Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінаагляд Максіма Жбанкова


Сёньня зноў будзьма размаўляць пра кіношны пазытыў і нэгатыў.


Агляд нашых кіношных здабыткаў варта пачаць з безумоўнага пазытыву – стужкі Ўэса Андэрсана "Цягнік на Дарджылінг. Адчайныя падарожнікі".

Рэжысэр амэрыканскі, героі - хутчэй за усё – брытанцы, пэйзажы і цягнік – індыйскія. Тры браты рушаць на пошукі маці, што калісьці зьехала на Усход. І на працягу свайго дзівацкага падарожжа не спыняюць высьвятленьне адносінаў паміж сабой, з бацькамі і казачнай краінай Індыяй. Гучыць ня надта натхняльна, але глядзець на гэты вэрхал вельмі цікава. Таму што андэрсанаўскія браты – гэта адначасова тры мушкецёры, тры анёлы і тры блазны. Оўэн Уілсан, Эдріэн Броўдзі і Джэйсан Шварцман.

Фільм Андэрсана – лепшае абвяржэньне вядомага тэзісу Кіплінга пра тое, что Ўсход ёсьць Усход, Захад ёсьць Захад і разам ім ніколі ня быць. Вось вам Захад на Усходзе! І Усход на Захадзе! Тройка стылёвых небаракаў адчыняе брамы падсьвядомасьці ня горш за колішніх "бітлоў", якія ў свой час, дарэчы, таксама вандравалі па Індыі. "Цягнік на Дарджілінг" спалучае клясычнае road-movie, глюкі падарожнікаў-завочнікаў і стрыманы лірызм Джыма Джармуша. Фактычна гэта каляровая мэдытацыя з нагоды бясконцага лета, смуглявых прыгажунь і ўпартай адмовы рабіцца дарослым.


Галоўны нэгатыў тыдня – "Тэлепорт", экранны фастфуд ад рэжысэра Дуга Лімана. Падобна на тое, што аўтар стужак пра Джэйсана Борна і неверагоднае каханьне містэра і місіс Сьмітаў вырашыў адпачыць і па-лёгкаму зарабіць грошыкаў. Вось і атрымаўся Ліман light - коміксавая гісторыя пра хлопчыка, што жыве па прынцыпу "Толькі быў - і раптам зьнік".

Сюжэт, варты паўгадзіннага адпачынку таннага сэрыялу, расьцягваецца на поўны мэтр. А там, дзе героям няма чаго казаць, пачынаюцца кампутарныя скокі праз прастору і час. Фактычна гэта чарговы клён "Матрыцы", толькі цалкам пазбаўлены інтэлектуальнага падмурку. І тут не ратуюць нават доўгія плашчы ды прывабныя дзяўчынкі.


А зараз - мой асабісты выбар гэтага тыдня. Старое крымінальнае кіно 60-х гадоў. "Драпежнікі", рэжысэр Рэне Клэман. Выдатнае ўвасабленьне клясычнай формулы посьпеху: сцэнар па бэстсэлеру Дэя Кіна, выкшталцоная чорна-белая карцінка, Джэйн Фонда, Ален Дэлон і шыкоўны джазавы саўндтрэк непараўнальнага Лала Шыфрына.

"Драпежнікаў" глядзець неверагодна цікава. Асабліва пасьля найноўшых кампутарных блёкбастараў. Мінімум штучных эфэктаў! Ёсьць папросту цікавыя характары ў эфэктных сытуацыях. І кінавока, каб за імі назіраць. Проста? Так, надзвычай проста. Але паспрабуйце паўтарыць!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG