Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эфір 6 красавіка.


“Песьняй даваў людзям радасьць” – пад такой назвай упершыню ў Беларусі выдадзеная кніга пра славутага сьпевака Міхася Забэйду-Суміцкага. Яна выйшла ў сьвет у выдавецтве “Тэхналёгія” ў слыннай сэрыі “Нашы славутыя землякі”. Пра няпросты лёс сьпевака мы гутарым з аўтарам кнігі Алесем Горбачам.

“Міхась Забэйда-Суміцкі вучыўся ня ў Зэльвенскай, а ў Зэльзінскай школе”

Міхась Скобла
: “Алесь, вы па адукацыі юрыст і працуеце ў юрыдычнай сфэры. Што падштурхнула вас напісаць кнігу пра опэрнага сьпевака?”

Алесь Горбач: “Ну, па-першае, па адукацыі я яшчэ й філёляг – скончыў факультэт беларускай філялёгіі й культуры Пэдунівэрсытэту імя Максіма Танка. Працаваў доўгі час журналістам, ды і цяпер мая праца зьвязана зь юрыдычнай журналістыкай. А па-другое, – і гэта, напэўна, адыграла галоўную ролю, – мы з Забэйдам землякі, я нарадзіўся на Ружаншчыне, у вёсцы Куляны, што побач з Забэйдавымі Шэйпічамі. І калі я ўпершыню пачуў пра Забэйду, то зацікавіўся ім найперш па-зямляцку. Да 100-годзьдзя сьпевака, у 2000-м, напісаў нарыс пра Забэйду, які друкаваўся ў берасьцейскіх газэтах. Ну а ўжо на базе гэтага нарысу пісалася кніга”.

Скобла: “Да гэтай пары розныя энцыкляпэдычныя даведнікі падаюць розныя месцы народзінаў Забэйды-Суміцкага. Называюцца вёскі паблізу Ружанаў: Шэйпічы, Несьцяровічы, Падароск. Ці высьветлілі вы, дзе ж насамрэч прыйшоў на сьвет будучы пясьняр?”

Горбач: “Так, сапраўды, блытаніна зь месцам нараджэньня сьпевака існуе. Па дакумэнтах афіцыйна лічылася месцам нараджэньня вёска Несьцяровічы, якая, папраўлю вас, далекавата ад Ружанаў, сёньня гэта Сьвіслацкі раён. Так сталася з тае прычыны, што зь Несьцяровічаў быў бацька сьпевака. Але сам Забэйда ніколі там ня быў. У прыватнасьці, у адным зь лістоў да стрыечнай сястры Надзеі Казьляк пісаў: “Ці была ты калі ў Несьцяровічах? Пішуць, што я там нарадзіўся”.

Малой радзімай былі для Забэйды Шэйпічы – родная вёска ягонай маці. Там прайшло дзяцінства сьпевака. Шэйпічамі ён мроіў, Шэйпічы ён сьніў, пра што пісаў у сваіх лістах. У Шэйпічы наведваўся ў 1930-я гады, будучы ўжо вядомым. Там пахаваная ягоная матуля. І Забэйда, дарэчы, прасіў: “Няхай тыя, хто лічыць, што я нешта зрабіў для роднае песьні, наведаюць магілку мае маці, да мае будзе цяжэй дайсьці”.

Вяртаючыся да месца нараджэньня сьпевака, трэба сказаць, што ў ягоным архіве захавалася выпіска з мэтрычнай кнігі, паводле якой Забэйда быў пахрышчаны на адзінаццаты дзень па нараджэньні у Садэльніцкай царкве. І Несьцяровічы, і Шэйпічы далекавата ад Садэльнікаў. Навошта было везьці за сьвет хрысьціць немаўля? Зусім побач з Садэльнікамі Падароск. Таму я раблю выснову, што менавіта ў Падароску й нарадзіўся будучы сьпявак. Дарэчы, гэта пацьвярджаецца і ўспамінамі Забэйды, паводле якіх у ягонай маці былі дзьве вэрсіі наконт нараджэньня Міхася: “…можа ў Падароску, а можа і зусім на лузе”.

Скобла: “Неаднойчы мне даводзілася чытаць, што пэўны час Забэйда вучыўся ў Зэльвенскай школе. Гэта мае родныя мясьціны, таму я правёў невялікае дасьледаваньне: дзе, у якой школе мог вучыцца Забэйда? Але ніякіх сьлядоў ягоных у Зэльве не знайшоў…”

Горбач: “І не маглі знайсьці. Разумею, што расчарую зэльвенцаў, але насамрэч Забэйда вучыўся ня ў Зэльвенскай, а ў Зэльзінскай школе – у вёсцы Зэльзін, што за некалькі кілямэтраў ад Шэйпічаў. Відаць з-за падабенства ў гучаньні назоваў гэтых населеных пунктаў нехта дапусьціў памылку, а пасьля яна стала паўтарацца іншымі”.

“Немцы прапаноўвалі Забэйду-Суміцкаму ўзначаліць беларускае радыё ў Бэрліне й вінавацілі яго ў “прапагандзе славянства”

Скобла: “Ад 1940 году Забэйда-Суміцкі жыў у Празе. Не перапыніў ён сваёй канцэртнай дзейнасьці й з пачаткам Другой усясьветнай вайны. Дзе ён выступаў, хто арганізоўваў ягоныя канцэрты, і ці чуваць беларусам быў ягоны голас? Бо ж нездарма кажуць: калі грымяць гарматы – музы маўчаць”.

Горбач: “Часы Другой усясьветнай вайны – самы складаны пэрыяд у жыцьці сьпевака. Немцы неаднаразова спрабавалі выкарыстаць ягонае аўтарытэтнае імя, да прыкладу, прапаноўвалі ўзначаліць радыёперадачы на беларускай мове з Бэрліну. Забэйду давялося адмовіцца ад працы ў тэатры й канцэртаваць па Нямеччыне, Прыбалтыцы, Беларусі. Двойчы падчас вайны прыяжджаў ён у Менск, выступаў на Дажынках, што ладзіліся ў 1943 годзе. Зразумела, адмовіцца ад гэтых выступаў ён ня мог. Выступаў і ў Ваўкавыску, дзе сустракаўся з маці, са сваякамі. Дарэчы, паводле сьведчаньняў відавочцаў, свае ганарары ад канцэртаў Забэйда перадаваў партызанам на мэдыкамэнты.

Нягледзячы на тое, што ішла вайна, жыцьцё працягвалася, і людзі цягнуліся да мастацтва, да песьні. Што датычыць самога Забэйды, то ён быў упэўнены, што сваёй канцэртнай дзейнасьцю ён змагаецца з ворагам, абуджае волю да барацьбы. Дарэчы, немцы яго вінавацілі ў “прапагандзе славянства”.

У кнізе я цытую ўспаміны Мікалая Лосіка, які быў на прымусовых працах у Нямеччыне й патрапіў на адзін з канцэртаў Забэйды ў Бэрліне. І ён там быў не адзіны беларус. Лосік успамінае, што людзі не маглі стрымаць сьлёз, пачуўшы родную песьню. Уражаньні самога Лосіка былі настолькі моцнымі, што пасьля таго канцэрту ён стаў сьвядомым беларусам”.

“Абвінавачваньні ў супрацоўніцтве з фашыстамі былі афіцыйна зьнятыя з Забэйды-Суміцкага Міністэрствам унутраных справаў Чэхаславаччыны”

Скобла: “Ларыса Геніюш у сваёй “Споведзі” прыгадвае, як яна арганізоўвала адзін з канцэртаў Забэйды-Суміцкага ў прэстыжнай праскай залі “Сьметанава сінь”. І далей піша, што маэстра любіў дастатак, нават раскошу, і дакараў суачыньнікаў, якія не маглі забясьпечыць свайго сьпевака. Ці мела рацыю Ларыса Антонаўна?”

Горбач: “Бачыце, Міхась, тут трэба ўлічваць гэтак званы “чалавечы фактар”. Наколькі мне вядома, у Ларысы Антонаўны засталіся крыўды на Забэйду-Суміцкага. Напрыклад, мне даводзілася чуць ад людзей, якія былі ў блізкім сяброўстве з Ларысай Антонаўнай, што сьпявак заляцаўся да яе, калі Янка Геніюш падчас вайны працаваў тут, у Беларусі. У “Споведзі” ёсьць эпізод, дзе расказваецца, як аднаго залётніка Геніюш спусьціла зь лесьвіцы, ажно капялюш перад ім ляцеў. Маецца на ўвазе Забэйда-Суміцкі”.

Скобла: “А Міхась Іванавіч, аказваецца, быў дон-жуанам...”

Горбач: “Да таго ж, Геніюшы, калі іх у 1948 годзе арыштавалі, спадзяваліся, што Забэйда паклапоціцца пра іхнага сына Юрку. У іх былі ўсе падставы лічыць, што Забэйда ім абавязаны: дзякуючы лекарскім сувязям Янкі Геніюша сьпявак па прыезьдзе ў Прагу паправіў здароўе, а Ларыса Геніюш сапраўды арганізоўвала ягоныя канцэрты. Ды і ўвогуле, яны дапамаглі яму абжыцца на новым месцы... Чаму спадзяваньні Геніюшаў на Забэйду засталіся марнымі, сказаць цяжка. Трэба ўлічваць і тое, што ў сьпевака не было сваёй сям’і, ён увесь аддаваўся мастацтву. Да таго ж, яго таксама выклікалі на допыты, і невядома было, чым усё гэта скончыцца.

Ну, а адносна раскошы, якую нібыта любіў Забэйда-Суміцкі… Сьпявак быў чалавекам вельмі сьціплым. Пра гэта сьведчыць хоць бы той факт, што частку сваёй кватэры ён саступіў чужой сям’і, а сам пражыў да сьмерці ў невялікім пакойчыку, які служыў і гасьцёўняй, і спальняй, і кухняй”.

Скобла: “Патлумачце мне і нашым слухачам адну рэч. У Ларысы Геніюш і Забэйды Суміцкага былі прыблізна адны й тыя ж “грахі” перад савецкай уладай (Забэйда выступаў у Бэрліне, Геніюш друкавалася ў газэце “Раніца”, якая ў тым Бэрліне выдавалася, і г.д.). Пасьля вайны Забэйда Суміцкі застаецца на волі і працягвае сьпяваць, а Ларыса Геніюш атрымлівае 25 гадоў сталінскіх лягероў. Чаму так? Як Забэйду-Суміцкаму ўдалося пазьбегчы рэпрэсіяў?”

Горбач: “Тут можна выказаць толькі некаторыя меркаваньні. Я ўжо гаварыў, што пасьля вайны Забэйда таксама меў шмат непрыемнасьцяў. Прыкладам, яго абвінавачвалі за ўдзел у працы Беларускага камітэту самапомачы, нават штраф яму, даволі вялікі, быў прызначаны. Аднак гэтыя абвінавачваньні былі афіцыйна зьнятыя, як сьведчыць адзін з дакумэнтаў Міністэрства ўнутраных справаў Чэхаславаччыны.

Можна выказаць яшчэ адно меркаваньне адносна таго, чаму лёс Геніюшаў склаўся гэтак трагічна. Ларыса Геніюш, як вядома, была блізкай да ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі.

Магло выратаваць Забэйду й тое, што ён быў знаным у Эўропе опэрным сьпеваком, ягоны арышт мог выклікаць вялікі рэзананс”.

“Савецкія ўлады намагаліся скампрамэтаваць Забэйду-Суміцкага падчас гастроляў па Беларусі ў 1963 годзе”

Скобла: “Забэйда-Суміцкі чуў авацыі на свой адрас у Харбіне, у Мілане, у Празе, у Познані, у Варшаве… У 1963-м ён нарэшце прыяжджае ў Беларусь і дае канцэрты. Ці не спрабавала савецкая прапагнада яго скампрамэтаваць – за тое, што выступаў перад немцамі?”

Горбач: “Гастролі Забэйды-Суміцкага па Беларусі ў 1963 годзе былі дазволеныя ўладай дзякуючы вялікім намаганьням Рыгора Шырмы і Максіма Танка. Аднак рабілася ўсё, каб на канцэрты магло трапіць няшмат людзей. Афішы й праграмы канцэртаў былі, дарэчы, выдадзеныя на расейскай мове. Таму часьцей людзі траплялі на канцэрт выпадкова. Хто ж хацеў сьвядома трапіць, ня мог – у касе казалі, што білетаў няма, а пасьля аказвалася, што заля напалову пустая. Мне распавядалі, што ў Баранавічах залю Дому афіцэраў, дзе праходзіў канцэрт, запоўнілі салдатамі мясцовых вайсковых частак, выхадцамі зь Сярэдняй Азіі ці Каўказу, якім беларуская песьня была зусім нецікавай.

Здараліся й адкрытыя правакацыі. На канцэрце ў кансэрваторыі сьпявак з дакорам зьвярнуўся да залі:

– Вось мой акампаніятар, чэх, пахадзіў сёньня па вуліцах Менску, паслухаў, як тут людзі гавораць, і кажа мне: “Пан Міхал, я ня ведаю, куды мы прыехалі на гастролі? У вашу Беларусь ці ў Расею? Тут жа ўсе гавораць па-расейску. Можа, мы памыліліся й ня ў той цягнік ускочылі?”

У адказ з залі пачуўся голас:

– В самом деле, вы сели не в тот поезд. І давно в нём едете.

Той жа Шырма праз некалькі месяцаў пасьля гастроляў у сваім лісьце да сьпевака пісаў: “Усе мы ўспамінаем вас і моцна радуемся, што злым людзям не ўдалося нарабіць перашкодаў”.

“Пасьля “Праскай вясны” на чэскім радыё былі сьцёртыя ўсе запісы сьпевака”і… выдадзеная ягоная кружэлка”

Скобла: “Сёлета спаўняецца сорак гадоў ад часу “Праскай вясны”. Якія наступствы гэтая падзея мела для Забэйды-Суміцкага?”

Горбач: “Гэтая палітычная падзея мела для Забэйды самыя наўпроставыя нэгатыўныя натупствы. Пасьля таго, як “Праская вясна” была задушаная гусеніцамі савецкіх танкаў, у Чэхаславаччыне моцна ўзрасьлі антысавецкія настроі. Нехта палічыў Забэйду занадта прасавецкім, і ўсё насьпяванае ім за час побыту ў Празе, залаты фонд праскага радыё, як казаў сам спявак, “мая вялікая кніга”, – усё было зьнішчана. Для яго гэта быў вялікі ўдар.

Што праўда, гэтыя палітычныя віхуры не перашкодзілі выхаду ў тым жа 1968 годзе апошняй кружэлкі Міхася Забэйды-Суміцкага – “Беларускія песьні й рамансы”.

“На пахаваньні Забэйды-Суміцкага замест рэквіему гучала беларуская “Калыханка”

Скобла: “Забэйда-Суміцкі пахаваны ў Празе на Альшанскіх могілках. І на ягоным надмагільным помніку пазначана імя жанчыны, якая пахаваная разам зь ім. Гэта Надзея Кастэцкая. Адны кажуць, што гэта ягоная акампаніятарка, другія – што грамадзянская жонка. Праясьніце гэтую сытуацыю”.

Горбач: “Надзея Кастэцкая была родам з Баранавічаў. Падчас Другой усясьветнай вайны лёс закінуў яе ў Варшаву, затым у Прагу. Па вайне яна выйшла замуж за чэскага музыканта Любаміра Кастэцкага. Кастэцкія пазнаёміліся з Забэйдам-Суміцкім дзесьці ў 1950-я гады на адным з канцэртаў і сябравалі ўсё астатняе жыцьцё. Забэйда ня меў уласнае сям’і, ён быў вельмі адзінокім. Сям’я Кастэцкіх фактычна стала ягонай сям’ёй: яны былі для сьпевака самымі блізкімі людзьмі, клапаціліся пра яго, даглядалі. Кастэцкія ж і займаліся арганізацыяй пахаваньня Забэйды-Суміцкага, яны ж пазьней перадавалі ў Беларусь архіў Забэйды, які зьберагаецца ў Дзяржаўным архіве-музэі літаратуры й мастацтва. Дарэчы, менавіта Любамір Кастэцкі прапанаваў на пахаваньні сьпевака ўключыць “Калыханку” ў выкананьні Забэйды. І “Калыханка”, што ўражвала тысячы слухачоў, гучала як рэквіем.

Па сьмерці Надзеі Кастэцкай, пасьля крэмацыі ейны прах быў пахаваны ў магіле Забэйды, пра што й сьведчыць невялічкая гранітная пліта побач з помнікам сьпевака”.

“Забэйда-Суміцкі заслужыў, каб ягоным імем у Беларусі былі названыя музычныя вучэльні, тэатры, кансэрваторыя, вуліцы”

Скобла: “Ці праўда, што Забэйда-Суміцкі выказваў жаданьне, каб ягоны прах спачываў у роднай зямлі? У кнізе вы пішаце, што апошняя воля сьпевака застаецца нявыкананай. Аднак ці варта вяртацца да гэтай тэмы? Неяк гэтыя перапахаваньні не па-хрысьціянску выглядаюць…”

Горбач: “Так, Міхась Забэйда-Суміцкі сапраўды жадаў, каб ягоны прах быў пахаваны на радзіме. Пра гэта ён часта пісаў сваім сябрам. Падчас сустрэчы зь Любамірам Кастэцкім у Празе я ўдакладняў гэтае пытаньне. І пан Кастэцкі пацьвердзіў апошнюю волю сьпевака. Тэма гэтая, вядома ж, спрэчная: па-хрысьціянску выглядае перапахаваньне ці не па-хрысціянску. Але паколькі ніхто гэтага сёньня ці заўтра рабіць не зьбіраецца, то й спрэчку можна адкласьці.

Але ўжо сёньня відавочна: Забэйда-Суміцкі заслужыў, каб ягоным імем былі названыя музычныя вучэльні, тэатры, кансэрваторыя, вуліцы. Каб былі выдадзеныя запісы ягоных песьняў (тут варта згадаць дыск “Ластаўкі ў стрэсе”, выпушчаны ў 2000 годзе “Беларускай музычнай альтэрнатывай”). Своеасаблівым наказам для ўсіх нас гучаць Забэйдавы словы: “Песьня – душа народа, да якога належу і я. Трэба раскрываць гэтую душу, паказваць яе якасьці іншым народам. Тады нас будуць шанаваць і любіць. А мы будзем узбагачаць і сябе, і ўсясьветную культуру. Хай гэта будзе хоць па маёй сьмерці, але гэта мусіць быць!”
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG