Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эфір 5 красавіка.


ЛІТПРАЦЭС

СЯРГЕЙ ПРЫЛУЦКІ: “ЛІТАРАТУРНЫЯ ГРУПОЎКІ МЯНЕ НЕ ЦІКАВЯЦЬ”


“Дзевяностыя forever” – так называецца зборнік вершаў Сяргея Прылуцкага, які выйшаў у бібліятэчцы часопісу “Дзеяслоў”. Імя гэтага паэта добра вядомае ў моладзевых літаратурных асяродках. Ён – ляўрэат трох конкурсаў, якія ладзіліся Беларускім ПЭН-цэнтрам, удзельнік некалькіх міжнародных літаратурных фэстаў. Ягоныя вершы друкаваліся ў анталёгіях маладых творцаў, але асобнай кнігай выйшлі ўпершыню. Валянціна Аксак паразмаўляла з паэтам.

Валянціна Аксак: “Спадар Сяргей, новае дзесяцігодзьдзе, стагодзьдзе і тысячагодзьдзе наступіла, калі вам было ўсяго дваццаць. І кніга ваша – плён ужо больш сталых гадоў. Чаму вы назвалі яе часам вашага тынэйджарства, які гучыць як крэда, – “Дзевяностыя forever”?”

Сяргей Прылуцкі
: “Па-першае, я лічу, што самы шалёны час у Беларусі прыйшоўся на 1990-я, і мне хацелася неяк адлюстраваць усё тое, што тады адбывалася. Ну і наогул, я лічу, што дваццатае стагодзьдзе ў Беларусі яшчэ ня скончылася, нягледзячы на магію лічбаў, мы дагэтуль жывём у 1990-х”.

Аксак: “Я б хацеў нарадзіцца на Новай зямлі,
напачатку ХХ стагодзьдзя, сьціплым клеркам;
працаваць у маленькай канторы ці ў некім
іншым месцы; на караблі

раз на год выпраўляцца да Рыму ці Вены;
ажаніцца пад 30, завесьці дзяцей...”

Вам цяпер 28. Што з гэтых мрояў вашага лірычнага героя ўжо спраўдзілася ў жыцьці аўтара?”

Прылуцкі: “Мабыць, яшчэ нічога не спраўдзілася, але да трыццаці яшчэ час ёсьць”.

Аксак: “У вашых вершах шмат прысьвячэньняў, прычым як жывым, так і памерлым беларускім і замежным паэтам? Хто для вас літаратурны настаўнік ці мо нават ідэал у паэзіі?”

Прылуцкі: “Магу сказаць, што вялікі ўплыў на мяне аказала англамоўная паэзія і польская паэзія”.

Аксак: “У ліку паэтаў, якім вы прысьвяцілі свае творы, ёсьць імя вашай зямлячкі Ярыны Дашынай. Нядаўна вы выступалі на прэзэнтацыі ейнай першай кнігі, выдадзенай у падцэнзурным уладзе холдынгу “Літаратура і мастацтва”. Ваша кніга выйшла ў недзяржаўным выдавецтве. Што ёсьць для вас прыналежнасьць маладога беларускага творцы да пэўнае літаратурнае групоўкі?”

Прылуцкі: “Для мяне ня мае значэньня, да якой групоўкі належыць той ці іншы аўтар. Я для сябе выбраў пазыцыю знаходзіцца ўбаку ад нейкіх членстваў у абодвух пісьменьніцкіх саюзах, бо я ня бачу для сябе ў гэтым сэнсу. Хтосьці бачыць для сябе ў гэтым нейкія плюсы, але мне гэта не цікава”.

Аксак: “З інтэлектуальнага паэта Сяргея Прылуцкага час ад часу прарываецца хуліганісты празаік Сярожа Пістончык. Як суіснуюць гэтыя дзьве іпастасі ў вашай творчай асобе?”

Прылуцкі: “Вельмі цяжка яны суіснуюць, то бок яны адзін з адным чаргуюцца, часам паралельна нешта спрабуюць рабіць”.

Аксак: “Вы – малады паэт, прынамсі, выдалі толькі першую кнігу, але ўжо пасьпелі пабываць на чатырох міжнародных літаратурных фэстах. Скажыце, калі ласка, якая з тых краінаў, дзе вы выступалі, – Польшча, Чэхія, Украіна, Літва, – падалася вам найбольш блізкай да беларускай паэтычнай плыні?”

Прылуцкі: “У нас вельмі блізкія літаратурныя лёсы з украінцамі. Іншая справа, што яны пайшлі трохі далей за нас у пляне так званага літаратурнага бізнэсу, то бок у іх гэтая справа цяпер вельмі моцна раскручваецца, і жыцьцё там у гэтым сэнсе кіпіць поўным ходам”.

Аксак: “Вы ў сваім штодзённым жыцьці зарабляеце на хлеб далёкай ад літаратуры справай – працуеце на адным зь берасьцейскіх заводаў. У тым рабочым асяродку, у якім вы знаходзіцеся з раніцы да вечара, як успрымаецца паэт Сяргей Прылуцкі?”

Прылуцкі: “Я не заўважаў нейкага асаблівага стаўленьня да таго, што я пішу вершы. Для людзей гэта ня так істотна, куды важней, які ты чалавек”.

Аксак: “А як, на вашу думку, такое стаўленьне адбіваецца на беларускай літаратуры?”

Прылуцкі: “Справа тут не ў беларускай літаратуры, а ў агульным стаўленьні да літаратуры. Шмат людзей, зь якімі даводзіцца мець стасункі, гэтаксама ставяцца да любой іншай літаратуры, незалежна ад мовы напісаньня. І гэта гаворыць не пра стан цікавасьці грамадзтва да беларускай літаратуры, а ўвогуле пра тое, што называецца гуманітарным крызісам. Людзі больш цікавяцца тэлевізійнымі шоў, чым нейкімі добрымі мастацкімі фільмамі або кніжкамі”.

Аксак: “А ці не ўзьнікае ў вас праблемаў з начальствам, калі вы атрымліваеце запрашэньні на літаратурныя імпрэзы, ці адпускаюць вас тады з працы?”

Прылуцкі: “Не, дзякуй Богу, з гэтым праблемаў няма. Прыхільна ставяцца да маёй патрэбы зьехаць на некалькі дзён. Тут усё ОК”.

АЎТАР І ТВОР

СЯРГЕЙ СЫС: “Я ВЫЙШАЎ З ПРЫЎЛАДНАГА САЮЗУ ПІСЬМЕНЬНІКАЎ БЕЛАРУСІ”


Прозьвішча Сыс нярэдка сустракаецца ва ўсясьветнай літаратуры. Вядомыя чэскі паэт Карал Сыс, расейская пісьменьніца Юлія Сыс, украінская паэтка Ала Сыс. А ў гісторыі беларускай літаратуры назаўсёды засталося імя выдатнага паэта Анатоля Сыса, які ў 2005 годзе адышоў у лепшы сьвет. Ягоны літаратурны раўналетак і зямляк Сяргей Сыс пакуль ня мае ўласнае кнігі, але ў творчасьці ня хоча саступаць свайму слыннаму аднафамільцу. Зь ім сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Сяргей, прыкладна з год таму я пабачыў тваё прозьвішча ў тэлефонным даведніку прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі.У той жа час ведаю цябе як чалавека дэмакратычных перакананьняў. Як сталася, што ты апынуўся ў не зусім сваёй, як мне здаецца, кампаніі?”

Сяргей Сыс: “Пытаньне для мяне крыху нечаканае... Справа ў тым, што я пэўны час працаваў у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі ў Гомелі, і тады мяне прымусілі прыехаць у Менск на ўстаноўчы сход новага Саюзу пісьменьнікаў. Па заканчэньні сходу я вярнуўся ў Гомель і, не чакаючы ніякага падвоху, працягваў працаваць. Але калі маё імя прагучала ў сьпісе чальцоў новага саюзу, я напісаў адмысловую заяву аб выхадзе зь яго й перадаў ягонаму кіраўніцтву. Тое, што маё прозьвішча засталося ў іхнім даведніку, – для мяне прыкры факт. Прызнаюся, мне пра гэта непрыемна чуць. Але тут ужо нічога не паправіш, так здарылася”.

Скобла: “Калі я цябе правільна зразумеў, ніякай заявы на ўступленьне ў арганізацыю Чаргінца ты не пісаў?”

Сыс: “Не, заяву я пісаў. Але пісаў тады, на пачатку, яшчэ ня ведаючы, што гэта можа быць за саюз. Аднак на ўстаноўчым сходзе, які праходзіў у Гомелі, я не ўступаў у той саюз”.

Скобла: “Цябе цяжка зразумець… Давай зьменім тэму. Раней я думаў, што Сыс – рэдкае прозьвішча. Пакуль ня трапіў на радзіму Анатоля Сыса – у Гарошкаў, у Заспу паблізу Рэчыцы. Там ледзь ня кожны трэці – Сыс. Ці не “перашкаджае” табе Анатоль Сыс існаваць у літаратурнай прасторы?”

Сыс: “Існаваць не замінае, пісаць таксама не перашкаджае, аднак у жыцьці часам здараюцца кур’ёзныя выпадкі. У мяне пры знаёмстве людзі часта перапытваюць: “Вы Сыс? Вы ж, здаецца, памёрлі?” Я да гэтага ўжо прывык. Тым ня менш, прозьвішча надае нейкую дадатковую адказнасьць маім учынкам, словам, якія пішуцца. Гэта вялікі груз, пачэсны прыгнёт, які я нясу па жыцьці. Сысоў на Гомельшчыне сапраўды багата. Але жывуць яны і ў Расеі, і ў Сярэдняй і Заходняй Эўропе. Міжнароднае такое ў мяне прозьвішча”.

Скобла: “Вядомы чэскі паэт Карал Сыс. Не чытаў?”

Сыс: “Чытаў у перакладах Анатоля Сыса і Сяргея Панізьніка. Аднак ня толькі Карал Сыс піша вершы. Ёсьць масквічка Юлія Сыс, якая піша апавяданьні. Ала Сыс з Кіева піша шыкоўную лірыку, я нават спрабаваў перакладаць, але пакуль не атрымалася”.

Скобла: “Дык у сьвеце, як мінімум, чатыры паэты з прозьвішчам Сыс?”

Сыс: “Нават пяць. Я зусім нядаўна даведаўся, што ў Бераставіцкім раёне вучыцца ў школе Сяргей Сыс, які таксама піша вершы! Ён ужо друкуецца ў мясцовай газеце. Нічога ня зробіш – маладыя наступаюць на пяты”.

Скобла: “Хай усім Сысам добра творыцца. Твая жонка – паэтка Галіна Дубянецкая. Як жывецца двум паэтам у адной сям’і, у адной кватэры?”

Сыс: “Тут адназначна не адкажаш. З аднаго боку гэта добра, мы абодва жывем літаратурай, паэзіяй. А з другога боку – гэта кампраміс, поруч з табой творчая асоба, і трэба паважаць яе думкі, меракаваньні, якія часам не супадаюць з тваімі. Асабліва што датычыць нейкіх зьяваў у літаратуры. Але, тым ня менш, гэта цікавае жыцьцё, і я не хацеў бы прамяняць яго на нейкае іншае”.

Скобла: “Тры гады таму ты перабраўся ў Менск з Гомелю, дзе пражыў каля дваццаці гадоў. Пра што гомельскае, з чым давялося расстацца, ты шкадуеш?”

Сыс: “Шкадую я толькі пра адно: зьнікла камэрнасьць жыцьця. У Гомелі ўсё было знаёмае, усё на месцы, сталыя сябры, ціхая плынь жыцьця. У Менску падзеі проста абрынуліся на мяне. Даўнія сябры, якія ўвесь гэты час жылі ў сталіцы, зьмяніліся… Але зьявіліся новыя. І я ніколькі не шкадую, што жыцьцё мяне закруціла, завіхурыла, і не дае тут сумаваць”.

Скобла: “Ты займаесься правабарончай дзейнасьцю ў незарэгістраваным цэнтры “Вясна”. Памятаюцца радкі расейскага паэта Ўладзімера Сакалова: “Я стаміўся ад нашага веку, ад яго акрываўленых рэк. Мне ня трэба правоў чалавека, я даўно ўжо не чалавек”. Змаганьне за правы чалавека не надакучыла?”

Сыс: “Не надакучыла. Я стараюся, каб паэзія і праваабарончая дзейнасьць былі кожная сама па сабе. Таму што абараняць правы чалавека – вельмі нэрвовы занятак, які патрабуе псыхалягічнага напружаньня, які забірае шмат энэргіі, ты траціш душэўную раўнавагу. А паэзія – гэта нешта сьветлае, яна дае надзею жыць, яна не дае звар’яцець ад тых падзеяў, якімі напоўненае наша жыцьцё. Апошнім часам я стаў больш аддаваць часу літаратуры, падрыхтаваў нарэшце свій паэтычны зборнік, які сёлета павінен выйсьці ў бібліятэчцы часопісу “Дзеяслоў”.

СЯРГЕЙ СЫС. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

* * *

Дзе апошняя поўня вужыная
Мые твар у прыціхлым Сажы,
За вярбой і сухімі ажынамі
Дзеляць яблык апалы вужы.

Ля ракі, што нізамі туманіцца,
Разьліваюць жаўцё ліхтары,
Зь іх сьвятлом застаюся да раніцы,
Да сьвітальнага сонца ўгары.

Дык тады ўжо з астатнімі сіламі
Над Сажом палячу на край-сьвет.
Будуць мне надламанымі крыламі
Ветракі памахваць усьлед.

Палячу ў неабсяжнае, сіняе,
Некаханы і ўжо незямны,
Назіраць, як зьвялы дэльфініюм
Замірае ў чаканьні зімы.

Ломіць рукі палёт мне, і стомлены
Прыцягненьнем далёкай зямлі,
Упаду паміж Заспай і Гомелем,
У расхрыстаныя палі.

Скуру вымыюць пальцы касьцявыя
Верасьнёвых самотных дажджоў,
Колкай пожняю, ссохлай атаваю
Я, бяз рук, дапаўзу да вужоў.

Можа, прымуць і зь велькае літасьці
Не адмовяць у цёплай нары?
Толькі б вужам з поля мне выпаўзьці,
Да ракі, дзе гарэлі кастры.

* * *

Анатолю Сысу, паэту

Дагадзіў жа ты мне, Анатоль,
дагадзіў…
Хоць тваімі шляхамі
амаль не хадзіў –
я начамі тваімі
ня ведаў начэй,
проста ў вочы глядзеў,
ды ня бачыў вачэй.
Не двайнік твой, ня брат
і ня зьменлівы цень, –
толькі сэрца маё
апаліў твой “агмень”,
я відушчым,
як фэнікс, зь нябыту ўваскрэс,
ды пайшоў за табой
у бурштынавы “лес”.
І ты ведаеш, што я знайшоў,
Анатоль?
Дыямэнтавай голкі тваёй
востры боль.
Немагчыма ў віне
гэты боль утапіць:
шмат разоў намагаўся –
баліць і баліць,
шмат разоў паўтараў,
зьверху ўніз, зьверху ўніз:
“Я ня той, я ня Сыс…
Толькі ўсё ж такі Сыс”.
Дагадзіў жа ты мне, Анатоль,
дагадзіў,
як аднойчы вадою
з Дняпра напаіў…
І цяпер скрозь
штодзённых нягод каламуць
пуцявіны мае
праз Гарошкаў вядуць,
дзе паміж прыдняпроўскіх
радзінных равоў
засталося зямлі
для абодвух Сысоў.

* * *

Схаваныя між слоў,
Сярод падзей цунамі,
Гадамі пераблытваючы час,
Легенды часам
Паміраюць разам з намі,
Каб потым жыць,
Але, на жаль, бяз нас...

* * *

Я забіты,
Як належыць барду.
Галаву раструшчыў мне камень,
Маіх воч нянавісьць і пагарду
Груганы дзяўбуць каторы дзень.

Я забіты.
Кроў мая – шыпшына
Паабапал змучаных дарог.
Я цябе, зямля мая, пакінуў,
Я цябе, Радзіма, не ўбярог.

Я забіты ў змрочных камяніцах,
У юдолі велічных муроў,
Дзе схілілі голавы званіцы
Недаруйнаваных кляштароў.

* * *

Галіне Дубянецкай

Па садзе пана Вінчы ў лістападзе
Плыве пяшчота цьмянага сьвятла,
Яго дасхочу ў яблыневым садзе
Ніколі ты паглядам не піла.

А тут жа сонцаяблыкі, якія
Удзячная атульвае трава,
Хоць гэты рай, што пан даўно пакінуў,
Сваё амаль аджыў, адгараваў.

Цяпер тут шмат у прыцені сугуччаў,
Цябе – са мной, а з намі – даўніны.
Прыйдзі, паглянь, як абдымае сучча,
Як панскі сад закрадваецца ў сны.

Тут рукі дрэў змагаюцца з туманам,
А сэрцы яблыкам мароз парасьцінаў,
Прыйдзі, я зь цемры яблычак дастану,
Які пан Вінчы ад людзей схаваў.

ПАДАРОЖЖА Ў ЗІМУ

Падарожжа ў зіму пачынаецца ў высьмяглым жніўні,
Калі мроіцца сьнег, а нябёсы працялі рагаціны дрэў,
Нібы шнары ад драпінаў, што сакавік прычыніў мне…
“Мне білет да зімы! Я так цяжка бяз сьнегу хварэў.”

Разьдзімаючы ноздры, ля Свіслачы песьціць чаканьне
Хрумсткіх шкельцаў, яшчэ не рашчаўленых днём-немаўлём,
Прачынацца, глядзець у вакно і скрозь шкло партызаніць
За разведбатальёнам зімы, што бязбоязна прэ напралом.

І ня ўбачыць пачатку атакі, якая парушыць
Сытых вуліц і плошчаў, апухлых ад сну, статус-кво.
Замяце гэты чортавы горад па самыя вушы
Хоць на зыбкую ноч першабытнай віхуры сяйво.

Вось і ўсё… Ціхамірна палягуць сьнягі над Нямігай,
Твой білет – несапраўдны, і зьняты з маршруту зваротны цягнік…
Падарожжа ў зіму перапыніць раптоўна адліга,
За якой – Вызваленьне, Кастрычніцкі пляц, сакавік.

КАСЬЦЁЛ

На правым плячы векавога крыжа,
Дзе зубы гнілыя шчэрыць іржа,
Драмае крумкач альбо грак…
Такі ж пракаветны, як гэты касьцёл,
Які каранямі заглыбіўся ў дол,
Нібыта бяскрылы вятрак.

Сядзіць на крыжы і глядзіць з вышыні
На тых, каго птушкі назвалі людзьмі,
Якія ня ўцямяць ніяк,
Што ўстыла вось так, нібы пільная сьмерць,
Глядзець зьверху ўніз на быцьця кругаверць,
Хоць ты і крумкач альбо грак.

Сьсівеў мудры птах на крыжы пакрысе,
А побач людзей нешта ўдалеч нясе,
Што людзі назвалі жыцьцём…
Аднак надараюцца сьветлыя дні,
Тады ненадоўга сьціхаюць яны,
І іх праглынае касьцёл,
Спрадвеку ягоны касьцёл.

КРЫТЫКА

МІХАСЬ ТЫЧЫНА: “І ТРАДЫЦЫЯ, І АВАНГАРД”


Урачыстасьць у садзе: Драматургія беларускай эміграцыі ХХ стагодзьдзя. Укладальнік Ванкарэм Нікіфаровіч. Сэрыя “Бібліятэка Бацькаўшчыны”.— Менск, 2007.

Найбольш камфортна пачувае сябе на эміграцыі паэзія. У меншай ступені — проза, найперш — раман. Ня вельмі ўтульна драматургіі — згодзен у гэтым з выказваньнямі Ванкарэма Нікіфаровіча, укладальніка і аўтара прадмовы, і Лявона Юрэвіча, аўтара “Дадатку”, своеасаблівага “Пасьляслоўя”, у якім падаецца кароткі агляд гісторыі беларускага тэатру й драматургіі на выгнаньні. Аднак не даводзіцца гаварыць і пра іх другасную ролю ў культурным жыцьці эміграцыі.

Пра ўсьведамленьне важнасьці тэатру як роду мастацтва ў жыцьці беларусаў за мяжой ёсьць шмат сьведчаньняў. Беларус, як вядома з часоў Максіма Гарэцкага, любіць жывы прыклад. У гэтым ён мае “нешта супольна-жалобнае” з прафэсійным мастаком-акторам. Тэатар ва ўмовах эміграцыі выхоўвае маладое пакаленьне беларусаў, якое трапляе ў чужое культурнае асяродзьдзе і пачынае цурацца сваіх звычак і традыцый. У гэтых умовах тэатар вырашае жыцьцёва-важнае пытаньне: як ня страціць гэтае пакаленьне для Бацькаўшчыны.

У камэдыі Кастуся Акулы “Тараканы ў саладусе”, якая адкрывае кнігу, элемэнтарнае разуменьне простых ісьцін, выяўленае ў асуджэньні сваіх землякоў, што паквапіліся на лёгкія грошы, “прадаліся й аддаліся ў палон”, напаўняецца глыбокай думкай пра тое, што, страціўшы беларускасьць, беларус губляе разам зь ёй адвечныя чалавечыя і хрысьціянскія каштоўнасьці, забывае на цану ўзаемадапамогі і ўзаемапавагі ва ўмовах уваходжаньня ў новы незнаёмы сьвет. Зроблена гэта дасьціпна, з гумарам, трапна выкарыстоўваюцца макаранізмы, ствараюцца калярытныя характары сучасных амэрыканізаваных Пустарэвічаў.

Эфэктны прыём тэатру ў тэатры, вядомы з часоў шэксьпіраўскага “Гамлета” і купалаўскіх “Тутэйшых”, выкарыстаны ў трагедыі “Ліхадзейка” Аўгенам Кавалеўскім, аўтарам аднаактовак, вадэвіляў, скетчаў (“Шапка-няўгледка”, “Блакітная Вілія”, “Случчакі”). У трагедыі паказана не толькі традыцыйнае ў айчыннай драматургіі супрацьстаяньне клясаў, але й выключны талент і артыстызм простага люду, сярод якіх вылучаецца вобраз маладога хлопца, прыгоннага селяніна Рыгора, важака паўстанцаў. Непрыняцьце Рыгорам, яго сябрамі, акторамі з прыгоннага тэатру гвалту, паталягічнай жорсткасьці, комплексаў і фобій, увасобленых у натуры і паводзінах пані Ўладыслаўскай, выяўляе духоўную аснову нацыі, якая бачыць у незразумелай помсьлівасьці чалавека, надзеленага бязьмежнай уладай, слабасьць, а ў лютасьці — прыхаваны страх.

Духоўная аснова нацыі, карані беларускай мэнтальнасьці прыцягваюць сваёй чысьцінёй й глыбінёй Натальлю Арсеньневу ў драме “Лясное возера” й гістарычнай опэры “Ўсяслаў Чарадзей”. У драме, пабудаванай на фальклёрным сюжэце, гэта развагі пра непазьбежны лёс, які ў старажытных трагедыях займаў цэнтральнае месца пад назовамі рок, фатум, кон і які людзі спрабавалі з дапамогаю малітваў і ахвяраўскладаньняў абысьці. Князь, закаханы ў сялянскую дзяўчыну Алёнку, каб не парушаць дынастычную традыцыю, падпарадкоўвае свае пачуцьці розуму, ахвяруе сваім шчасьцем, становіцца нават сватам на вясельлі, але ўрэшце вяртаецца ў абдымкі каханай і гіне ад кулі яе раўнівага мужа. Збываецца прароцтва Варажбіткі, якая сьпявае ў фінале: “Ой ты, доля, доля, Доля-чужаніца, У цябе, у долі, Нельга адпрасіцца... Цябе, доля злая, Праклінаюць людзі, Праклінаюць з болем, Праклінаюць, славяць”.

А ў опэры “Ўсяслаў Чарадзей” услаўляецца бязьмежная цярплівасьць князя, які сьвята верыць, што наканаванае абавязкова збудзецца, што час паставіць усё на сваё месца, а жывое жыцьцё — гэта і ёсьць мэта (прыгадаем філязофскі верш Арсеньневай “Мэта жыцьця” і яго заключныя радкі: “Мэта жыцьця — захаваць жыцьцё”). Таямніца яго чарадзейства менавіта ў яго мудрасьці: “Як казка ўсё... Зь вязьніцы — на пасад! Але, відаць, так хоча Кон. Дарма адмаўляцца!” Гэта чуласьць да тэктанічнага руху Вялікага Часу выяўляецца ў сьцьвярджэньні Натальляй Арсеньневай даўняй ідэі яе настаўніка Максіма Гарэцкага аб тым, што “тэатар наш павінен стаць Храмам нашага Адраджэння. Тэатар гадуе маладых байцоў за праўду і дае грамадзянскую моц людзям у пары, але заняпалым, ён абгладжвае на добры лад характары і народы”.

Пётра Крэчэўскі (псэўданім П.Зьніч), старшыня Рады БНР, які не падпарадкаваўся рашэньню Бэрлінскай канферэнцыі аб самароспуску Рады і да канца жыцьця заставаўся на сваёй пасадзе, жыў палітычнымі клопатамі пра маральную ўстойлівасьць кіраўнікоў і творцаў незалежнай дзяржавы. У багатай на падзеі беларускай гісторыі ён прыгадаў постаць князя Міхася Глінскага, пра якога напісаў гістарычную драму “Здрада”. У п’есе яскрава паказана неардынарная асоба чалавека, надзеленага задаткамі геніяльнага палкаводца, які паддаўся асабістай крыўдзе і пачуцьцю помсты, а ў выніку вымушаны быў бегчы пад крыло маскоўскага цара Васіля ІІІ, здрадзіць краю, які сапраўды любіў, і ўрэшце загінуў у падземным каземаце. Апошнія яго словы пакаяньня зьвернуты да свабоднага беларускага народу: “Хай лёс мой напоўнен і сумам, і мукай, Як прыклад застанецца роднай зямлі І будзе патомным пры здрадзе парукай...”

П’есы Янкі Юхнаўца “Ўспаміны”, “Урачыстасьць у садзе” (якая дала назву кнізе), “Адам і Ева”, “Мітусьня” на фоне традыцыйнай па стылі драматургіі іншых аўтараў успрымаюцца як новае слова авангарднага тэатру. У адрозьненьне ад насычаных падзеямі п’ес суайчыньнікаў, у Юхнаўца ўвага зьвернута на інтэнсіўнае ўнутранае жыцьцё пэрсанажаў, што збліжае яго з драматургіяй Францішка Аляхновіча. Біблійны Адам, адчуваючы, што стаіць у пачатку чалавечай гісторыі, перажывае пачуцьцё віны за зроблены экзыстэнцыйны выбар. Былы партызан Самук, які 15 гадоў сьвяткаваў з сябрамі здабытую цяжкай цаной Перамогу, раптам адчуў, што адстаў ад хады часу і што сьвет жыве думкамі пра іншае: “Яго прызналі людзі... ягоныя заслугі... і ён пачаў не прызнаваць іх...” Такая парадксальнасьць меркаваньняў уласьцівая і героям іншых п’ес Юхнаўца.

У канцы кнігі прыводзіцца досыць ёмістая бібліяграфія згадак у беларускім эмігранцкім друку пра тэатральнае жыцьцё беларусаў, якая сама па сабе сьведчыць аб драматургіі беларускай эміграцыі як прыкметнай зьяве літаратурнага працэсу ХХ стагодзьдзя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG