Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Шэнгенскія візы для беларусаў не патаньнеюць?


Многія эўрапейскія дэпутаты ня хочуць падпісвацца пад дэклярацыяй аб памяншэньні коштаў візаў для грамадзян Беларусі. Прычынай гэтаму сталі жорсткія дзеяньні ўладаў Беларусі падчас акцыі апазыцыі 25 сакавіка ў Менску.

Адзін з ініцыятараў збору подпісаў, эўрапейскі дэпутат Юстас Палецкіс зь Літвы заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што ўжо няма шанцаў сабраць неабходную колькасьць подпісаў:

“Я думаю, што гэтыя падзеі, якія адбыліся ў Менску ў сувязі са сьвяткаваньнем 90-годзьдзя незалежнасьці Беларусі, і пэўныя захады ўладаў паўплывалі на некаторых парлямэнтароў, і яны ня хочуць ставіць подпісы. Ясна, што палову подпісаў ня ўдасца сабраць”.

Падпісаліся пакуль толькі 150 дэпутатаў, а трэба ня меней за 393. Праз тыдзень у Страсбуры цягам чатырох дзён пад час сесіі можна было б сабраць яшчэ колькі подпісаў. Аднак спадар Палецкіс глядзіць на гэта пэсымістычна:

“Думалі разгарнуць такую вельмі вялікую кампанію і ў апошні тыдзень сабраць 100—150 подпісаў.Але адчуваецца, што гэтага ня будзе дастаткова, і, відаць, мы гэтага ня будзем рабіць”.

Ініцыявалі збор подпісаў трое эўрадэпутатаў ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі. Як мяркуе спадар Палецкіс, памылка была і ў тым, што сярод ініцыятараў гэтай акцыі не было сяброў іншых фракцый. Аднак, паводле спадара Палецкіса, гэта часовая няўдача. Бо ўсё ж удалося прыцягнуць да візавага пытаньня ўвагу парлямэнту і асабліва дэлегацыі па стасунках зь Беларусьсю.

Паводле спадара Палецкіса, кіраўнік дэлегацыі па стасунках зь Беларусьсю Яцэк Пратасэвіч пабываў у Вільні, Рызе і Варшаве, дзе правёў перамовы зь міністрамі ўнутраных і замежных справаў. Гаворка ішла пра тое, як агульнымі намаганьнямі, выкарыстоўваючы рычагі Эўрапарлямэнту, паменшыць кошты візаў для беларускіх грамадзянаў для паездак у краіны Шэнгену і асабліва ў суседнія краіны:

“Я не сумняюся, што бліжэйшым часам у Эўрапарлямэнце зьявіцца новы дакумэнт у выглядзе дэклярацыі ці рэзалюцыі, і гэтая кампанія будзе працягнута. Але зноў жа, трэба будзе дасягнуць згоды паміж усімі 27 краінамі Эўразьвязу, каб падтрымаць такую ініцыятыву Эўрапарлямэнту”.

Нагадаем, на пачатку году сябры сацыял-дэмакратычнай фракцыі Эўрапарлямэнту Юстас Палецкіс зь Літвы, Генавэфа Грабоўска з Польшчы і Ханэс Свобада з Аўстрыі пачалі зьбіраць подпісы за тое, каб паменшыць кошт візаў для беларусаў. Для таго, каб дэклярацыя сталася пачаткам дыскусіі ў Эўрапарлямэнце, неабходна было сабраць ня меней за 393 подпісы дэпутатаў Эўрапарлямэнту.
XS
SM
MD
LG