Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менск: “Чарнобыльскі шлях”, Магілёў: мітынг і шэсьце супраць будаўніцтва АЭС, Гомель: “Гадзіна смутку”.

Сёньня арганізацыйны камітэт “Чарнобыльскага шляху—2008” падаў заяўку ў Менскі гарвыканкам. Подпісы пад ёй паставілі 8 асобаў.

У Магілёве сябры апазыцыі просяць уладу дазволіць у гэты дзень пікеты ў цэнтры гораду і ў яго мікрараёнах. А ў Гомелі грамадзкія актывісты распачынаюць падрыхтоўку да “Гадзіны смутку”.

Адзін зь лідэраў руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч інфармуе пра асаблівасьці плянаванага на 26 красавіка ў Менску “Чарнобыльскага шляху” ад пляцоўкі ля Акадэміі навук:

“У 14.00 — пачатак. І маршрут далей вызначаны па праспэкце да плошчы Незалежнасьці, дзе адбудзецца мітынг. Для абмеркаваньня на ім вызначаны тры асноўныя тэмы. Першая — адмена сацыяльных гарантыяў для людзей, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Другая тэма — гаспадарчая дзейнасьць на забруджаных тэрыторыях. І адна з новых тэмаў — будаўніцтва новай атамнай электрастанцыі і ўсё, што з гэтым зьвязана”.

Далей з Магілёву паведамляе карэспандэнт “Свабоды”:

Аб’яднаная дэмакратычная апазыцыя дамагаецца, каб яе прадстаўнік выступіў на афіцыйным жалобным мітынгу да гадавіны чарнобыльскай трагедыі. Але вось што кажа актывіст Мікалай Расюк пасьля сустрэчы з начальніцай ідэалягічнага аддзелу Магілёўскага гарвыканкаму Алай Галушкай:

“Яна мне адказала: “Сцэнар ужо гатовы і гэты час мы даць ня можам. Я не кампэтэнтная ў гэтым пытаньні”. Яна накіравала мяне да намесьніка старшыні гарвыканкаму Міхеенкі Фёдара. Натуральна, Фёдар Карпавіч мяне не прыняў”, — зазначыў “Свабодзе” Мікалай Расюк.

Ала Галушка адмовілася што-небудзь дадаткова тлумачыць “Свабодзе”. Спаслалася на тое, што ў мінулым годзе Мікалаю Расюку таксама не далі слова, бо ён, паводле чыноўніцы, нібыта “правакуе канфліктную сытуацыю”.

Каб не залежаць ад настрояў мясцовай улады, сёлета актывісты апазыцыйных партыяў і арганізацыяў у Магілёве зьбіраюцца правесьці свой мітынг і шэсьце супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Адпаведная заяўка пададзеная ў гарвыканкам. Таксама магілёўскія дэмакраты распачынаюць збор подпісаў супраць будаўніцтва АЭС.

У Гомелі ў падрыхтоўцы да 26-га красавіка ёсьць свае асаблівасьці. Гаворыць сябра Рады рэгіянальнай дэмакратычнай кааліцыі Віктар Палякоў:

“Пакуль яшчэ абмяркоўваем. Канчатковае рашэньне ня вызначана. Але дакладна магу сказаць, што ніякіх заявак падаваць не зьбіраемся, бо выніку ад гэтага ня будзе. Мы цягам двух апошніх гадоў больш за сотню заяваў падавалі ў Гомельскі гарвыканкам і мясцовыя райвыканкамы, але ніводнага разу нам не дазволілі публічных акцыяў. Таму, хутчэй за ўсё, мы правядзем Гадзіну смутку”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG