Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс хімзаводу вырашыць мясцовы рэфэрэндум?


Мітынг у пасёлку Дружны супраць пабудовы хімзаводу, 24 сакавіка

Мітынг у пасёлку Дружны супраць пабудовы хімзаводу, 24 сакавіка

Разгортваецца канфлікт вакол пабудовы заводу пэстыцыдаў у Пухавіцкім раёне. Узьвесьці яго хоча расейская кампанія “Август-Бел”. Жыхары-за рэфэрэндум.


Супраць прадпрыемства пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслачы, Рудзенска, Дукоры ды іншых паселішчаў.

Дэпутат Сьвіслацкага пасялковага савету Пухавіцкага раёну Вольга Харламава перакананая, што паводле міжнародных нормаў думку жыхароў, якім давядзецца жыць побач з такімі вытворчасьцямі, трэба ўлічваць:

“Адзінае выйсьце — мясцовы рэфэрэндум. Бо да ўсіх магчымых міністраў, іх намесьнікаў дайшлі. Усе магчымыя рашэньні ўжо ёсьць, пачынаючы з таго, што тры адмоўныя ацэнкі Акадэміі навук для заводу “Август-Бел” былі адкліканыя чацьвёртым рашэньнем, у якім напісана, што гэта ўсё нібыта цудоўна, а жыхары не разумеюць, што такое хімія. Але нашыя жыхары побач з гэтай хіміяй жывуць з моманту заснаваньня Сьвіслачы і Дружнага. Хімікаў тут хапае, і сваю прафэсійную думку яны рэгулярна выказваюць”.

"ПАЛІТЫЗАВАЦЬ СЫТУАЦЫЮ ВАКОЛ "АВГУСТ-БЕЛ" РАНА"

Гэтак мяркуе намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч, які мае дом у Пухавіцкім раёне і быў дэпутатам райсавету папярэдняга скліканьня.

На думку спадара Міхалевіча, цяпер Пухавіцкі раённы савет цалкам падкатрольны выканаўчай уладзе, там няма ніводнага незалежнага дэпутата, і хоць у душы многія супраць будаўніцтва заводу ядахімікатаў, публічна ніхто сказаць ня можа.

“Партыя БНФ падтрымлівае гэтыя пратэсты насельніцтва, нашы актывісты са Сьвіслачы, Дружнага прымаюць у іх удзел. Мы лічым, што ў сёньняшніх умовах якія б прыгожыя абяцаньні не былі наконт высокіх экалягічных стандартаў, яны выконвацца ня будуць. Пакуль што мы робім усё магчымае, каб вырашыць праблему празь мясцовых людзей, жыхароў. Калі можна вырашыць гэтую праблему без палітызацыі, то гэта трэба рабіць менавіта такім чынам. Пакуль што рабіць нейкія гучныя партыйныя заявы рана, яшчэ ня ўсё зроблена на месцы”.

Міхалевіч мяркуе, што калі да выбараў у Нацыянальны сход сытуацыя вакол будаўніцтва заводу ядахімікатаў ня будзе вырашана, то пра яе будуць актыўна гаварыць і кандыдаты ў дэпутаты.

Як мясцовы жыхар, Алесь Міхалевіч не хацеў бы, каб ягоныя дзеці жылі побач з гэтым аб’ектам:

“Таму я зраблю таксама ўсё, каб гэтага прадпрыемства побач са Сьвіслаччу, Дружным Мар’інай Горкай не было”.

17:00 СУД ПРЫМЕ РАШЭНЬНЕ Ў СПРАВЕ АБРАЗОЎСКАГА ЗАЎТРА

Сяргея Абразоўскага вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу супраць будаўніцтва хімзаводу ў пасёлку Дружны. Рашэньне будзе абвешчанае заўтра. Актывіст ініцыятыўнай групы мяркуе, што яно будзе для яго адмоўным. Спадар Абразоўскі кажа, што гэткае меркаваньне ў яго склалася ў выніку ўсяе хады судовага працэсу:

“Суд разглядае справу з пункту гледжаньня абвінавачаньня, хоць павінен разглядаць усебакова. Матэрыялы не вывучаюцца, я запрасіў сьведкаў — суд мне адмовіў. Заўтра будзе зразумела, ці гэта была расправа, ці суд”.

Падтрымаць спадара Абразоўскага ў суд прыйшлі каля двух дзесяткаў жыхароў пасёлку. Сьведкамі ў судзе былі некаторыя ўдзельнікі мітынгу, на якіх таксама былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Зараз гэтым людзям таксама пагражае адміністрацыйнае спагнаньне. Адна зь іх — Алена Будкоўская:

“Людзі малайцы, самі прышлі, іх ніхто не запрашаў. І нават спрабавалі ўдзельнічаць у судзе, хоць гэта і забаронена. Заля была поўненькая”.


Хімзавод плянуе выпускаць некалькі відаў пэстыцыдаў. Спэцыялісты атэстуюць вытворчасьць першай клясай небясьпекі. Супраць прадпрыемства пратэстуюць жыхары пасёлку Дружны, Сьвіслачы, Рудзенску, Дукоры, а таксама іншых паселішчаў. Актывісты ініцыятыўнай групы больш за паўгода вядуць перапіску з усімі зацікаўленымі міністэрствамі. Людзі дамагаюцца незалежнай тэхналягічнай і экалягічнай экспэртызы, бо ня вераць афіцыйным заявам уладаў пра бясьпечнасьць вытворчасьці.

Тацяна Рысявец — хімік паводле адукацыі. Яна займае адпаведную пасаду на ТЭЦ-5. Вось што яна кажа пра небясьпеку вытворчасьці:

“Пэстыцыды, гербіцыды і фунгіцыды — яны аб’яднаныя адной агульнай назвай: ядахімікаты. Яны не выводзяцца, як і радыёнукліды, а назапашваюцца ў арганізьме. Яны выклікаюць алергічныя і лёгачныя захворваньні, маюць канцэрагенны ўплыў і ўзмацняюць анкалягічныя захворваньні. Адкіды, якія таксама ўтрымліваюць пэстыцыды, будуць спальвацца. У выніку будзе ўтварацца дыяксін — наймацнейшая атрута. Будаўніцтва плянуецца без ачышчальных збудаваньняў. Гэта значыць, што будзе забруджвацца зямля, вада і паветра. Вось гэтыя акалічнасьці прыводзяць да таго, што людзі згодныя ісьці да канца: да рэфэрэндуму і да міжнародных судоў”.

Днямі ў пасёлку Дружны адбыўся сход грамадзкасьці з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў, абласных і мясцовых уладаў. Ягоныя ўдзельнікі паведамляюць, што чыноўнікі працягваюць настойваць на будаўніцтве, а мясцовыя жыхары — на мясцовым рэфэрэндуме пра мэтазгоднасьць хімзаводу пад вокнамі сваіх дамоў.

"УСЕ ГЭТЫЯ РЭФЭРЭНДУМЫ ПРОСТА СЬМЕШНЫЯ"

Спэцыяліст прадстаўніцтва расейскай кампаніі «Август» у Беларусі, які не захацеў назваць свайго імя, пракамэнтаваў «Свабодзе» сытуацыю вакол будаўніцтва заводу пэстыцыдаў пад Менскам і ініцыятыву правядзеньня мясцовага рэфэрэндуму:

«Спэцыялісты павінны займацца гэтымі справамі і даваць кампэтэнтную ацэнку таму ці іншаму прадпрыемству, а ўсе гэтыя рэфэрэндумы проста сьмешныя... Ці мала чаго людзі ня хочуць, ёсьць інтарэсы дзяржавы, можа, людзі часам чагосьці не разумеюць, а можа іх выкарыстоўваюць па-чорнаму толькі для таго, каб прасунуць чыесьці інтарэсы».

Прадстаўнік кампаніі «Август» мяркуе, што спэцыялісты нясуць адказнасьць за пабудову і працу новага заводу:

«А тое, што простыя людзі супраць, дык заўтра вы ім патлумачце, што цэны на прадукты харчаваньня значна вырастуць, як ва ўсім сьвеце. А бяз гэтых сродкаў захаваць вялікія ўраджаі проста магчымасьці няма».

АКАДЭМІЯ НАВУК ТРОЙЧЫ АДМАЎЛЯЛА Ў БУДАЎНІЦТВЕ ХІМЗАВОДУ

Акадэмік НАН Беларусі Аляксандар Вайтовіч мяркуе, што ніхто зь мясцовых жыхароў ня будзе задаволены суседзтвам з заводам пэстыцыдаў.

“Але ва ўсіх краінах іх будуюць... А мы такія чысьценькія будзем і пухнатыя ... Так мы да таго дойдзем, што ўвесь прагрэс міма нас пройдзе... Мноства краінаў маюць такія заводы, выкарыстоўваюць гэтыя прэпараты. Іншая справа, што гэта трэба ўсё рабіць якасна, каб выконваліся ўсе правілы бясьпекі. Пытаньні ж у тым, дзе разьмяшчаць, у якім месцы, каб больш бясьпечна было для навакольнага асяродзьдзя і людзей...“

Спадар Вайтовіч перакананы, што патрэбен кампраміс, што перш, чым будаваць трэба дамовіцца зь мясцовымі жыхарамі. Між іншага, акадэмік Вайтовіч вельмі зьдзіўлены тым, што Нацыянальная акадэмія навук тры разы давала адмоўнае заключэньне наконт будаўніцтва заводу ядахімікатаў у Пухавіцкім раёне, а потым перадумала і дала станоўчае. “Такая непасьлядоўнасьць прынамсі насьцярожвае,” – кажа ён.

"ЗАВОД МОЖА ВЫБУХНУЦЬ, ЯК У БЯЛГРАДЗЕ"

Выбух на заводзе ў Бялградзе

Спэцыялісты апасаюцца, што вытворчасьць на хімзаводзе ў Дружным будзе небясьпечнай і пагражаць выбухамі. Намесьнік начальніка цэху ТЭЦ-5, хімік Тацяна Рысявец:

“Днямі БТ паказала рэпартаж пра тое, што ў 40 кілямэтрах ад Бялграду выбухнуў завод пэстыцыдаў. І ядавітае воблака дайшло да Бялграду, і там ёсьць пацярпелыя. Гэтая вытворчасьць – аналягічная. Тут будуць выкарыстоўвацца легказагаральныя вадкасьці, і выбух таксама ня выключаны.

Не плянуецца ачышчальных установак, а гэта значыць, што ўсё будзе пераходзіць у глебу і мясцовую раку Сьвіслач. Акрамя таго, адкіды будуць спальвацца. А гэта значыць, што будзе забруджанае і паветра. Акрамя таго, тут плянуюць спальваць пэстыцыды і гербіцыды, якія назапасіліся ў краіне пратэрмінаванымі. Гэта ўсё будзе асядаць і будзе накоплівацца.”

15:00 ПАЧАЎСЯ СУД НАД СЯРГЕЕМ АБРАЗОЎСКІМ
У судзе Пухавіцкага раёну распачаўся суд над Сяргеем Абразоўскім. Яго вінавацяць за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу супраць будаўніцтва хімзаводу. Працэс вядзе судзьдзя Сьвятлана Акуліч.

ЛЁС ХІМЗАВОДУ ВЫРАШЫЦЬ МЯСЦОВЫ РЭФЭРЭНДУМ


Пра гэта заявіла “Свабодзе” дэпутат Сьвіслацкага пасялковага савету Пухавіцкага раёну Вольга Харламава.

Дэпутат мяркуе, што фармальна згода Сьвіслацкага пассавету не патрабуецца, бо хоць завод «Август-Бел» і разьмяшчаецца побач зь яе пасёлкам, але на тэрыторыі іншага сельсавету—Дукорскага. Тым ня меней, паводле міжнародных нормаў, меркаваньне жыхароў, якім давядзецца жыць побач з такімі вытворчасьцямі, трэба ўлічваць.

АРГАНІЗАТАРА ПРАТЭСТУ АДДАЮЦЬ ПАД СУД

Сёньня ў 14 гадзін у судзе Пухавіцкага раёну пачнецца працэс над жыхаром пасёлка Дружны Сяргеем Абразоўскім за пратэсты супраць хімзаводу.

Яго вінавацяць у арганізацыі недазволенага мітынгу пратэсту супраць будаўніцтва заводу па вытворчасьці ядахімікатаў. Спадару Абразоўскаму пагражае да 15 сутак арышту.

Паводле спадара Абразоўскага, на суд прыйдуць ягоныя паплечнікі:

“Сярод нас дастаткова людзей, якія гатовыя адстойваць свае грамадзянскія і канстытуцыйныя правы. Гэта ня суд, а расправа. Мяне абвінавачваюць у арганізацыі. Але сапраўдны арганізатар -- намесьнік старшыні Савету міністраў Беларусі Іван Бамбіза, гэта ён загадаў арганізаваць сход грамадзян да 21 сакавіка Менскаму абласному выканкаму, Пухавіцкаму райвыканкаму і ўсім зацікаўленым. Ягоныя саўдзельнікі – мясцовыя ўлады і судзьдзі, якія забаранялі нам правядзеньне пікетаў і мітынгаў. Людзі выйдуць на мітынг без дазволу, калі ім увесь час забараняюць”.

ХІМЗАВОД УЗЬНЯЎ НАРОД

Завод хоча пабудаваць расейская прыватная кампанія «Август-Бел». Хімзавод плянуе выпускаць некалькі відаў пэстыцыдаў, спэцыялісты вызначаюць гэтую вытворчасьць паводле першай клясы небясьпекі. Супраць прадпрыемства пратэстуюць жыхары пасёлка Дружны, Сьвіслачы, Рудзенска, Дукоры, а таксама іншых паселішчаў. Тут спрабавалі будаваць першую ў Беларусі атамную станцыю, а ў выніку ў пасёлку Дружны аселі перасяленцы з чарнобыльскіх рэгіёнаў. Гаворыць мясцовая жыхарка Галіна Чыгір:

“Усе супраць гэтага хімзаводу. І на працы, і ўсюды людзі пра гэта кажуць. Што не пабудавалі атамную станцыю, дык пабудуюць хімзавод. Не памерлі ад атаму, дык памром ад хіміі”. ДАЛЕЙ ГЛЯДЗІ ТУТ

.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG