Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад жыхароў Менску запатрабавалі разабрацца з антэнамі. Інакш пагражаюць штрафам і прымусовым дэмантажом.

Жыхары цэнтральных раёнаў Менску атрымалі з жыльлёва‑эксплюатацыйных упраўленьняў (ЖЭУ) патрабаваньне ў тэрміновым парадку падаць дакумэнты на легалізацыю спадарожнікавых антэн і кандыцыянэраў. Тых, хто не паслухаецца, пагражаюць прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасьці.
У адным з ЖЭУ Першамайскага раёну Менска пацьвердзілі, што займаюцца рассылкай паведамленьняў па адрасах, дзе ўсталяваныя спадарожнікавыя антэны, а таксама кандыцыянэры:
“Вы маеце на ўвазе, каб прыбіралі “талеркі”? Ну, калі прадпісаньне атрыманае, то, значыць, “талерка” сапраўды перашкаджае...”
Сьледам за штрафам — прымусовы дэмантаж
У паштовых паведамленьнях нагадваецца, што за несанкцыянаваную антэну можа быць накладзены штраф – ад 2 да 15 базавых велічыняў. Наступным крокам будзе прымусовы дэмантаж “талеркі” або кандыцыянэра.
Як кажа кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў, фармальна пад санкцыі падпадаюць людзі, якія без узгадненьня ўсталявалі антэны ці кандыцыянэры пасьля 1 сакавіка 2007 году, калі набыў моц новы Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях. Хоць раней дазвол не патрабаваўся, але, як зазначае спадар Пастухоў, у беларускіх умовах закон вельмі часта мае зваротную сілу. Насельнікі цэнтральных кварталаў, незалежна ад часу ўсталяваньня, атрымалі стандартныя прадпісаньні.
“Гэта трапляе пад артыкул 21.13 “Парушэньне архітэктурнага рашэньня фасаду будынка”. То бок зараз вельмі жорстка Ўпраўленьне архітэктуры кантралюе гэтае пытаньне і патрабуе ўзгадненьня. Без адпаведнага дазволу архітэктара нельга нічога ні пераабсталёўваць, ні перафарбоўваць, ні “іншым чынам зьмяняць бальконы і іншыя архітэктурныя і канструктыўныя элемэнты фасадаў жылых дамоў”. Гэта вельмі жорсткая адміністратыўная кампанія, якіх даўно ў Беларусі не было. Фактычна ідзе масавая чыстка бальконаў, лоджыяў. І, на маё перакананьне, нагодай паслужылі спадарожнікавыя антэны, якія могуць прымаць замежныя тэлеканалы. Канечне, у першую чаргу гаворка ідзе пра “БелСат”. А каб не прыцягваць увагу толькі да спадарожнікавых талерак, пачалі чысьціць усё запар. У тым ліку і кандыцыянэры”.
Мэта — абмежаваць доступ да інфармацыі
Колішні кіраўнік жыльлёва-камунальнай службы Менгарвыканкаму Іван Анташкевіч ня верыць, што спадарожнікавыя антэны псуюць вонкавы выгляд беларускай сталіцы настолькі, каб іх ставіць пад татальны кантроль:
“Лічу, што гэта, канечне, поўная чухня. Ужо калі бальконы па-рознаму зашклёныя, зь бялізнай разьвешанай, не псуюць архітэктуру, то як могуць псаваць зьнешні выгляд антэна і кандыцыянэр? Таму гэта поўная чухня, безумоўна. Гэта, найперш, і нормамі нідзе не прапісана. Гэта больш да архітэктуры адносіцца, але паглядзіце, што ў нас робіцца па зношаных дамох, якія яны страшныя і г.д. Але няўжо гэта падстава для размовы пра сапсаваны зьнешні выгляд і вобраз горада? Канечне, не. Лічу, што гэтая прыдумка накіраваная на абмежаваньне права людзей на інфармацыю і ўсё астатняе”.
Архітэктар Лявон Зданевіч таксама лічыць, што клопат гарадзкога начальства пра вонкавы выгляд не стасуецца з наяўнасьцю ці адсутнасьцю на фасадах будынкаў антэнаў ці кандыцыянэраў:
“Я думаю, што праблема палягае зусім у іншым. І прычыны трэба шукаць зусім іншыя. І нейкі камэнтар спэцыяліста тут нават не патрэбны, абсалютна. Я вас разумею, вы мяне разумееце, і дакладна гэтак жа ўсе навокал разумеюць, у чым тут справа, праўда?”
Першымі прадпісаньні на легалізацыю “талерак” і кандыцыянэраў атрымалі жыхары Савецкага і Першамайскага раёнаў сталіцы. Паступова, як спрагназавалі ў адным з ЖЭУ, такія патрабаваньні будуць распаўсюджвацца і на іншыя раёны, далей ад цэнтру. Раней намеры ўзяцца за ўладальнікаў спадарожнікавых антэнаў гучалі і ў іншых рэгіёнах Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG