Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так можна пералічыць прыярытэты рэканструкцыі Воршы – сталіцы сёлетніх Дажынак.

Кульмінацыяй глябальнай перабудовы стала рашэньне гарадзкіх уладаў адгарадзіць помнік пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу на беразе Дняпра грамадзкай прыбіральняй.

“Дажынкам” у Беларусі нададзены дзяржаўны статус, таму падрыхтоўка да кожнага сьвята хлебаробаў адбываецца з размахам. Праўда, як гэта часта бывае, аўрал не заўсёды прыводзіць да заплянаваных на паперы вынікаў.
Рыгор Наварыч у Воршы даўно не жыве, прыехаў на выходныя да бацькоў. Першую порцыю ўражаньняў атрымаў ужо ў таксі па дарозе з вакзалу:
“Таксіст мне адразу пачаў “травіць байкі” пра тое, як рыхтуецца горад да “Дажынкаў”. Канечне, я пацікавіўся: калі нарэшце збудуюць мост праз Днепр? Бо гэта насамрэч галоўная артэрыя. І таксіст распавёў, што мост ужо быў амаль гатовы, 5 красавіка павінен быў адчыніцца. Але калі была апошняя праверка, на яго загналі самазвалы з грузам, то нейкая пліта ня вытрымала нагрузкі, пайшла трэшчына. І амаль адразу пасьля гэтага выпадку на прараба, які адказваў за мост, надзелі наручнікі і адправілі ў камэру. І яшчэ: я ўпершыню ўбачыў у сваім родным горадзе пробкі. Першы раз у гэтым маленькім горадзе я стаяў каля 40 хвілінаў дзеля таго, каб павярнуць на скрыжаваньні. Я увесь горад магу праехаць за 10 хвілінаў, а тут стаяў 40”.
Мост-даўгабуд.

З-за адсутнасьці маста кіроўцам і мінакам цяпер даводзіцца рабіць працяглыя манэўры. Але шмат хто перакананы: зь яго адкрыцьцём пытаньне пробак для Воршы ня толькі ня зьнікне, але яшчэ больш узмацніцца. Гаворыць у мінулым інжынэр аднаго з прадпрыемстваў Яўген Варыга:
“Будавалі яго дужа доўга – болей за год перакрыты рух. А збудавалі нешта абсалютна дзіўнае – не пашырылі, а звузілі да мінімуму. Тут месца такое дзікае, што калі штосьці здарыцца, то праехаць будзе практычна немагчыма.”
Але кульмінацыяй дажынкавай перабудовы аршанцы называюць дзею, што разгарнулася у Прыдняпроўскім парку, за некалькі мэтраў ад помніка, бадай, самаму знакамітаму нараджэнцу горада – пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу.

Бронзавы Караткевіч выглядае ліліпутам на тле новай прыбіральні.

Мясцовыя ўлады вырашылі – насьпела патрэба збудаваць на беразе Дняпра грамадзкую прыбіральню, акурат пад носам у бронзавага бюста пісьменьніка. Пасьля пратэстаў з боку інтэлігенцыі пра недапушчальнасьць такога суседзтва помнік паабяцалі нібыта перанесьці. Куды – пакуль невядома. Але, як кажа аршанская бібліятэкарка спадарыня Ларыса, пераносіць помнік зь месца, дзе стаяў яшчэ даваенны дом Караткевічаў у нейкі іншы, штучна прывязаны куток горада, таксама не лягічна. Тым больш, помнік Караткевічу значыцца ўва ўсіх гарадзкіх турыстычных маршрутах:
“За сам факт, што ўзьнікла такое пытаньне, сорамна гораду павінна быць. Увогуле што зайшла размова пра Караткевіча ў зьвязку з прыбіральняй. Вось гэта прыкра. Можна пераставіць помнік, і перасоўваюць іх, канечне. Але ня так бесцырымонна і ня так груба. У дадзеным выпадку помнік ніяк не “ўпрыгожыць” тое месца, дзе будзе стаяць прыбіральня. Дый у людзей, якія праз дарогу жывуць, пад вокнамі замест помніка будзе прыбіральня. Да таго ж, на беразе ракі. Крыўдна, што ўжо дакладна вядома: там быў дом. Нават калі помнік ставілі, то скульптар Голубеў увёў такі элемэнт як два вянцы пад падаконьнік. Гэта сымбалізуе, што там стаяў дом. Даваенны дом... Як толькі пачалі капаць яму, то я адразу падумала, што фантан будзе. Але калі патлумачылі, што гэта прыбіральня, то народ узбунтаваўся”.
Днямі прадстаўнікі жыльлёва-камунальнай службы абышлі з інспэкцыяй дамы ў прыватным сэктары і загадалі пафарбаваць у чырвоны колер шыфэрныя дахі. Мусяць гэта жыхары зрабіць сваім коштам, паколькі, заявілі камунальнікі, выдаткі на ўпарадкаваньне горада і без таго вялізныя. Апроч таго, па маршруце прэзыдэнцкага картэжу маюцца паставіць аднолькавыя платы. Ідэнтычнасьць гэтаксама мусяць забясьпечыць жыльцы дамоў з разьліку 130 тысяч рублёў за пагонны мэтар. З улікам, што адгароджаная тэрыторыя некаторых дамоў расьцягваецца на дзясяткі мэтраў, то выдаткі могуць выліцца ў сярэднім у тысячу даляраў.
Зрэшты, ад некаторых праектаў гараджане ўсё ж чакаюць плёну. Так, аблезлы ад часу будынак турмы ў цэнтры горада, вызвалены ад пастаяльцаў напачатку 1990-х, нічога, апроч суму ў мінакоў не выклікаў. Цяпер стары будынак рэстаўруецца, яго плянуюць пераабсталяваць у забаўляльны цэнтар. А на вяршыні нарошчанай вежы будзе ўсталяваны галоўны гарадзкі гадзіньнік.

Турму перабудуюць у забаўляльны цэнтар

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG