Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутаты скептычна ўспрынялі ініцыятыву сацыялістаў


Зьніжэньне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў магло б успрыняцца як ухваленьне ўраду Беларусі, які падвысіў кошт сваіх візаў для грамадзян Эўразьвязу.

Такую думку выказаў “Свабодзе” дэпутат Эўрапарлямэнту з групы Эўрапейскай народнай партыі Вітаўтас Ландсбергіс. Пры гэтым ён ня змог згадаць, ці падпісваў ён сам дэклярацыю аб неабходнасьці памяншэньня кошту віз для беларусаў, якую распрацавалі дэпутаты-сацыялісты. Тым ня меней да самой іх ініцыятывы ён паставіўся скептычна:

“Гэтая зьява крыху з галіны піяру, тым больш у кантэксьце таго, што Лукашэнка вельмі падвысіў кошт візаў у Беларусь. Фактычна ён не зацікаўлены ў гэтым і робіць учынкі, што зьяўляюцца выклікам... На першы погляд: чаму б не, давайце, канешне, зьнізім, але гэта ня будзе зроблена. Сацыялісты хацелі сябе добра паказаць, ведаючы, што з гэтага нічога ня будзе”.

На думку спадара Ландсбергіса, нават калі былі б сабраныя неабходныя подпісы для дэклярацыі Эўрапарлямэнту, рашэньне будуць прымаць іншыя органы Эўразьвязу.

Зь іншага боку, спадар Ландсбергіс зазначыў, што Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі Эўрапарлямэнту.
XS
SM
MD
LG