Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Габрэй з Койданава ў латыскім СС


У Кракаве адбылася прэзэнтацыя кнігі “Ня трэба мяне забіваць” журналістаў польскай “Gazeta Wyborcza” Пётры Глухоўскага і Марціна Кавальскага.


Гэта кніга пра беларускага хлопчыка з Койданава Ільлю Гальперына, габрэя, які зараз жыве ў Аўстраліі. Гісторыя драматычная, але ў Беларусі пра яе амаль ніхто ня ведае...

Сям’я Саламона Гальперына з Койданава на пачатку вайны трапіла ў гета. Сямігадоваму хлопчыку Ільлі Гальперыну цудам удалося зьбегчы з гета, і ён нейкі час хаваўся ў лесе. А потым яго ўратаваў латыскі жаўнер з карнага батальёну. І сямігадовы хлопчык стаў, так бы мовіць, “сынам латыскага палка”. Беларускі гісторык Алег Дзярновіч пабываў на прэзэнтацыі кнігі, якую зь цікавасьцю прачытаў:

“І вось маленьні Ільля гуляў у мундзіры, спэцыяльна пашытым для яго, і што вельмі дзіўна – ён нават стаў сымбалем нацысцкай прапаганды. Польскія журналісты сьцьвярджалі: праўдападобна, што Гітлер глядзеў гэты фільм. Там паказваецца, як гэты хлопчык хадзіў па шпіталях, раздаваў нямецкім жаўнерам шакалядкі. Габрэйскі хлопчык стаў сымбалем нацысцкай прапаганды – вось што мяне больш за ўсё ўразіла. Яго здымалі нямецкія кінадакумэнталісты, а стужку гэту – таксама фантастычная гісторыя -- знайшлі ў Рыскім архіве кінадакумэнтаў. Яе знайшлі ўжо ў наш час”.

У канцы 1945 года гэты хлопчык уцёк з латыскага палка, спачатку на Захад, потым трапіў у Аўстралію, дзе жыве і дагэтуль. Але перажыць Ільлі Гальперыну давялося нямала. Працягвае гісторык Алег Дзярновіч:

“Цяпер яго завуць Алекс Курзэм. Калі ён пачаў распавядаць, у тым ліку і пра карныя апэрацыі, аўстралійскія латышы яму пагражалі:
да яго паступова вярталася памяць
маўляў, ты адзін з нас, ты ня можаш здрадзіць... Трэба проста ўявіць, якія жахі адбываліся ў яго галаве, бо калі ён быў сьведкам зьнішчэньня сваёй сям’і, заганяў усё углыб сябе... У яго была апэрацыя анкалягічная ўжо ў наш час, і да яго паступова вярталася памяць, ён пачаў прыгадваць, і ўзгадаў фантастычныя рэчы...”

Аказваецца, ягоны бацька, Саламон Гальперын, выжыў. Пасьля вайны ў яго была другая сям’я, і зводны брат Ільлі, сын бацькі ад другога шлюбу Эрык Гальперын жыве зараз у Менску. Польскія журналісты запрашалі Алекса з Аўстраліі ў Варшаву. Езьдзілі яны і ў Койданава, дзе да вайны жыла сям’я Гальперыных, адшукалі дом па вуліцы Кастрычніцкай, 12.

Акрамя кнігі “Ня трэба мяне забіваць”, у Польшчы выйшаў яшчэ і дакумэнтальны фільм “Усё, каб жыць”. Але беларусы пра гэтую кранальную гісторыю ня ведаюць. Меркаваньне гісторыка Алега Дзярновіча:

“На прэзэнтацыі прагучалі такія пытаньні: “Ён бачыў забойствы, зьдзекі, як ён мог на гэта рэагаваць?” Але ня будзем забываць, што хлопчыку тады было 7 – 8 гадоў максымум...

Ільля Гальперын (ён жа Алекс Курзэм) сустракаўся ня так даўно зь сям’ёй свайго брата. Сын Алекса Марк Курзэм – антраполяг, зараз выкладае ў Оксфардзкім унівэрсытэце.

Вельмі цікава, што ў цэнтры гэтай гісторыі апынулася, уласна кажучы, Беларусь, тут закранаецца Латвія, Польшча, Аўстралія, Брытанія. Але Беларусь практычна ня гучыць”.
XS
SM
MD
LG