Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч лічыць партнэраў недастатковымі эўрапейцамі


Мікола Статкевіч паведаміў, што Эўрапейская кааліцыя будзе балятавацца ў палату прадстаўнікоў па асобным ад АДС сьпісе – “эўрапейскім”.

Срэбны прызёр Алімпійскіх гульняў 1980 году ў грэка-рымскай барацьбе, шматразовы чэмпіён сьвету і Эўропы Ігар Каныгін будзе балятавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па так званым “эўрапейскім” сьпісе, – кажа адзін зь лідэраў “Эўрапейскай кааліцыі” Мікола Статкевіч. Паводле яго, у сьпісе ўжо 57 асобаў.

Паводле Міколы Статкевіча, на сёньняшні дзень у Эўрапейскую кааліцыю ўваходзяць тры палітычныя арганізацыі: БСДП (Народная Грамада), якая цяпер ствараецца зноўку, незарэгістраваная Партыя свабоды і і прагрэсу, зарэгістраваны ў Чэхіі "Малады фронт", а таксама жаданьне ісьці на выбары па “эўрапейскаму” сьпісу выказваюць некаторыя сябры "Руху "За свабоду" ў рэгіёнах.

Мікола Статкевіч паведаміў: у “эўрапейскі” сьпіс пакуль уключаныя прадстаўнікі чатырох абласьцей. На пытаньне, навошта гэта спатрэбілася, калі ўжо існуе сьпіс кандыдатаў ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, спадар Статкевіч адказвае:

“Мы заяўлялі ўмову (і гэта, дарэчы, у адпаведнасьці з утварэньнем Аб’яднаных дэмсілаў), каб адзіны сьпіс быў на эўрапейскай плятформе. Мы лічым выключна важным, каб да выбарцаў была данесеная эўрапейская ініцыятыва. Паколькі нашы неаднаразовыя заклікі былі ігнараваныя кіраўніцтвам АДС, дык, значыць, будзе “эўрапейскі” сьпіс”.

Да таго ж прэзыдыюм аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), які ўваходзіць у эўрапейскую кааліцыю, лічыць, што ў АДС паболела прарасейскіх настрояў.

Сустаршыня Палітрады АДС Анатоль Лябедзька з гэтым не пагаджаецца:

“У адзіным сьпісе 110 чалавек. 30 прадстаўляюць АГП, 26 ці 27 — БНФ, там ёсьць прадстаўнікі партыяў, якія ствараюць Севярынец, Навасяд, прадстаўнікі “Маладога фронту”, некалькі незалежных кандыдатаў. Гэта ўсё сілы зь ярка выражаным вэктарам на Эўропу. Гэта каля 70 канкрэтных людзей пэўных перакананьняў і поглядаў.

І калі нехта хацеў узмацніць эўрапейскасьць гэтага сьпісу, дык трэба было да яго далучыцца. І тады б было не каля 70 чалавек у ім, а значна больш”.

Палітоляг Юрась Чавусаў камэнтуе сытуацыю:

“На мой погляд, стварэньне яшчэ аднаго сьпісу для іншай кааліцыі накіраванае на падрыў адзінства дэмакратычных сілаў перад выбарамі. І таму пазытыўна да гэтага ставіцца цяжка. Шчыра кажучы, я ня бачу ў гэтым ніякіх плюсаў, акрамя захаваньня палітычнага аўтарытэту спадара Статкевіча і ягоных палітычных структураў.

Але, з другога боку, вялікай бяды ад стварэньня гэтага асобнага сьпісу таксама ня будзе”.

***
1 лістапада 2003 году ў Беларусі была створаная Эўрапейская кааліцыя “Свабодная Беларусь”, у якую ўвайшлі 22 арганізацыі. Сярод іх — Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада) Міколы Статкевіча ды жаночая партыя “Надзея” Валянціны Матусевіч, а таксама блёк “Свабодная Беларусь”, грамадзянская ініцыятыва “Хартыя’97”, грамадзкія арганізацыі — “Беларуская жаночая ліга”, “Адраджэньне Айчыны”, “Прыватная ўласнасьць”, грамадзянскія ініцыятывы “Мы памятаем!”, “Беларуская салідарнасьць” ды іншыя. З таго часу ў складзе кааліцыі адбыліся некаторыя зьмены. У лістападзе 2004 г. “Эўрапейская кааліцыя” аб’ядналася з кааліцыяй “Пяцёрка+” у Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG