Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвэстары з Аману плянуюць пабудаваць новы жылы і офісны цэнтар ў Менску. Аманскі праект мае ўзьнікнуць на тэрыторыі, расчышчанай ня толькі ад савецкай архітэктуры, але і будоваў другога гарадзкога шпіталя, колішняга комплексу Сьвятога Траецкага кляштару базыліянак, які пачаў узводзіцца ў 17-м стагодзьдзі.

Пляны аманскіх інвэстараў ахопліваюць 25 гэктараў плошчы, уключна з тэрыторыяй заводу імя Кірава (яго маецца вынесьці ў іншае месца) і вуліцай Янкі Купалы. У першым выпадку прапанаваны праект будаўніцтва жылога комплексу. А на месцы выставачнага цэнтру й 2-га клінічнага шпіталя плянуецца дзелавая забудова з гатэлем і спускам да «акультуранай» Сьвіслачы. У Менгарвыканкаме кажуць, што праекты задавальняюць абодва бакі. Генадзь Вырко, намесьнік старшыні Менгарвыканкаму, перакананы: арабскі калярыт не папсуе рэалій эўрапейскага Менску:

“Краіна, якая ня мае якіхсьці сваіх прыродных рэсурсаў, карысных выкапняў, энэрганосьбітаў, канечне, павінна разьвіваць у сябе, выкарыстоўваючы сваё геапалітычнае, геаграфічнае становішча, новыя магчымасьці. Станавіцца нейкім дзелавым цэнтрам. І замежныя інвэстары гэта дакладна разумеюць. Што да гэтай канцэпцыі, то яна распрацаваная перадусім з гледзішча ашчаднага стаўленьня да прыроды. То бок, гэта не якіясьці высотныя дамінанты, а гэта такія досыць камфортныя кварталы”.
Гісторык Уладзімер Дзянісаў зьвяртае ўвагу: паводле генэральнага пляну разьвіцьця Менска, гэтыя раёны падлягалі рэканструкцыі.

Але літаральна за некалькі дзясяткаў мэтраў ад анансаванай у раёне колішняй ВДНГ будпляцоўкі ўжо ёсьць прыклад нібыта аднаўленьня гістарычных помнікаў. У межах гістарычнага кальца на цяперашніх вуліцах Гандлёвай і Кірыла і Мятоды паўсталі навабуды, якія ня маюць ніякага дачыненьня да мэтадаў рэстаўрацыі. Аманскі праект маецца рэалізаваць у тым ліку на месцы 2-га гарадзкога шпіталя, за плотам якога можна бачыць фрагмэнты будынкаў кляштару базыліянак, які ўзводзіўся і перабудоўваўся ў 1630, 1799 і 1809 гадох. Комплекс адносіцца да помнікаў 2-й катэгорыі:

“Паводле сучаснага падыходу да захаваньня гісторыка-культурнай каштоўнасьці, у першую чаргу павінна захоўвацца аўтэнтычнасьць аб’екту і аўтэнтычнасьць яго матэрыялу – сапраўднасьць усіх яго элемэнтаў, якія дайшлі да нашага часу. Хачу падкрэсьліць: усе працы, зьвязаныя з помнікамі, павінны спрыяць захаваньню яго аўтэнтычнасьці альбо сапраўднасьці. А што тычыцца захаваньня муроўкі, то існуюць і нашы мэтодыкі, распрацаваныя нашымі рэстаўратарамі яшчэ ў 1970-80 гадох. А ўвогуле над гэтай тэмай працуюць усе інстытуты ў сьвеце, якія займаюцца захаваньнем спадчыны. Таму што галоўны падыход – нават не рэстаўрацыя, не рэканструкцыя аб’екта, а кансэрвацыя, якая прынятая ва ўсім сьвеце. На жаль, у нас усё гэта не выконваецца”.

Ці перажыве старадаўні кляштар "аманскі пэрыяд"?


Архітэктар Уладзімер Папруга летась перадаў на разгляд у Менгарвыканкам вынік сваёй 6-гадовай працы – плян рэканструкцыі і рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру Менску, які ня толькі вырашае праблему захаваньня спадчыны, але і разьвязвае праблему транспартнага патоку. Нягледзячы на тое, што чыноўнікі абяцалі ўзяць на ўзбраеньне тое-сёе з маштабнай працы, паралельнае “засваеньне” Верхняга горада працягваецца шпаркімі тэмпамі.

Гаворыць Уладзімер Папруга:

“Мы мелі ўнікальную мажлівасьць пры канцы 1990-х і напачатку новага тысячагодзьдзя папросту з чыстага ліста пачаць не засваеньне, скажам так, а рэканструкцыю і рэгенэрацыю гістарычнага цэнтру Менску – абсалютна лягічна, спакойна і бяз стрэсаў. Але ў 2004 годзе з будаўніцтвам рынкавага комплексу на Нямізе сытуацыя вельмі моцна ўскладнілася. Таму што гэта дало магчымасьць пранікненьня на ахоўваемую заканадаўствам тэрыторыю іншых аб’ектаў, якія ў такой самай лёгіцы прадукуюцца, будуюцца, плянуюцца і ў бліжэйшым часе будуць ужо ўзводзіцца на гэтай тэрыторыі”.

Прадстаўнік Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі лічыць, што ніводны праект ня можа прэтэндаваць на ісьціну ў апошняй інстанцыі. Але такога меркаваньня ён перадусім да прапановы спадара Папругі; аманскі ж на дзяржаўным узроўні не аспрэчваецца:
“Мы, нават разглядаючы праектную дакумэнтацыю, калі асабліва знакавыя аб’екты і могуць быць складаныя рашэньні, заўсёды патрабуем прадставіць у варыянтах. Каб можна было прааналізаваць адно, другое, трэцяе і выбраць найбольш прымальнае. І гэта закладзена ў той жа Вашынгтонскай хартыі, што рашэньне, ісьціна ляжыць дзесьці пасярэдзіне, а не з аднаго боку. Таму я так і стаўлюся да гэтай працы Папругі. Гэта меркаваньне аднаго чалавека, хоць яно падтрымліваецца, наколькі я ведаю, Таварыствам аховы помнікаў. Ну, але гэта аднабаковы погляд на гэту праблему”.

Цягам апошняга паўгода прадстаўнікі Дзяржаўнага рэзэрвовага фонду Султанату Аман чатыры разы прыяжджалі ў Менск і кожны раз знаходзілі поўнае паразуменьне з распараджальнікамі менскіх земляў. Такі ўзровень аднадумства аманцам падставу казаць пра тое, што будаўніцтва можна будзе пачынаць ужо пры канцы 2008 году.
XS
SM
MD
LG