Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партал TUT.BY абвясьціў вынікі шостага штогадовага конкурсу беларускіх кантэнт-праектаў. Сёлета ўпершыню ўручалася спэцыяльная прэмія імя Уладзімера Каткоўскага. Яе атрымаў сайт "Твой Стыль - Гарадзенскі моладзевы праект".

На конкурс было прадстаўлена больш за 200 кантэнт-праектаў беларускага інтэрнэту ў 12-ці намінацыях. Мэта конкурсу – даць магчымасьць новым цікавым праектам заявіць пра сябе, вядомым праектам -- пацьвердзіць свой статус, кажа адзін з кіраўнікоў TUT.BY Кірыл Валошын:

“Наша галоўная мэта -- тыя праекты, якія яшчэ не зьяўляюцца агульнавядомымі, падштурхнуць, даць прыз ня толькі ў выглядзе маральнай падтрымкі, дыплёму, але і ў выглядзе рэальнай дапамогі, якую мы можам аказаць гэтым праектам – хостынгам альбо бясплатнай рэклямнай кампаніяй”.

Леанід Каткоўскі: “Прэмію мы вырашылі заснаваць, каб захоўвалася памяць пра Валодзю”

Сёлета ўпершыню ўручалася прэмія імя нашага калегі, свабодаўца Уладзімера Каткоўскага. Уладзімер – адзін са стваральнікаў беларускай Вікіпэдыі, стваральнік сайту pravapis.org, супрацоўнік Радыё Свабода, які трагічна загінуў у 2007 годзе. Прэмію заснаваў бацька Ўладзі, Леанід Каткоўскі:

“Прэмію мы вырашылі заснаваць, каб захоўвалася памяць аб Валодзі. Па-другое, мы скарысталі ўручэньне гэтай прэміі вось для чаго: я зрабіў зварот да беларускіх інтэрнэтчыкаў, каб яны працягвалі яго працу, яго сайты www.pravapis.org, www.martyralog.org (зараз, на жаль, спасылка, не працуе - рэд.) На жаль, нічога там не абнаўляецца, ніхто нічога ня робіць”.

Першая прэмія імя Ўладзімера Каткоўскага прысуджана сайту "Твой Стыль - Гарадзенскі моладзевы праект".

“Твой стыль”: “Тут мы зьмяшчаем усё, што нам цікава, што нас хвалюе”

“Твой стыль” – гэта моладзевая інтэрнэт-газэта і інтэрнэт-радыё. Распавядае рэдактар інтэрнэт-радыё Надзея Завіноўская.

“Маладыя гарадзенцы пішуць пра маладых гарадзенцаў і для маладых гарадзенцаў. Калі мы зразумелі, што гарадзенскія газэты і радыё ня хочуць бачыць маладых журналістаў, таму што іх трэба вучыць і траціць свой час, мы вырашылі зрабіць свой сайт. Тут мы зьмяшчаем усё, што нам цікава, што нас хвалюе. Мы не абмежаваныя ні палітычнымі, ні сацыяльнымі праблемамі, усё, што нам цікава, пра тое і пішам”.

Прэмія за беларускасьць, за дынамізм, за “жывое”

Чаму абраны менавіта гэты праект, распавядае бацька Ўладзімера Каткоўскага спадар Леанід:

“Нам падалося, што ён адпавядае Вовінай працы ў І-нэце, яго духу. Па-першае, ён беларускамоўны, заўсёды даволі дынамічны. Мне спадабалася, што там ёсьць адмысловы моўны разьдзел, нават яны аўдыёфайлы даюць пра вывучэньне беларускай мовы. Там шмат аўтарскай працы, моладзь працуе як журналісты, карэспандэнты. Там ёсьць нешта жывое”.

Рэдактар інтэрнэт-радыё “Твой стыль” Надзея Завіноўская кажа:

“Мы атрымалі прэмію імя Ўладзімера Каткоўскага “За беларускасьць”. Бацька гэтага маладога чалавека, які стварыў беларускі варыянт “Вікіпэдыі”, вырашыў даць нам сваю ўзнагароду. Мы атрымалі I-Pod”.

Леанід Каткоўскі выказаў спадзяваньне, што справу Рыдэля – гэта сеткавы псэўданім Уладзі – беларускія інтэрнэтчыкі будуць працягваць.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG