Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня — Міжнародны дзень цыганоў.


У Беларусі, згодна з апошнім перапісам насельніцтва, які быў у 1999 годзе, амаль 10 тысяч цыганоў. Але этнічныя арганізацыі сьцьвярджаюць, што насамрэч іх значна больш — каля 60 тысяч.

Што ведаюць менчукі пра беларускіх цыганоў?

Дзяўчына: “Цыганы — вельмі палкія людзі, у іх такія добрыя танцы, яны такія прыгожыя! Але ў той жа час у іх ёсьць нейкая цемра”.

Спадар: “Пра цыганоў у народа меркаваньне ня вельмі станоўчае. Але я стараюся не зацыклівацца на стэрэатыпах і лічу, што сярод іх ёсьць выдатныя людзі. Ня ведаў, што сёньня іх сьвята. Віншую іх”.

Хлопец: “Цыганы — такія ж людзі, як і ўсе іншыя нацыі. Жывуць у міры і дружбе з намі. А тое, што ў любой нацыі ёсьць свае нюансы, дык і ў нас іх поўна”.

Карэспандэнтка: “Што вы ведаеце пра беларускіх цыганоў?”

Хлопец: “Зусім нічога”.

Карэспандэнтка: “Ніколі зь імі не сутыкаліся?”

Хлопец: “Сутыкаліся, але на адлегласьці”.

Спадар: “Я жыву ў Бараўлянах. Там шмат жыве цыганскіх баронаў, якія адбудоўваюць вялікія катэджы і гандлююць наркотыкамі. Адсюль у іх і грошы”.

Юнак: “Дзяцей у іх вельмі шмат, шматдзетныя сем’і”.

Спадар: “Ёсьць шмат стэрэатыпаў пра цыганоў, і яны збольшага адмоўныя”.

Спадар: “Ведаю шмат гісторый пра цыганоў вельмі непрыемных. Калі мае знаёмыя зь імі сутыкаліся, былі нейкія канфлікты. Але яны адзін за аднаго стаяць заўсёды. Нават калі яны ня маюць рацыі, яны даводзяць сваё колькасьцю і сілай. Ня тое, што беларусы”.

Юнак: “У мяне прабабка цыганка. Дык мая маці кажа, што калі на мяне надзець чырвоную кашулю, я буду вельмі падобны да цыгана”.

Спадар: “Я ведаю, што цыганоў рэпрэсавалі падчас Вялікай Айчыннай вайны разам з габрэямі. Гітлер разглядаў іх як нацыю непатрэбную”.

Юнак: “Яны жывуць у тамбурах. У іх вялікія белыя асабнякі з калёнамі. І яшчэ яны каля трамвайнага дэпо золата прадаюць”.

Дзяўчына: “Цыганы вельмі прыгожа на вясельлях, на банкетах сьпяваюць, гэта вельмі цікавае відовішча”.

Спадар: “Ня вельмі імкнуся зь імі сустракацца”.

Спадарыня: “Мне падаецца, што яны абралі ня вельмі правільны шлях у тым сэнсе, што многія зь іх крадуць, і іх за гэта ня любяць. Але насамрэч яны вельмі цікавыя, і ў іх шмат загадкі”.

Спадар: “Гадаюць па руцэ, сьпяваюць, танцуюць”.

Дзяўчына: “Цыганы добра гадаюць па руках і гэтым зарабляюць грошы”.

Юнак: “Розныя людзі па-рознаму да іх ставяцца, але ж гэта такія ж самыя людзі, якія жывуць побач з намі, і я ня бачу прычынаў, каб іх неяк аддзяляць ад нас”.

Спадарыня: “Гэта людзі са сваёй культурай, са сваімі традыцыямі, з прыгожымі песьнямі і танцамі, яны выдатна граюць на гітары. Вельмі прыемна глядзець, калі яны выступаюць”.

Спадарыня: “Пажаданьне да іх — каб яны арганізавалі тут такі ж тэатар, як “Рамэн”. У іх талентаў вельмі шмат”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG