Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта прымушаюць уступаць у “Белую Русь”?


Апошнім часам зьяўляецца шмат зьвестак, што ў працоўных калектывах людзей прымушаюць уступаць у грамадзкае аб’яднаньне “Белая Русь”. Дзеля чаго ўладам патрэбна масавасьць гэтай арганізацыі? Якая верагоднасьць, што Лукашэнка стане лідэрам “Белай Русі”?


Удзельнікі: Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць за круглым сталом “Экспэртызы "Свабоды” галоўны рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль і галоўны рэдактар часопісу “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч.

Дзеля чаго патрэбна масавасьць?

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч:
“Грамадзкае аб’яднаньне “Белая Русь” налічвае ўжо 75 тысяч чальцоў і працягвае хутка расьці. На першым этапе стварэньня гэтай арганізацыі ў яе прымушалі ўступаць найперш супрацоўнікаў сыстэмы адукацыі. Магчыма, таму, што яе лідэрам стаў міністар адукацыі Радзькоў. Цяпер прыходзяць зьвесткі, што людзей прымушаюць уступаць у “Белую Русь” у шмат якіх працоўных калектывах. Навошта гэта робіцца? Дзеля чаго ўладам патрэбна масавасьць гэтай арганізацыі?”

Аляксей Кароль:
“Гэта звычайная схема ўлады, калі яна стварае праўладную арганізацыю. Добры прыклад — БРСМ. Праўладная арганізацыя павінна ўражваць насельніцтва сваёй масавасьцю. Гэта схема імітацыі. Яна патрэбна для легітымізацыі ўлады, напрыклад, на выбарах”.

Андрэй Казакевіч: “Для стваральнікаў гэтай арганізацыі масавасьць — гэта неабходная ўмова, каб атрымаць палітычны капітал. Малаколькасная арганізацыя ня будзе мець палітычнай вагі. Яна павінна расьці як тэрытарыяльна, так і функцыянальна. Такая лёгіка існаваньня ўсіх грамадзка-дзяржаўных арганізацый. Прычым масавасьць — вынік ня толькі ціску зьверху, але й імкненьня мясцовых кіраўнікоў прадэманстраваць працу”.


Партыя ці грамадзкае аб’яднаньне?

Карбалевіч: “Калі “Белая Русь” толькі стваралася, шмат хто казаў, што фармуецца партыя ўлады накшталт “Адзінай Расеі”. Аднак новая структура існуе ў форме грамадзкага аб’яднаньня. Чаму? Дарэчы, калі казаць пра партыю ўлады, то туды гвалтам не заганяюць, людзі самі ідуць, каб мець службовыя пэрспэктывы. Напрыклад, уступленьне ў КПСС было жорстка рэглямэнтавана. А вось у “Белую Русь” прымушаюць уступаць”.

Кароль: “На самым дзяржаўным версе яшчэ ня вызначыліся, што рабіць зь “Белай Русьсю”. Далейшы лёс арганізацыі залежыць ад таго, як будуць разьвівацца падзеі ўнутры краіны і за яе межамі.

Цяпер “Белая Русь” зьбіраецца актыўна ўдзельнічаць у выбарах Палаты прадстаўнікоў, будзе мець там шмат дэпутатаў. Вось пасьля выбараў, магчыма, і будзе прынятае канчатковае рашэньне, ператвараць яе ў партыю ці не.

Трэба сказаць, што беларуская схема імітацыі шматпартыйнай сыстэмы адрозьніваецца ад расейскай. Там, у Расеі, мадэль больш дэмакратычная.

Лукашэнка — харызматычны лідэр. Ён увасабляў у сабе і партыю, і масавую падтрымку народа. Таму пераход да прапарцыйнай выбарчай сыстэмы з існаваньнем партыі ўлады выклікае ў яго шмат перасьцярог”.

Казакевіч: “Я згодзен, што гэты праект недапрацаваны. Пакуль ствараецца структура, а арганізацыйная форма яшчэ не істотная. Пры той мажарытарнай выбарчай сыстэме, якая існуе ў Беларусі, стварэньне партыі не дае перавагаў. Грамадзкае аб’яднаньне — гэта мякчэйшы варыянт.

Акрамя таго, не існуе кансэнсусу па гэтым пытаньні сярод кіроўнай эліты. Частка яе ня вельмі хоча стварэньня паралельнай структуры”.


Ці стане Лукашэнка лідэрам “Белай Русі”?

Карбалевіч: “Зьявілася інфармацыя, што Пуцін пасьля заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў стане лідэрам партыі “Адзіная Расея”. А ці магчымая сытуацыя, што Лукашэнка стане лідэрам “Белай Русі”?”

Кароль: “У Расеі існуе сыстэма, у рамках якой партыя “Адзіная Расея” мае рэальную ўладу. Таму лягічна, што Пуцін узначаліў гэтую партыю.

У Беларусі я выключаю магчымасьць, што Лукашэнка ўзначаліць “Белую Русь” ці то ў выглядзе партыі, ці то грамадзкай арганізацыі. Ён ніколі пакуль не выказваў імкненьня гуляць у такую гульню”.

Казакевіч: “Усё залежыць ад таго, у што гэтая арганізацыя ператворыцца. Але, думаю, такі варыянт неверагодны, прынамсі ў блізкай пэрспэктыве. Калі цяпер Лукашэнка ўзначаліць “Белую Русь”, то яна фактычна ператворыцца ў нейкі варыянт Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Цяжка будзе знайсьці для яе нейкае спэцыфічнае функцыянальнае месца.

Думаю, Лукашэнка ня будзе займаць у “Белай Русі” кіраўнічых пасадаў. А сама арганізацыя ня будзе выконваць ролю цэнтральнай структуры. Яна будзе граць ролю інфраструктуры для выкананьня іншых задач”.


“Белая Русь” і выбары

Карбалевіч: “Якую ролю адыграе “Белая Русь” падчас выбараў Палаты прадстаўнікоў?”

Кароль: “Імітацыйную ролю. Дэпутаты ад “Белай Русі” разам зь Лібэральна-дэмакратычнай партыяй Гайдукевіча, Камуністычнай партыяй Беларусі будуць імітаваць існаваньне ў Беларусі дэмакратычнай плюралістычнай шматпартыйнай сыстэмы”.

Карбалевіч: “Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у большасьці беспартыйныя, але поўнасьцю ляяльныя Лукашэнку. Хай сабе ў наступным складзе будуць такія ж ляяльныя дэпутаты, але яны будуць сябрамі “Белай Русі”. І што гэта дае ўладам?”

Кароль: “Сёньня Лукашэнка сьцьвярджае, што ў нас такая ж дэмакратычная сыстэма, як у Аўстрыі ці якой іншай краіне. І таму ствараецца вонкава дэмакратычная сыстэма, хоць сутнасьць яе іншая”.

Карбалевіч: “Тут нават ілюзія шматпартыйнасьці не атрымаецца, бо “Белая Русь” — усё ж такі ня партыя”.

Казакевіч: “Я ня думаю, што пры стварэньні “Белай Русі” імітацыя дэмакратыі — гэта нешта істотнае. Падаецца, што галоўнае — фармаваньне гэтай арганізацыяй сьпісу будучых дэпутатаў ад улады”.

Карбалевіч: “Навошта гэта ўладам? Калі раней гэтую працу добра рабіла вэртыкаль, то навошта цяпер яе аддаваць “Белай Русі”? Гэта ж стварае дваяўладзьдзе”.

Казакевіч: “Можа быць шмат інтэрпрэтацый, навошта ствараецца “Белая Русь”. Адна з самых праўдападобных вэрсій такая. “Белая Русь” ствараецца як элемэнт процівагі бюракратыі. Ствараецца паралельная структура, якая была б абсалютна ляяльная Лукашэнку.

Гэта будуць іншыя людзі са сваімі групавымі інтарэсамі. І Лукашэнка атрымлівае магчымасьць гуляць, пераразьмяркоўваючы функцыі паміж першымі і другімі. Гэта дае больш магчымасьці для манэўру”.

Гэта асабліва важна ў пляне пераемнасьці вышэйшай улады. “Белая Русь” ствараецца для чалавека, які прыйдзе пасьля Лукашэнкі”.

Кароль: “Цяжка ўбачыць у гэтай структуры спробы людзей у атачэньні Лукашэнкі стварыць мэханізм зьмены ўлады”.

Казакевіч: “Я з гэтым згодзен. Але маю на ўвазе варыянт, калі на наступныя прэзыдэнцкія выбары Лукашэнка ня будзе балятавацца, а вылучыць свайго сына. Віктару Лукашэнку спатрэбіцца нейкая апора. І вось у межах гэтай лёгікі і можа ляжаць сэнс існаваньня новай структуры, якая была б часткова аўтаномнай ад наяўнага бюракратычнага апарату”.

Кароль: “Цяперашняя сыстэма ўлады ня мае мэханізму дзеяньня на выпадак форсмажорных падзей. Магчыма, фармаваньне “Белай Русі” — гэта спроба стварыць такі мэханізм”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG