Губарэвіч.


Паводле інфармацыі з сайту Алеся Міхалевіча, камісія ў складзе двух чалавек, Юрася Хадыкі і Галіны Сямдзянавай, правяла з Ю.Губарэвічам размову наконт ягонага ўдзелу ў руху А.Мілінкевіча “За свабоду”. Сытуацыю ў партыі БНФ камэнтуе сябра Сойму БНФ, дэпутат Вярхоўнага савета 12-га скліканьня Валянцін Голубеў.

Караткевіч: Валянцін, як бы вы ахарактарызавалі тое, што адбываецца вакол партыі БНФ?

Голубеў: Мне крыху сьмешна, што вы цытавалі інфармацыю пра “камісію ў складзе двух чалавек”...

Караткевіч: Гэта інфармацыя з сайту “Нашай Нівы”.

Голубеў: Наколькі я ведаю ад “Нашай Нівы”, гэтая інфармацыя ўзята з сайта спадара Міхалевіча, які сам так ацаніў тую размову, якая адбылася паміж Юрасём Хадыкам і Галінай Сямдзянавай ды Юрасём Губарэвічам.

Паводле статуту БНФ, выключыць сябра можа толькі арганізацыя, у якой ён знаходзіцца, Сойм ці Зьезд БНФ – вышэйшыя органы, а камісія можа вынесьці толькі пэўныя рэкамэндацыі. Дарэчы, яна яшчэ зусім нядаўна створаная і ні разу не прымала такога рашэньня, не давала рэкамэндацыі некага выключыць.

Караткевіч: Валянцін, сам факт, што ствараюцца дысцыплінарныя камісіі ў партыі, якая заўсёды вызначалася канкрэтным ідэалягічным падыходам да сытуацыі ў Беларусі – як гэта можна пракамэнтаваць?

Голубеў: Для мяне былі нечаканымі паводзіны некаторых людзей на апошнім зьезьдзе БНФ. Я, на жаль, у апошнія гады менш займаюся палітыкай, хоць я застаюся сябрам БНФ, Сойму БНФ, і мне было цікава даведацца, што зьявіліся ў партыі людзі, якія спрабуюць сядзець на двух крэслах – і ў Народным фронце, і ў пэўных палітычных структурах, спрабуючы выконваць у Фронце тыя рашэньні, якія прымаюцца не ў Партыі БНФ. І калі ўзьнікла такая сытуацыя, то тое, што партыя хоча разабрацца, што адбываецца, і хоча паставіць сваіх сяброў у рамкі партыйнай этыкі і партыйнай дысцыпліны – я лічу, што гэта нармальна.

Таму што ў той час, калі мы стваралі БНФ, такой праблемы не існавала, нешта прыўнесьці ў асяродзьдзе аднадумцаў звонку маглі толькі спэцслужбы. А зараз, калі гэтыя людзі называюцца сябрамі Народнага фронту і спрабуюць парушаць праграму і статут – я думаю, што ім трэба прынамсі сказаць, што так рабіць нельга.

Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што партыя і клюб па інтарэсах – гэта розныя рэчы. У клюб па інтарэсах можна прыходзіць ці не прыходзіць, выказваць самыя розныя думкі. А партыя – гэта палітычная структура, якая ставіць на мэце дасягненьне палітычнай улады, альбо хаця б дасягненьне магчымасьці ўдзельнічаць у ажыцьцяўленьні палітычнай улады праз працу ў мясцовых саветах і парлямэнце дзяржавы. І таксама гэта – права партыі вылучаць свайго прадстаўніка на кандыдатуру кіраўніка дзяржавы.

І людзі, якія ідуць у гэтую структуру, яны – аднадумцы, у іх ёсьць адна ідэя, адна задача, і яны гэтую ідэю, уступаючы ў партыю, абавязаліся выконваць і працаваць на гэтую партыю.

У чалавека можа думка зьмяніцца, тады ён можа выйсьці з гэтай партыі, стварыць новую... Але будучы ў партыі выступаць па-за партыяй супраць яе, ці рабіць нешта на шкоду партыі – я лічу, гэта няправільна. Для мяне гэта немаральна. Таму тое, што была створаная такая спэцыяльная камісія па партыйнай этыцы ў Народным фронце і з такіх паважаных людзей – я лічу, гэта нармальна. Можна проста пагаварыць, падказаць людзям, разабрацца. Ніхто нікога не выганяе, проста ідзе размова – давайце, калі мы разам, рабіць усё разам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG