Прадпрымальніца сьцьвярджае, што арышт быў адменены яшчэ ў 2005 годзе.
Любоў Рэзановіч вядомая тым, што ў 2005 годзе трымала галадоўку разам з калегамі-прадпрымальнікамі супраць дзеяньняў падатковай інспэкцыі. Інспэцыя прымушала некаторых берасьцейскіх прадпрымальнікаў, што маюць ліцэнзію на пасажырскія перавозкі, сплаціць рэспубліканскі збор за выкарыстаньне ўвезеных на тэрыторыю Беларусі аўтамабіляў у камэрцыйных мэтах.
Гэты збор быў усталяваны на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі №140 у красавіку 2004 году, аднак у падатковых інспэкцыях палічылі, што ён тычыцца й тых прадпрымальнікаў, што ўвезьлі свае аўтамабілі з-за мяжы значна раней.
Тады галадоўка прыпынілася пасьля таго, як мясцовыя ўлады паабяцалі зьняць санкцыі з прадпрымальнікаў. Яшчэ пазьней, у 2007 годзе, указ №140 наагул быў адменены.
Сёлета Любоў Рэзановіч вырашыла закрыць дзейнасьць індывідуальнага прадпрымальніка і прадала адзін з бусаў. Калі новая ўладальнніца прыйшла ў ДАІ, каб зьняць яго з уліку, там ёй аб’явілі, што на бус накладзены арышт і што Л.Рэзановіч павінна сплаціць дзяржаве штраф.
У панядзелак Любоў Рэзановіч зьбіраецца ў падаткавую інспэкцыю з тым, каб удакладніць, ці зьнялі зь яе накладзеныя ў 2005 годзе санкцыі.