Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што сярод краінаў былога СССР Беларусь паводле колькасьці забойстваў саступае толькі Расеі, амаль удвая перавышаючы ЗША і ў шмат разоў – разьвітыя эўрапейскія краіны.


У Міністэрстве ўнутраных спраў адзначаюць, што леташнія 791 забойства і замах на забойства – на 16% меншы ўзровень за паказчык 2006-ага году. І ўсё ж -- а якія забойствы асноўныя? Кіраўнік прэсавай службы міністэрства Алег Сьлепчанка.

“Пераважная большасьць забойстваў у Беларусі – на гэтак званай бытавой глебе. Калі забіваюць падчас расьпіцьця сьпіртных напояў, ці ў выніку расьпіцьця. Альбо калі паступова адносіны паміж людзьмі сапсаваліся, зноў жа пад уплывам алькаголю”.

Пераважная большасьць забойстваў у Беларусі – на гэтак званай бытавой глебе
Паводле Алега Сьлепчанкі, барацьба міліцыі з парушэньнямі правілаў ужываньня алькаголю і з падробленымі сьпіртовымі напоямі таксама прывяла да зьніжэньня колькасьці забойстваў.

У Генэральнай пракуратуры заўважылі тэндэнцыю: усё болей здараецца замоўленых забойстваў, як правіла з матэрыяльных прычын. Супрацоўнік пракуратуры Міхаіл Вавула:

“Замаўляюць забойства. Часьцей за ўсё: муж жонку ці жонка мужа. Такія факты зараз ёсьць, а раней не было”.

Паводле Міхаіла Вавулы, раскрываемасьць забойстваў у Беларусі адна з лепшых у Эўропе – болей за 90%. У тым ліку раскрываюць забойствы, зробленыя шмат гадоў таму. Летась раскрылі 34 такія злачынствы.

Ці варта цалкам давяраць афіцыйнай статыстыцы пра забойствы? Палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Алег Алкаеў заўважае: да забітых можна сьмела адносіць і большасьць зьніклых бяз зьвестак, а такіх у Беларусі штогод каля тысячы. Каб раскрыць некаторыя злачынствы, у сьледчых не хапае прафэсіяналізму, але ёсьць і палітычныя прычыны. Паводле Алега Алкаева тут прыклады – справы зьніклых палітыкаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага.

“А – яшчэ Завадзкі. Чаму ім ніхто не займаецца? Я колькі разоў гэтае пытаньне задаю, але нікога не цікавіць: на якой стадыі гэтае расьсьледаваньне, чаму спынілася?”

Алег Алкаеў перакананы, што гэтыя забойствы адразу раскрыюць, як толькі будзе палітычная воля іх расьсьледаваць.

Ці сапраўды палітыка ўплывае на статыстыку забойстваў? Праваабаронца Гары Паганяйла перакананы, што такая сувязь існуе.

Міліцыя, як КДБ, займаецца палітычным сыскам, разгонам дэманстрацый, перасьледуе грамадзян за іх погляды. І гэта замест таго, каб займацца сваёй непасрэднай справай
“Мяркую, у нас на самым версе закон не паважаюць. І ніжэйшыя чыноўнікі робяць тое самае. Міліцыя, як КДБ, займаецца палітычным сыскам, разгонам дэманстрацый, перасьледуе грамадзян за іх погляды. І гэта замест таго, каб займацца сваёй непасрэднай справай”.

Паводле Гары Паганяйлы, адной з прычынаў бытавой злачыннасьці ёсьць, як мяркуе праваабаронца, “спайваньне насельніцтва дзяржавай”.

У дзьвюх краінах Эўропы -- Мальце і Ісляндыі летась ўвогуле ня было зарэгістравана ніводнага забойства. У Францыі на 100 тысяч жыхароў было 1,38 забойстваў, у Нямеччыне – 0,88.

Для параўнаньня: паказчык Беларусі – 9,68. Нават сярод суседзяў Беларусь у лідэрах: тут на траціну забойстваў болей, чым ва Украіне, Латвіі.


XS
SM
MD
LG