Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеныя на Акрэсьціна спалі на голай падлозе


З турмы на Акрэсьціна, адседзеўшы 15 сутак, сёньня выйшлі ўсе затрыманыя за ўдзел у акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка .

19:45

У турме на Акрэсьціна застаецца Паліна Кур'яновіч, затрыманая 2 красавіка падчас акцыі каля расейскай амбасады. Яна мае выйсьці на свабоду 12 красавіка.

19:30

Апошнімі выйшлі на волю прадпрымальнік Віктар Калей і намесьнік старшыні “Маладога фронту” Артур Фінькевіч. Зьміцер Дашкевіч, які быў вызвалены раней сёньня, распавёў, што спаць даводзілася на голых дошках - усю камэру займае нешта накшталт зьбітай з дошак сцэны, на якой зьняволеныя праводзяць увесь час. На патрабаваньне выдаць матрацы, прадугледжаныя новым Адміністрацыйным кодэксам, супрацоўнікі турмы сказалі: “Няма ложкаў, дык матрацы не патрэбныя”. Перададзеныя з волі спальнікі да зьняволеных так ніколі і не дайшлі - іх вярнулі нераспакаванымі пры вызваленьні.

19:15

Вызвалены прадпрымальнік маладафронтавец Уладзімер Сяргееў.

19:05

Трое зьняволеных - Артур Фінькевіч, прадпрымальнікі Уладзімер Сяргееў і Віктар Калей - надалей застаюцца ў турме. Іх каля будынку турмы чакае каля 100 чалавек - бацькі, сябры, палітыкі, а таксама вызваленыя раней. На гэты момант істотна пахаладала. Міліцыя паводзіць сябе карэктна, але здымае ўсё на відэа. Сярод паплечнікаў Фінкевіча ёсьць меркаваньне, што яму маглі працягнуць тэрмін зьняволеньня.

18:00

Вызвалены намесьнік старшыні “Моладзі БНФ” Ільля Богдан. За кратамі яшчэ застаюцца Артур Фінькевіч, прадпрымальнікі Уладзімер Сяргееў і Віктар Калей.

17:20

Выйшаў журналіст Сямён Печанко. Яго сустракаюць калегі з Нашай Нівы, якія ўручылі яму букет кветак. Дашкевіч вярнуўся да турэмнай брамы, каб сустрэць сяброў. Са Старых Дарог прыехалі бацькі Зьміцера, яны знаходзяцца тут жа, ля турмы.

17:00

З турмы выйшаў Дзяніс Карноў, а таксама сябра арганізацыі Эўрапейская Беларусь Віталь Акімаў.

Прадпрымальніка Віктара Калея прыйшлі сустракаць прадпрымальнікі ня толькі зь Менску, але і з рэгіёнаў, маладафронтаўцаў і прадстаўнікоў Моладзі БНФ прыйшлі сустракаць больш як тры дзясяткі чалавек. Да турмы пад’ехаў аўтобус з міліцыянтамі.

14:00

Супрацоўнікі турмы на Акрэсьціна выпусьцілі раней на 5 гадзін да вызначанага тэрміну Зьміцера Дашкевіча пасьля пакараньня 15 суткамі арышту. Разам са Зьмітром у адной камэры знаходзілася 5 чалавек, затрыманых пад час сьвяткаваньня Дня волі ў Менску, у тым ліку журналіст “Нашай нівы” Сямён Печанко.


Зьміцер кажа, што за сваю палітычную кар’еру ў турме на Акрэсьціна ён пабываў 12 разоў. Пасьля быў вялікі перапынак, зьвязаны з тым, што ён адбываў тэрмін пакараньня ў Шклоўскай турме за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Ён гэтак ацаніў зьмены ў турэмным жыцьці на Акрэсьціна:


“Цяпер дзейнічае новы Адміністратыўны кодэкс, паводле якога забароненыя перадачы, адначасова адміністрацыя абавязаная забясьпечыць вязьняў матрацамі, бялізнаю, прагулкамі, хаця яны гэтага ня робяць, кажуць, што ня маюць ложкаў... А просім перадаць спальнікі - не, адказваюць, гэта забаронена. Просім вывесьці на шпацыр – адказваюць, што няма дворыку. Так што кодэкс нібыта палепшылі, а ўмовы сталі яшчэ горшымі. Што датычыць харчаваньня, дык на Валадарцы ці ў Шклове кормяць лепей, чым на Акрэсьціна”.


Зьміцер Дашкевіч кажа, што вязьні Акрэсьціна ведалі пра хвалю салідарнасьці зь імі, якая прайшла па Беларусі і ў сьвеце:


“Мы чыталі пра гэта ў газэтах, атрымлівалі перадачы... Так, безумоўна, мы адчуваем салідарнасьць і падтрымку сваіх паплечнікаў і сяброў увесь час, і гэта надае моцы і сілы дзеля далейшага змаганьня”.

***

88 удзельнікаў акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка затрымалі, калі яны намагаліся прарваць кардон міліцыі, каб выйсьці на плошчу Якуба Коласа – плянавае месца збору ўдзельнікаў сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР.

Лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч, яго намесьнік Артур Фінькевіч, сябра МФ Яраслаў Грышчэня і яшчэ некалькі затрыманых былі жорстка зьбітыя спэцназаўцамі. Грышчэню шпіталізавалі з вывіхам пляча. Менавіта тым, хто больш за ўсіх пацярпеў у часе затрыманьня, далі максымальны тэрмін арышту – 15 сутак.

Сёньня з турмы на вуліцы Акрэсьціна выходзяць маладафронтаўцы Артур Фінькевіч, Уладзімер Сяргееў, Дзяніс Карноў, прадпрымальнік Віктар Калей, моладзевы актывіст партыі БНФ Ільля Богдан, актывісты моладзевага руху Павал Севярын і Віталь Акімаў, а таксаам журналіст “Нашай Нівы” Сямён Печанко.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG