Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр незарэгістраванага руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч сёньня ў другой палове дня сустрэўся з жыхарамі Ляхавічаў і Баранавічаў.


Маршрут наведваньня Берасьцейшчыны лідэрам незарэгістраванага руху “За Свабоду” пачаўся зь Ляхавічаў. Адзін з арганізатараў візыту Мікалай Чыжыкаў паведаміў “Свабодзе” зь Ляхавічаў:

“Зрабілі тое, што маглі. Расклеілі ў людных месцах 300 улётак пра сустрэчу. Учора ўвечары я асабіста клеіў на прыпынках грамадзкага транспарту. А сёньня раніцай гляджу, яны ўжо абарваныя”.

Аднак пэўная колькасьць людзей усё ж сабралася, паведамляе зь Ляхавічаў дарадца Мілінкевіча Аляксей Кавалец:

“Людзі падыходзяць, цікавяцца, размаўляюць, задаюць пытаньні. Кажуць: праблемаў узьнікае ўсё больш і больш, але мы баімся. Вось тут бабулька старая. Ёй кажуць: ну, вам ужо чаго баяцца? А яна адказвае: баімся. Сваёй улады баяцца, вось да чаго дажыліся”.

Каля натоўпу хадзілі міліцыянты, падышлі супрацоўнікі ідэалягічнага ўпраўленьня райвыканкаму, прадстаўнікі рэгіянальнай суполкі БРСМ. Аднак перашкодаў сустрэчы яны не рабілі.

Машыну з былым кандыдатам у прэзыдэнты прадстаўнікі праваахоўных органаў Ляхавічаў суправаджалі да мяжы раёну. А вось непадалёк ад Баранавічаў Аляксандра Мілінкевіча спынілі. Міліцыянты праверылі дакумэнты, з кімсьці пракансультаваліся праз тэлефон і дазволілі ехаць далей.

Сустрэча з жыхарамі Баранавічаў пачалася а 18-й гадзіне ва Ўсходнім мікрараёне, каля Аляксееўскага рынку. Адзін з арганізатараў сустрэчы Віктар Сырыца на пытаньне нашага радыё, чаму ўсё будзе адбывацца не ў памяшканьні, адказаў:

“Пра гэта ўжо і ня марым”.

Сустрэча працягвалася паўтары гадзіны. Як адзначае Аляксандар Мілінкевіч, “сустрэча была вельмі цёплай. Людзей было багата – яны падыходзілі, задавалі пытаньні”.

“Мы зьяжджаем з Баранавічаў надзвычай натхнёныя”, – падсумаваў вынікі сваёй сёньняшняй паездкі лідэр руху “За Свабоду”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG