Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асіповічы: дом Эрнэста Сабілы агледзелі міліцыянты


Прыватны дом пастара Беларускай эвангельскай царквы Эрнэста Сабілы сёньня раніцай наведалі маёр міліцыі, супрацоўнік міністэрства надзвычайных сытуацыяў і чалавек у цывільным.


Свой візыт яны аргумэнтавалі тэрміновай праверкай пажарнай бясьпекі.

Эрнэст Сабіла перакананы, што міліцыянты зьбіраліся засьпець у яго дома актывістаў моладзевых арганізацыяў.

“Яны хацелі накрыць іхную прысутнасьць тут, але маладыя людзі троху спазьніліся, а гэтыя троху пасьпяшаліся. Атрымалася, што іхны візыт аказаўся безвыніковым. Нікога яны тут не накрылі, акрамя мяне, старога будаўніка”.

Паводле Эрнэста Сабілы, маёр міліцыі праверыў дакумэнты на набыцьцё зямельнага надзелу, на якім будуецца малітоўны дом. Пажарнік жа зрабіў некалькі заўвагаў адносна стану пажарнай бясьпекі ў недабудаваным доме.

Эрнэст Сабіла зазначае, што дзеяньнямі міліцыянта й пажарніка кіраваў чалавек у цывільным, які не назваў свайго прозьвішча.

Моладзевыя актывісты прыехалі да Эрнэста Сабілы адразу ж пасьля сыходу міліцыянтаў. Маладыя людзі дапамагаюць пастару будаваць малітоўны дом.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG