Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкі суд цэлы дзень вызначаў суму штрафу


Судзьдзя Валянціна Нікіціна пакарала Людмілу Атакулаву за ўдзел у недазволенай акцыі штрафам у 1 мільён 225 тысяч рублёў. Аляксея Янушэўскага аштрафавалі на 105 тысяч.

Аляксей Янушэўскі кажа:
“На ўчорашнім паседжаньні я прысутнічаў. Судзьдзя тады заявіў, што суд пераносіцца на заўтра. І вось сёньня падышоў сакратар суду, паведаміў пра тры базавыя, даў расьпісацца ў паперах”.
Аляксей Янушэўскі і яшчэ шэраг актывістаў-маладафронтаўцаў прысутнічалі сёньня на паседжаньні суду, які разглядаў адміністрацыйную справу студэнткі Людмілы Атакулавай. Тут двойчы абвяшчалі працяглы перапынак. Аляксей кажа, што міліцыянты нарабілі пры затрыманьні актывісткі шмат памылак:
“Пры пратаколе няма рапартаў аб затрыманьні. Яны іх увогуле ня склалі. У пратаколе шмат памылак. Адвакат Аляксандар Галіеў увогуле заявіў, што ня можа разглядацца адміністрацыйная справа, паколькі яна складзена няправільна. Нават артыкул — не за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства, а за арганізацыю несанкцыянаванага пікету. А такога артыкулу няма цяпер у Адміністрацыйным кодэксе”.
8 красавіка Людміла Атакулава разам з паплечнікамі ладзіла пікет каля будынку суду, дзе праходзіў працэс над Касяй Салаўёвай. Міліцыянты разагналі пікет, затрымалі Аляксея Янушэўскага і адвялі ў суд. Потым, калі пасьля суду людзі ад’яжджалі ў Менск, аўтамабіль, у якім была Атакулава, міліцыянты спынілі, і дзяўчыну адвялі ў пастарунак, каб скласьці пратакол. На ноч яе адвезьлі ў Наваполацкі ізалятар.

***
Людміла Атакулава — студэнтка Вышэйшай школы турызму пры Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце. У апошнія два гады яе тройчы каралі арыштамі і штрафамі за ўдзел у акцыях апазыцыі.
Аляксей Янушэўскі вучыўся ў Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка на беларускай філялёгіі. На пачатку 2006 году Аляксея выключылі адтуль за палітычную дзейнасьць. Летась паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт. Далучыўся да “Маладога фронту” ў 2004 г. На пачатку 2006 году праходзіў як падазраваны ў крымінальнай справе ў дачыненьні да сябра МФ Артура Фінькевіча. Правёў некалькі дзён у ізалятары часовага ўтрыманьня. Аднак тады справа супраць Янушэўскага была спыненая.
XS
SM
MD
LG