Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Нягледзячы на тое, што для майго гіда і кіроўцы, краязнаўцы Міхася Бурачэўскага гэта быў другі прыезд у Горку, 35 км да вёскі ад райцэнтра Дзятлава мы адолелі толькі за гадзіну. Пры гэтым на скрыжаваньнях пясчаных дарог ня ўбачылі ўказальнікаў. Дый сама дарога была пустэльнай — гэта пасярод працоўнага дня. На палетках, што паабапал, убачылі воддаль хіба што старэнькага “Кірaўца”. Нічога дзіўнага, скажа мне пасьля мясцовая жыхарка.

Спадарыня: “У нас канец Дзятлаўскага раёна, далей Слонімскі. На ўскраіне нашай зямлі жывем...”

Затое на шляху мелі сустрэчу з сапраўднымі “тэрарыстамі”. Праўда, не чалавечага паходжаньня. Міхась са сьмехам спыніў аўто ля дрыгвянога азярца. Як выявілася — штучнага.






Бурачэўскі: “Во бачыш, Віталь, разьліта вада маленькай рачулкі. Праходзіць звычайны газаправод са Слоніма на Ліду. І цяпер праблема — бабры пабудавалі на гэтым ручаі плаціну, затапілі ўсё. Газавікі самі ня маюць права яе разбурыць. Баброў ловяць, некуды вывозяць — цэлая каніцель. І я сьмяюся — “тэрарысты” затапілі газаправод...”

І вось на гары, у сонечных промнях, узьніклі сьвежапафарбаваныя срэбныя купалы мясцовай Сьвятадухаўскай царквы. Пасьля ў знойдзенай нядаўна “Ведамасьці пра царкву” прачытаю: “Цэркаў сія пакрытая жалезам, пабудавана ў 1898, асьвячана ў 1900”. Знаходзіцца дакумэнт у старажылкі, 75-гадовай спадарыні Карніенкі. Марыя Іосіфаўна сьпявае ў царкоўным хоры, але ўсе называюць яе захавальніцай звычаяў ды гісторыі Горкі. Распавядала, што ў часе рамонту адбылося другое нараджэньне другога па ліку храма ў Горцы.






Карніенка: “Ягор’еўскую царкву будаваў пан Недабітоўскі — я яго помню. А яе разабралі і аддала Савецкая ўлада на хату чалавеку, бо ён быў бедны. Слава Богу, дазволілі царквы адчыняць. А ў Сьвятадухаўскую тады сыпалі зерне. Людзі сабралі грошы на рамонт. Не прапускаю ніводнай службы. Толькі звон зазвоніць, адразу зьбіраюся, усе справы адкладаю. Люблю, люблю сваю царкву Сьвятадухаўскую...”

Мы яшчэ сустрэнемся зь цёткай Марыяй. На пад’езьдзе ж да Горкі гаварун Бурачэўскі не прамінуў расказаць кур’ёзны выпадак са сваёй мінулай вандроўкі.






Бурачэўскі: “Здымалі на фота царкву. Хлопцы, што рамонтам займаліся, селі ля царквы пацягнуць чарку. Тут нас нялёгкая прынесла. Яны падумалі, мо якое кіраўніцтва, і бегчы ад тае царквы. Прыяжджаем на Горку, і яны тут. Божа, кажу, не далі людзям адпачыць...” (Сьмяецца.)

Жартаўлівы настрой, аднак, зьнікае ў часе першых жа сустрэч з жыхарамі — іх тут прапісана каля трохсот. 78-гадовая старажылка, спадарыня Ніна Казлоўская ды 70-гадовыя Марыя ды Іван Герасіменкі наракаюць:

Спадарства: “Мала, мала засталося. Тут па адной, па адной, дзядзькаў удвух — няма людзей... Чатыры кароўкі на ўсю вёску. Каршукі лятаюць, забіваюць курэй, асабліва на палях — немагчыма іх выпускаць... Я 9 год была даяркай, у амбары атруту ела на мінэральных угнаеньнях. І што выйшла: у працоўнай кніжцы я была не пастаянная, а сэзонная. Паўгода за год лічылі. Пяцёра ў мяне дзяцей. За ўсё жыцьцё далі раз 30 тысяч...”

У размову ўключаецца, падышоўшы з другога боку вуліцы, 36-гадовая маці трох дзяцей Натальля Валуева. Зараз у дэкрэтным адпачынку. Вельмі хвалюецца.

Натальля: “У мяне былі паталягічныя роды — кесарава сячэньне. Далі бальнічны на 84 тысячы — не аплацілі. Я жыла зь дзіцём на 40 тысяч цэлы месяц! Дзіцячая дапамога малая. У мяне 200 тысяч быў заробак...”

Карэспандэнт: “А Лукашэнка кажа, што мінімальна 300 даляраў...”

Натальля: “Вы сьмеяцеся! Мне на дзіця плацяць 140 тысяч — гэта апрануць, абуць, карміць! Гэта проста зьдзек! Я ўжо шкадую, што за Лукашэнку галасавала!”

Пытаюся ў Натальлі, былой даяркі, чым наагул займаюцца працаздольныя ў вёсцы.

Натальля: “Хто даяркамі працуюць, хто пастухамі. Ёсьць дзьве фэрмы — адна на 200, другая на 70 галоў, цялятнік ёсьць. У даярак па 300 — шалёная праца, гэта проста сьмешна. Пастухі па 180—200 маюць, цэлымі днямі пахаюць-пахаюць з раніцы да ночы. А муж эканамісткі, брыгадзір — 800. Ды няма тут ніякай справядлівасьці!”

* * *

СВК “Горка-агра”, у склад якога ўваходзіць і аднайменная вёска, бадай, ніколі не вылучаўся ў лік “перадавых”. Няўдобіцы, зноў жа неспрыяльнае геаграфічнае становішча... Тым ня менш тры гады таму пабудавалі тры так званыя прэзыдэнцкія дамкі. У адзін зь іх усялілася загадчыца жывёлагадоўчай фэрмы, 43-гадовая спадарыня Кумаш. Святлана Аляксандраўна нарадзілася ў Вільні, але ў Горцы з мужам, карэнным жыхаром, 11 год. Вось толькі з мовай пакуль праблемы.






Кумаш: “Беларускую мову не вывучала. Сын і муж, людзі, у асноўным, гавораць па-беларуску...”

Пра ўсяленьне суразмоўца ўзгадвае, што гэта быў “сьмех скрозь сьлёзы”.

Кумаш: (Сьмяецца.) “Рамонт, пабелка, афарбоўка — усё самі. Сантэхніка стаяла і голыя сьцены. Хлеўчык блёкавы — самі рабілі. Усялялі ў лістападзе — холадна. Муж трактарыстам 14 сэзонаў. Узімку ў іх маленькія заробкі, улетку па 500. І на “Кіраўцы” — а нормы вялікія...”

Вялікія нормы абслугоўваньня жывёлы і на фэрме, якую ўзначальвае Сьвятлана Кумаш — па 50 кароў на кожную даярку. Умовы ж працы, як той казаў, пакідаюць жадаць лепшага.

Кумаш: “На фэрме няма каму працаваць — моладзь не застаецца, старыкі сышлі на пэнсію. Тут доіцца ўсё ўручную. І выграбаньне гною. Дрэнны заробак, а ў 5 раніцы дойка і ўвечары дапазна. А ўлетку на пачатку першай прыходзім. Карова ў сярэднім 6 літраў дае. Калгас сабе не акупляе...”

Але гэта яшчэ што, кажа спадарыня Сьвятлана: маўляў, тое, што адбываецца ў тутэйшай школе, самі дзеці называюць “поўным экстрымам”. З завучам па выхаваўчай працы спадарыняй Загдай сустракаемся ля будынку былой спартзалі. На перапынках настаўнікі па чарзе дзяжураць, каб паблізу не зьяўляўся ніводзін з 46 вучняў. Ніна Іванаўна тлумачыць...






Загдай: “Гадоў 20 у такім стане аварыйным. Дах — будзе град, абваліцца. Сьцены тое самае — рухнуць. Былі на балянсе калгасу. Паколькі стаў стратным — і заля ў такім стане. Мы ўжо ў розныя інстанцыі зьвярталіся, бацюшка з царквы, чатыры разы паказвалі па БТ — ніякіх вынікаў...”

Ну й, нарэшце, спрабуем трапіць у месца, да якога не дабраўся мінулым разам краязнаўца Бурачэўскі. Едзем да крыніцы са сьвятой вадой, якую, кажуць, ведаюць за сотні кілямэтраў. Зь Менску днямі прыяжджалі нават удзельнікі рок-гурту “Тяни-толкай”. Гэтым разам нашым гідам выступае памянёная цётачка Марыя Карніенка. Па дарозе ўдараецца ва ўспаміны.

Карніенка: “Раней у нас было весела, людна. Людзі раненька бегалі да сьвятой крынічкі памыцца, у збаночак набраць. Ніхто ня бег у горад...”

Карэспандэнт: “Калі ж пабеглі?”

Карніенка: “Пры Савецкай уладзе, бо калгасу збаяліся, мала зараблялі і зямлю аднялі. Я ўпраўлялася з мужчынамі касіць, ткаць умею — з маіх рук нічога не вывальвалася. У калгасе першы працаўнік была...”

У спадарыні Марыі асабістая трагедыя — сын ад нараджэньня псыхічна хворы. Па агульнай думцы вяскоўцаў, кабета цягне свой крыж самаахвярна.

Карніенка: “Кажуць, аддай куды сына. А я кажу — хай вочы возьмуць і сэрца, і душу грэшну — мне так яго шкада! І плачу, і малюся, адзець-абуць трэба. Але ніколі веру сваю ня кіну, якія нудоты ні ёсьць. Бог пакараў мяне горам — трэба цярпець. Хроснае знаменьне, крыж накладаюцца для асьвячэньня душы і цела на правае і левае плячо — каб мы маглі працаваць. І ўстаць трэба зранку — “слава табе, Гасподзь, за прайшоўшую ноч і блаславі на бліжэйшы дзень!” Другі раз дадуць які рубель грошай — я іх не бяру! Грэх! Пайду ў цэркаўку, напішу цыдулачку, хай бацюшка памоліцца, сьвечачку пастаўлю...”

Цётка Марыя не перастае апавядаць тутэйшыя паданьні з глыбіні вякоў.

Карніенка: “Шчэ раскажу пра камень наш. Пётар першы прыяжджаў сюды. На Георгія людзі пад камень лазяць — каму сьпіна баліць, каму што — збаўляліся. Адзін плюнуў на гэты камень. Толькі дайшоў да працы, аднялася мова, адны толькі мацюкі. І ён 8 год праляжаў, толькі пляваўся. І ішла яго жонка з двума дзеткамі. Стала плакаць — “мой жа дурань саграшыў быў”. Не апагань сьвятыню, бо гэта вялікі грэх...”

Наш эмацыйны гід прапануе і нам зь Міхасём тройчы пралезьці пад камянямі — “на шчасьце”. Адказваем са сьмехам, што другім разам — “калі схуднеем да памераў вужоў”. Спадар жа Бурачэўскі, які папярэдне шмат чаго начытаўся пра Горку з розных гістарычных крыніцаў, даводзіць мне:

Бурачэўскі: “Паводле мясцовых паданьняў, стаяла на гары царква і сьвяты камень. На наш погляд, тут было калісьці дахрысьціянскае капішча. Паводле некаторых досьледаў — паганскі магільнік. Прыносіліся ахвяры, і людзі маліліся сваім багам. І месца, паглядзі, дарэчнае. Забрацца на горку даволі цяжка. Хоць некаторыя дасьледчыкі лічаць, што тут была сталіца Міндоўга. Але малаверагодна, бо невядома, дзе ён нарадзіўся...”

Карэспандэнт: “А тое, што мясцовыя рэкамэндуюць тройчы пралезьці пад гэтымі камянямі — гэта праява паганства?”

Бурачэўскі: “Больш за ўсё. Мы ў Беларусі ня надта моцныя вернікі, у нас шмат паганскіх звычаяў. І тое, што бачым у Горцы — народны абрад, і людзі вераць. А значыць, камусьці і дапамагае...”

А вось і сама, як лічыцца, сьвятая крыніца. Акуратнае вядзерца, якім можна чэрпаць ваду. Усё — пад драўляным, зробленым пад старажытнасьць зрубам. Дапраўды, некалькі выпітых кубкаў зь пякучай, халоднай вадой тут жа здымаюць дарожную стому. Цётка Марыя расчуленая...





Карніенка: “Ну такая чыстая вада, не паверыце! Трэба чысьціць толькі, бо людзі бутэлек накідалі. Пакуль тая крынічка будзе плыць, усё ў нас будзе па-божаму...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG