Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хімзавод узьняў народ


У часе мітынгу, за арганізацыю якога судзяць С.Абразоўскага .

У часе мітынгу, за арганізацыю якога судзяць С.Абразоўскага .

Сёньня ў судзе Пухавіцкага раёну адбудзецца суд над жыхаром пасёлка Дружны Сяргеем Абразоўскім. Яго вінавацяць у арганізацыі недазволенага шэсьця і мітынгу пратэсту супраць будаўніцтва заводу па вытворчасьці ядахімікатаў.



Завод хоча пабудаваць расейская прыватная кампанія «Август-Бел». Актывісты ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва хімзавода шмат разоў зьвярталіся да мясцовых уладаў з заявай аб правядзеньні мітынгаў, аднак заўсёды атрымлівалі адмову. У выніку 22 сакавіка ў пасёлку Дружны адбылася несанкцыянаваныя акцыя пратэсту. За гэта Сяргея Абразоўскага выклікаюць у суд. С.Абразоўскі кажа:

“Улады паказалі няздольнасьць працаваць са сваім народам. Народ і ягоныя патрэбы ня маюць для іх ніякага значэньня. Мы ведаем, што будаўніцтва гэтага прадпрыемства не павінна адбыцца ў нашым густанаселеным рэгіёне. А таму мы будзем змагацца і надалей”.

Хімзавод плянуе выпускаць некалькі відаў пэстыцыдаў, спэцыялісты вызначаюць гэтую вытворчасьць паводле першай клясы небясьпекі. Супраць прадпрыемства пратэстуюць жыхары пасёлка Дружны, Сьвіслачы, Рудзенска, Дукоры, а таксама іншых паселішчаў. Тут спрабавалі будаваць першую ў Беларусі атамную станцыю, а ў выніку ў пасёлку Дружны аселі перасяленцы з чарнобыльскіх рэгіёнаў. Гаворыць мясцовая жыхарка Галіна Чыгір:

“Усе супраць гэтага хімзаводу. І на працы, і ўсюды людзі пра гэта кажуць. Што не пабудавалі атамную станцыю, дык пабудуюць хімзавод. Не памерлі ад атаму, дык памром ад хіміі”.

Актывісты ініцыятыўнай групы больш за паўгода вядуць перапіску з усімі зацікаўленымі міністэрствамі. Але не зважаючы на мясцовых жыхароў улады заяўляюць, што завод расейскай кампаніі прайшоў усю неабходную тэхнічную й экалягічную экспэртызу. Людзі ня вераць афіцыйным заявам пра бясьпечнасьць вытворчасьці -- пра гэта гаварылі шматлікія ўдзельнікі мітынгу. На ўсіх, хто браў слова, складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Сярод іншых -- інжынэр мясцовай ТЭЦ Юры Паўлючэнка:

“Людзей ніхто ня слухае. А вось гэтыя ўсе лічбы, што ўсё ў норме – яны падагнаныя пад канчатковую мэту. І калі ня будзе нармалёвага канчатковага рашэньня, не прыслухаюцца да нас.... Будзем змагацца”.

Як паведамляюць актывісты ініцыятыўнай групы, мясцовыя жыхары ініцыююць правядзеньне незалежнай тэхнічнай і экалягічнай экспэртызы, а таксама мясцовы рэфэрэндум пра мэтазгоднасьць будаўніцтва хімзаводу.

Днямі ў пасёлку Дружны адбыўся сход грамадзкасьці з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў, абласных і мясцовых уладаў. Ягоныя ўдзельнікі паведамляюць, што чыноўнікі і мясцовыя жыхары засталіся пры сваіх ранейшых перакананьнях. Канчатковае рашэньне павінен прыняць урад .

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG