Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстафэтная галадоўка: новыя ўдзельнікі


Трэці тыдзень бабруйскія актывісты Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) удзельнічаюць у эстафэтнай галадоўцы.


Сваёй акцыяй яны дамагаюцца вызваленьня Аляксандра Казуліна й спыненьня рэпрэсіяў супроць іншых вязьняў. На Магілёўшчыне эстафэтную галадоўку падтрымліваюць толькі ў Бабруйску.

У Бабруйску ў галадоўцы ўжо паўдзельнічалі тры асобы: Таісія Кабанчук, Аляксандра Сьянава, Ірына Міцура. Цяпер галадуе чацьверты – Мікалай Аўсяньнік. Заўтра эстафэту галадоўкі перахопіць сям’я Дайнэкаў: Алена й Аляксандар. Аляксандра Сьянава галадала шэсьць дзён, астатнія па пяць.

Ці ведаюць пра галадоўку жыхары Бабруйску?

“У бабруйскіх масмэдыя такой інфармацыі не было, але, ведаеце, вялікая колькасьць аднадумцаў, нашыя сем’і, потым сябры нашы, да якіх мы ходзім па нейкіх справах, на працы, усе людзі, якія наўкола, зь якімі мы сустракаемся, зразумела, яны ведаюць, таму што даводзіцца кожнаму тлумачыць, чаму мы галадаем. Вялікая колькасьць людзей ведаюць, што такая акцыя праходзіць у Бабруйску”, — паведаміла “Свабодзе” актывістка партыі, галадоўніца Таісія Кабанчук.

Паводле спадарыні Кабанчук, падрыхтоўка да галадоўкі й выхад зь яе займае прыкладна такі самы час, што й само галадаваньне.

Таісія Кабанчук абураная выказваньнямі, што галадуюць людзі нібыта не па-сапраўднаму:

“Такое могуць казаць толькі людзі, якія самі ня здольныя на ўчынак. Зараз нам нічога больш не застаецца, як толькі галадаць. Бо колькі мы ні зьвярталіся ў гарадзкі выканкам, каб паінфармаваць насельніцтва, што Казулін сядзіць, і з патрабаваньнем яго вызваленьня, яны нам ніводнай заяўкі на працягу трох год не задаволілі на правядзеньне пікету ці акцыі”.

У адказ на пытаньне “Свабоды” пра прынцыпы галадоўкі, яе арганізацыю і пляны працягу распавядае адзін з галадоўнікаў, палітык Сяргей Скрабец:

“Прынцып галадоўкі – выказаць сваю салідарнасьць з палітвязьнямі, якія ўтрымліваюцца за кратамі на сёньняшні час. Ужо паўсотні чалавек далучыліся да гэтай эстафэтнай галадоўкі — яны альбо галадалі, альбо цяпер гэта робяць. Найбольшы тэрмін галадалі мы з братам Аляксандрам — 21 дзень. Але я лічу, што Алег Алкаеў са сваім сынам больш вытрымаюць”.

Сяргей Скрабец таксама ўдакладніў, што цяперашняя эстафэтная галадоўка будзе працягвацца да 26 красавіка.

Эстафэтная галадоўка за вызваленьне Аляксандра Казуліна і спыненьне рэпрэсій супроць апазыцыі пачалася месяц таму. Яе ініцыявала дачка Казуліна Вольга. У эстафэтнай галадоўцы бралі ўдзел праваабаронца Людміла Гразнова, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, журналіст Віталь Гарбузаў, грамадзкая актывістка Тацяна Ваніна і многія іншыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG