Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыдарожны сэрвіс: дзяржава дапамагае ці замінае?


На разглядзе ў Адміністрацыі прэзыдэнта знаходзіцца праект указу, паводле якога ўладальнікі аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу атрымаюць палёгкі ў тым ліку і вызваленьне на 5 год ад сплаты падатку з прыбытку. У Міністэрстве транспарту і камунікацыяў спадзяюцца, што новыя ўмовы паспрыяюць прыцягненьню ў сфэру прыдарожнага сэрвісу беларускіх і замежных інвэстараў. Якія зьмены могуць адбыцца, пасьля падпісаньня ўказу?

Найбольшая праблема – здабыць месца пад кавярню

Начальнік Упраўленьня дарожнай сеткі дэпартамэнту «Белаўтадор» Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандар Галаўнёў паведаміў, што распрацаваны праект указа прадугледжвае шматлікія палёгкі для ўладальнікаў аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу:

«Дэпартамэнтам «Белаўтадар» і Міністэрствам транспарту падрыхтаваны ўказ прэзыдэнта, які дае дадатковыя ільготаў уладальнікам прыдарожнага сэрвісу. Дакумэнтам прадугледжана шмат льготаў. У тым ліку па падатках і зборах. Гэта нават тычыцца сплаты падаходнага падатку».

Прадпрымальнік Яўген ад мінулага году намагаецца атрымаць месца пад будаўніцтва кавярні на трасе Менск-Вільня. Ён сумняваецца, што абяцаная новаўводзіны істотна палегчаць становішча такіх, як ён.

Яўген кажа, што выдаткі будаўніцтва і адкрыцьцё прыдарожнай кавярні вымяраюцца сотнямі тысяч даляраў, а заашчадзіць у выніку падаткавай палёгкі можна некалькі сотняў даляраў:

«Самая праблема – зямлю зрабіць. Ад пачатку, як толькі пачалі гэтым займацца, паўгода мінула. Сэнс яшчэ ў тым, што рэнтабэльнасьць праекту невялікая, а грошы адразу трэба ўбухваць нармалёвыя. Гэта адзін з момантаў, па якім ніхто асабліва не ляціць на новых месцах штосьці ствараць. Там, дзе зямля ўжо адведзеная – не сельскагаспадарчага прызначэньні, ні прыродаахоўная зона – то нібыта пабудаваўся і займайся. Выгравай тэндэр, аўкцыён. А вось як мы бярэм, то трэба плаціць грошы за ўсю дакумэнтацыю на адвядзеньне. Мы рыхтавалі яшчэ папярэдні праект, таксама грошы плацілі. Потым трэба будзе заплаціць за тое, што зямля будзе выведзеная з сяльгасзвароту. І калі падлічыць, што яны прапануюць льготы па падаходнаму падатку – дык гэта ня тыя сумы. Ну, мільён рублёў заашчадзіш, калі шмат будзе людзям плаціць (яшчэ паспрабуй зарабіць). А інвэстыцыі? Адзін праект пад невялікую паркоўку ледзь-ледзь дамовіліся з праектнай арганізацыяй, што яны зробяць за 20 мільёнаў. Толькі праект. Трэба ўкласьці 150-200 тысяч даляраў, і паспрабуй яшчэ іх адбіць?!»

Як запэўніваюць ў дэпартамэнце «Белаўтадар», да 2010 году ў Беларусі заплянавана збудаваць сыстэму апорных пунктаў, дзе можна будзе атрымаць цэлы набор паслугаў. Паводле словаў Аляксандра Галаўнёва, адна швэйцарская фірма ўжо гатовая ўзьвесьці з паўсотні аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу ўздоўж галоўных трасаў на тэрыторыі Беларусі.

Каб параўнаць беларускі і замежны сэрвіс, варта выехаць за межы Беларусі. Бізнэсовец Сяргея Зайца, дзеліцца ўражаньнямі пра прыдарожны сэрвіс у Смаленскай вобласьці:

«Іх там нямерана: і кавярні, і запраўкі, і розныя крамы, і стаянак нашмат больш для дальнабойшчыкаў. Карацей, мяжу пераяжджаеш і яны там літаральна на кожным кроку. Ня ведаю, ці ёсьць для іх якіясьці льготы, але тое, што ўмовы для бізнэсу нашмат лягчэй і прасьцей, то гэта адназначна. Ці дапамогуць льготы для прыдарожнага сэрвісу ў нас? Гэта можа і будзе. Але я так разумею, што самая вялікая праблема – атрымаць месца ля дарогі. Вось у чым пытаньне. Я думаю, што адчынялі бы і пры цяперашніх умовах – падатковых і г.д., бо надта гэта выгадна. І гэтых кавярняў 10 гадоў таму было больш, чым цяпер. Проста трэба, каб прыватніку нармалёвае далі месца і ўмовы гаспадараньня. А ня тое, што абкладуць сан-, пед-, мед- праверкамі, абмежаваньнямі і г.д. Пункт харчаваньня адкрыць – гэта шалёная справа ў нашай краіне. Вельмі ўсё праблематычна».

Ці «адаб'юцца» укладаньні ў дарожны сэрвіс?

Прадстаўніка дэпартамэнту «Белаўтадар» Аляксандар Галаўнёў кажа, што паводле апытаньня транзытнікаў, праведзенага летась: кожны зь іх гатовы выдаткаваць на паслугі прыдарожнага сэрвісу 20-30 даляраў.

Найбольш гэта адбывааецца ў часе абмежаваньняў

Спадар Галаўнёў кажа, што разьвіцьцё інвэстыцыі, а значыць і разьвіцьцё прыдарожнага сэрвісу ў Беларусі стрымлівае слабая інтэнсіўнасьць руху на дарогах краіны. Для рэнтабэльнай працы неабходна, каб па дарозе штодня перасоўвалася 7 тысяч аўто. У Беларусі такому крытэрыю адпавядае толькі траса М-1 (Берасьце-Масква). Па ажыўленых трасах праяжджае 3 тысячы аўтамабіляў.

Грузаперавозчык Дзьмітрый Гарун кажа, Асноўнымі спажыўцамі паслугамі зьяўляюцца дальшабойшчыкі. У Беларусі дзейнічаюць сэзонныя абмежаваньні праезду па трасах. Прыкладам, ад красавіка да сярэдзіны траўня ў зьвязку з магчымымі паводкамі, а ўлетку – у зьвязку з высокай тэмпэратурай паветра, рух грузавых аўтамабіляў збольшага адбываецца па трасе М1. Такія абмежаваньні замацаваныя нормамі Міністэрства транспарту.

«У нас, што да перавозчыкаў паміж Расеяй і Беларусьсю, у сувязі з веснавымі паводкамі можна праехаць з поўнай нагрузкай 20 тонаў толькі па дарозе Менск-Масква. Па дарозе Віцебск-Смаленск не праедзеш, Магілёў-Росль-Масква таксама не праедзеш. То бок, толькі па адной дарозе можна праехаць, хто ў нас возіць. Таму ўзьнікаюць чэргі, усе «нырнулі» на цэнтральную дарогу. Стаім у чэргах усе запар – легкавыя, грузавыя, хто пад T.I.R. ходзіць і ўсе астатнія: немцы, расейцы, палякі, галяндцы -- па барабану. Чэргі ўзьнікаюць, але прастоі не ад нас залежаць».

У выніку, як Дзьмітры Гарун, кіроўцы сутыкаюцца з тым, што і без таго рэдкія кавярні і кэмпінгі перапоўненыя.

На трасе М-1, ад Берасьця да мяжы з Расеяй знаходзіцца 180 аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. А менавіта: 40 АЗС, 12 станцыяў тэхнічнага абслугоўваньня, 7 моек, 9 пунктаў пастою, каля 70 харчовых кропак, 27 ахоўных стаянак, больш за 100 пляцовак для адпачынку.

Паводле Эўрапейскага пагадненьня аб міжнародных аўтамабільных дарогах, так кропкі сэрвісу павінны разьмяшчацца не адлегласьці ня больш за 100 кілямэтраў, АЗС -- 20 км, станцыі тэхнічнага абслугоўваньня - 50 км, пункты харчаваньня 30 км, стаянкі і пляцоўкі для адпачынку -- 15 км.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG