Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубак Дэвіса: Беларусь прайграе Швайцарыі 0:2


Сёньня ў Менску зноў стартаваў Кубак Дэвіса.


Вынікі першага дня: Максім Мірны прайграў Стэфану Балі, Уладзімер Ігнацік – Станіславасу Ваўрынку. У суботу матч працягнецца.

У Менск прыехала каманда Швайцарыі. І адразу дзьве сэнсацыі. У гасьцей адсутнічае першая ракетка сьвету Роджэр Фэдэрэр. У беларусаў на корт сёньня ня выйшаў Уладзімер Ваўчкоў. І гэта дае падставы для разнастайных прагнозаў.

Сябра Беларускай асацыяцыі тэнісу Сямён Коган:

“Шанцы ёсьць. Фэдэрэр не даваў ніякіх шанцаў”.

Алесь Сівы, спартовы аглядальнік “Народнай волі”:

“Я паставіў бы 45% на перамогу беларусаў і 55% на перамогу швэйцарцаў”.

Для беларускіх заўзятараў адсутнасьць Ваўчкова – гэта нешта надзвычайнае. Колькі гадоў беларусы ўдзельнічаюць у Кубку Дэвіса, столькі іх прадстаўляюць Максім Мірны і Ўладзімер Ваўчкоў. Але ж час ідзе, Ваўчкоў 7-га красавіка адзначыў сваё 30-ці годзьдзе.

Сёньня замест яго на корт выйшаў 18-гадовы Валодзя Ігнацік. Для яго ўдзел у турніры такога высокага рангу – дэбют. І адразу даводзіцца згуляць з 30-й ракеткай усясьветнага рэйтынгу Станіславасам Ваўрынкам. Хлопец старанна рыхтаваўся да гульні, і таму размаўляць са мной напярэдадні пагадзілася ягоная маці – Сьняжана. Яна для яго як другі трэнэр:

“Я зь пяці гадоў зь ім. І дагэтуль зь ім – і ў тэнісных акадэміях, і на турнірах. Меркаваньне замежных спэцыялістаў такое: побач з тэнісістам павінен быць блізкі чалавек.

Ну што можна казаць у такія хвіліны?! Узровень ёсьць узровень. Уявіце, 30-ы ў рэйтынгу і 600-ы. Ёсьць жа розьніца, мабыць. Юніёр, які толькі пачынае, і чалавек, які ўжо паеў гэтага хлеба”.

Тэнісісты Беларусі звычайна перамагаюць у Менску і часта прайграюць за мяжой. Сынтэтычнае пакрыцьцё менскіх кортаў – самае “хуткае” ў сьвеце. Спэцыялісты кажуць, што да такога пакрыцьця супернікам вельмі цяжка прызвычаіцца.

Гэтым разам каманды будуць гуляць на новым пакрыцьці. Справа ў тым, што Міжнародная фэдэрацыя тэнісу прыпыніла сэртыфікацыю пакрыцьцяў, тлумачыць Сямён Коган:

“А ў нашых заканчваўся сэртыфікат. Таму вырашылі не рызыкаваць”.

Магчыма, пераход на новае пакрыцьцё перашкодзіў Максіму Мірнаму. Ён ня здолеў узяць хаця б адзін сэт у сустрэчы з Стэфанам Балі. А затым на корт выйшлі Ўладзімер Ігнацік і Станіславас Ваўрынка. Як і меркавалася, перамог швайцарац. Але Валодзя змагаўся з усіх сілаў. І нават перамог у першым сеце. Таму маці Валодзі не была ў роспачы:

“Гэта крок наперад. У любым выпадку”.
XS
SM
MD
LG