Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры саветах у Горадні палілі на вогнішчах кнігі


У Старым замку пасьля вайны знішчылі на вогнішчы мноства кніг
У Старым замку пасьля вайны знішчылі на вогнішчы мноства кніг

Сярод гарадзенскай інтэлігенцыі ўзьнікла задума стварыць каталёг страчаных каштоўнасьцяў, якія ў розны час былі вывезеныя і знаходзяцца ў іншых краінах.

Гэта датычыць і старых кніжных збораў. Праўда, кнігі ня толькі вывозілі, але таксама зьнішчалі на месцы. Пры савецкай уладзе ў Горадні палілі на вогнішчах кнігі.

Доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук апынуўся сярод тых, хто ствараў цяперашні аддзел рэдкай кнігі, што знаходзіцца ў музэі ў Новым замку, ён успамінае:

“У 1990-91 гадах праходзіла вялікая праца па стварэньні аддзелу рэдкай кнігі Гарадзенскага гісторыка-архэалягічнага музэю. Мы разьбіралі кнігі, якія былі на працягу дваццаці гадоў зваленыя ў пакоі, які не праветрываўся, вельмі моцна ацяпляўся, і кніжкі былі ў жудасным стане. Калі мы іх чысьцілі, вялі інвэнтарызацыю, мы даведаліся гісторыю гэтага кніжнага збору. Даведаліся пра жахлівыя карцінкі пасьляваеннай гісторыі, калі ў двары музэю проста паліліся стосы гэтых кніг, якія лічыліся нядобранадзейнымі. І частка ўнікальнай бібліятэкі, сабранай Юзафам Ядкоўскім з розных магнацкіх бібліятэк, на розных эўрапейскіх мовах, частка была проста спалена”.

Паводле Алеся Смаленчука, аўтадафэ на дзядзінцы Старога замку палалі ў пасьляваенныя гады:
У падворку дома Мураўёва палілі кнігі ў хрушчоўскую адлігу

“Калі не памыляюся, мы ацэньвалі даваенны фонд бібліятэкі музэю налічваў прыблізна дваццаць тысяч выданьняў. Калі мы ўсё гэта разабралі, у нас там было – магу трохі памыліцца – здаецца, каля дванаццаці тысяч выданьняў”.

Кнігі спальваліся таксама пазьней і ў іншым месцы — у падворку абласной бібліятэкі імя акадэміка Карскага. Яна мясьцілася тады ў доме купца Мураўёва ў стылі “мадэрн”, які пабудавалі напачатку ХХ стагодзьдзя.
Мы зьвярнуліся да знаўцы гісторыі кніг у Горадні прафэсара Аляксея Пяткевіча. Ён сказаў, што былі зьнішчаныя даваенныя зборы бібліятэкі.

Пяткевіч: “Даваенных кніг было многа, натуральна, што яны былі на польскай ды іншых замежных мовах. І яны, канешне, выкідаліся, спальваліся, словам, нішчыліся, як непатрэбныя”.

Высьветлілася, што жонка прафэсара Пяткевіча Марыя Міхайлаўна якраз працавала ў той час у абласной бібліятэцы. Яна памятае падворак у абласной бібліятэцы і вогнішча з кнігамі.

Марыя Пяткевіч: “А палілі кастры, вось касьцёр вялізны — там была арка, і празь яе можна было ў двор вялізны ўвайсьці, там як студня — з усіх бакоў дамы былі. Вось там палілі кнігі, у асноўным гэта былі кнігі на замежнай мове”.

Марыя Пяткевіч гаворыць, што палілі кніжкі прыблізна на самым пачатку 1960-х гадоў. Дарэчы, пры канцы 1961 году ўлады зруйнавалі гатычны касьцёл — Фару Вітаўта, які знаходзіўся паблізу абласной бібліятэкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG