Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны раз, калі чую пра пляны стварэньня адмысловага міністэрства, якое будзе займацца выключна моладзьдзю, яе выхаваньнем у духу нацыянальнай ідэалёгіі, грамадзкай самасьвядомасьці і патрыятызму, я стаўлюся да гэтага з насьцярожанасьцю і недаверам. У такіх выпадках я шчасьлівы, што гэта ўжо мяне не датычыць і што я не жыву ў Рэспубліцы Беларусь.

Не магу быць патрыётам Рэспублікі Беларусь, бо жыву на гэтым сьвеце даўжэй чым існуе гэты афіцыйны назоў дзяржавы. Для мяне гэта гучыць гэтак жа недарэчна, як быць патрыётам Расейскай Фэдэрацыі, “саюзнай дзяржавы”, альбо Эўразьвязу. Не хачу быць патрыётам дзяржавы, бо магу не пасьпець за зьменамі ейных афіцыйных назваў, ладу, кіраваньня ды ідэалёгіі. Не магу быць патрыётам краіны, якая беларускай зьяўляецца хіба што толькі з назвы, якая бясконца паклікаецца на свае савецкія традыцыі, альбо на Другую Усясьветную вайну, якая для нармальных людзей даўно закончылася, толькі ніяк ня можа закончыцца для нас. Лепш застануся на этапе ірацыянальнай і мэтафізычнай любові да Беларусі як да ідэі і ідэалу.

Усьведамленьне неабходнасьці патрыятычнага выхаваньня моладзі мне падаецца сапраўдным доказам слабасьці цяперашняй улады. Адносна лёгка можна разагнаць мітынг, аштрафаваць і пасадзіць за краты найбольш актыўных апазыцыянэраў, але нельга іх прымусіць любіць гэтую дзяржаву. Мне вельмі імпануе думка польскага палітыка і публіцыста Януша Корвіна-Міккэ, які сказаў: “Патрыятызм – гэта тое, што мы адчуваем а ня тое, пра што гаворым. Стаўленьне да краіны, да Радзімы не раўназначнае стаўленьню да дзяржавы, якая акупуе гэтую краіну. Я люблю маю краіну, не пакідаю яе, але ненавіджу дзяржаву, якая абкладае мяне вялізнымі падаткамі і патрабуе, каб я яе любіў. Не магу любіць злодзеяў і бандытаў якія кіруюць намі і душаць нас. З пункту погляду майго асабістага інтарэсу я даўно павінен быў кінуць ўсё гэта і зьехаць. Але ж я не зрабіў гэтага”.

Я пачаў адчуваць сябе беларусам у падлеткавым узросьце, калі карыстаючыся тым, што якраз у нас дома мясьцілася вясковая бібліятэка, я чытаў нібы апантаны ўсё, што там было. Ад чытаньня зьявілася цікаўнасьць да сьвету, да экзатычных краінаў, але таксама да сваёй моўна-культурнай адметнасьці, а разам з тым да беларускай гісторыі. Першыя ўласныя вершы і апавяданьні, надрукаваныя ў сьціплым выданьні “Ніва”, гонар ад якіх быў для падлетка параўнальным для іншага хіба што з атрыманьнем Нобэлеўскай прэміі, абудзілі цікаўнасьць да беларускай мовы. Чаму мае бацькі, родныя браты і сёстры, жывучы пад адным дахам і едучы той самы хлеб, ня ўмелі ясна акрэсьліць сваю нацыянальнасьць? Бо яны не чыталі таго, што было пад рукою. Любім тое, што ведаем, а лепш пазнаем тое, што любім.

У сваім натуральным асяродзьдзі ўсе мы жылі ва ўмовах нейкай дыхатаміі, з пачуцьцём раздвоенасьці і дыскамфорту – як праваслаўныя мы ня маем права называць сябе паўнавартаснымі палякамі, а з прычыны “простай” мовы – ня можам лічыць сябе беларусамі, хіба што “тутэйшымі”. Недзе з 70-х гадоў у Польшчы пачала праводзіцца палітыка монакультурнасьці. Яна зводзілася да фразы “усе мы жывем у Польшчы, значыць усе мы – палякі”. З гэтым сьведамым блытаньнем грамадзянства і нацыянальнасьці сутыкнуліся беларускія дзеячы, якія неяк былі наведаліся зь нейкай просьбай да міністра ўнутраных справаў. Калі яны загаварылі пра беларускасьць, той спытаўся: “А вы што – зь Беларусі? “ “Ды не. Мы з Польшчы, зь Беласточчыны ”, - адказалі. “Дык значыць вы – палякі. Трэба было адразу так казаць”. Актывісты апусьцілі вушы і страцілі ўсялякі рэзон, бо супраць такога аргумэнту не папрэш.

Беларускай сьвядомасьці нам на Беласточчыне не спрыяла ня толькі польская культурная экспансія. Мы ня мелі і ня маем апірышча ў моцнай, багатай, чыста беларускай дзяржаве. Нам ніхто ніколі не прапанаваў нечага накшталт “карты паляка”. Сама Беларусь асацыявалася ў нас з варварскай савецкасьцю, а цяпер асацыюецца з Лукашэнкам. Іншага нам ня дадзена. Ні адным ні другім не пахвалісься. Цяжка быць беларусам у чужой краіне, калі беларушчына амаль дашчэнту спляжаная ў самой Беларусі. Мы не знаходзілі і не знаходзім разумнага адказу на пытаньне нашых польскіх сяброў – чаму беларусы пераважна гавораць па-расейску і чаму значная частка, калі ня большасьць беларусаў, не даражаць сваёй незалежнасьцю і не надта хочуць яе.

Гэтая раздвоенасьць засталася нават у тых, хто разам з адукацыяй і перасяленьнем у горад ахвоча палянізаваўся, адкінуўшы сарамлівы баляст свайго галотна-вясковага, няпольскага паходжаньня. Жывучы ці то ў Варшаве ці ў Амэрыцы яны ўсё роўна адчуваюць, што – праўда – жывуць, як людзі, сваю беластоцкую вёску яны пакінулі, але вёска не пакінула іх. Я асабіста застаўся верны выбару, які зрабіў ў маладосьці. На старасьці гадоў магу памяняць толькі месцазнаходжаньне, але позна мяняць душу.

Няёмка гаварыць пра патрыятызм, калі згодна з клясычным вызначэньнем гэтага паняцьця, Радзіма не патрабуе ад нас рамантычнай ахвяры жыцьця і сама далучаецца альбо хоча далучыцца да большых супольнасьцяў кшталту саюзнай дзяржавы альбо Эўразьвязу. Людзі ўсё больш свабодна перамяшчаюцца, і сьвет адкрываецца шырэй, чым некалі вясковае загуменьне. Што нам застанецца ў сытуацыі перамогі касмапалітызму над патрыятызмам? Мяркую, што застанецца прынамсі нашая “малая Айчына” кшталту той-жа Беласточчыны.

На пытаньне: ці можна быць беларусам ніколі не жывучы ў межах БССР або Рэспублікі Беларусь, я адказваю станоўча. Думаю, што так. Я ня жыў і ніколі не хацеў жыць у такой Беларусі, якой яна зьяўляецца цяпер. Аднак ніхто не забароніць мне, і без патрыятычнага выхаваньня, любіць яе і ў меру сваіх сьціплых магчымасьцяў, ня толькі дзеля хлеба надзённага, маючы іншыя магчымасьці, працаваць на карысьць і з думкай пра сваю Бацькаўшчыну, ёй прысьвячаць сваё прабываньне на чужыне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG