Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Людзі будуць менш езьдзіць за мяжу...”


“Як адаб’ецца падаражэньне візаў на вашых паездках за мяжу?” На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.


Спадар: “Для мяне ніяк не адбілася. Я так званы “невыязны”. У мяне няма ніякіх рэгістрацыяў. Але, на маю думку, гэта вельмі дрэнна. Людзі будуць менш езьдзіць у замежныя краіны і размаўляць зь іншымі людзьмі. Яны ня будуць ведаць, што там робіцца”.

Спадарыня: “Хто пастаянна езьдзіць, для таго кепска. А калі раз на два-тры гады, то гэта не такая вялікая сума”.

Спадар: “Я звычайна ежджу за мяжу па запрашэньнях, і мне пасьля выплочваюць кампэнсацыю”.

Спадарыня: “Мы за мяжу ня езьдзім, таму нам абсалютна ўсё роўна”.

Спадар: “Канечне, падаражэньне адбілася, і асабліва для тых, хто езьдзіць за свой кошт. Лічу, што гэта супярэчыць агульнай тэндэнцыі паглыбленьня й пашырэньня стасункаў паміж народамі розных краінаў. У той час, калі стварылася “шэнгенская зона”, калі людзі маюць магчымасьць вольна перамяшчацца з краіны ў краіну, такі захад, як падаражэньне візаў, можна прызнаць у нейкай ступені як дыскрымінацыйны”.

Спадарыня: “Я нікуды ня ежджу і не валодаю інфармацыяй наконт візаў. Няма за што езьдзіць за мяжу”.

Спадар: “Жонка нядаўна езьдзіла ў турпаездку. Калі раней за эўрапейскую паездку трэба была заплаціць 30—35 эўра — у залежнасьці ад краіны, то цяпер яна заплаціла 60 эўра. Вядома, гэта адчувальна. З улікам гэтага частка людзей будзе радзей езьдзіць за мяжу”.

Спадарыня: “Гэта кепска, што візы падаражэлі. І так у наш час складана кудысьці выбрацца, нават адпачыць да мора”.

Спадар: “Падаражэньне візаў адбілася на паездках за мяжу для ўсіх людзей і для мяне асабіста. Раней, напрыклад, я езьдзіў у Літву да свайго брата штогод. Цяпер я ўжо думаю, бо грошы для мяне як бы і велікаватыя. У Польшчу таксама езьдзіў — пяць эўра была невялікая цана за візу”.

Спадарыня: “Я хутка еду ў Ізраіль. Які быў кошт, такі і застаўся. Пра астатняе нічога ня ведаю”.

Спадар: “Канкрэтна на мне падаражэньне візаў не адаб’ецца, бо я ня маю сродкаў на паездкі за мяжу. Але мяркую, што гэта зьвёны аднаго ланцуга — кошты растуць. І ня толькі на візы. Унутры краіны цэны растуць на ўсё”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG