Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня кіраўнік Рэгіянальнага прадстаўніцтва Фонду імя Фрыдрыха Эбэрта ва Ўкраіне і Беларусі Штэфан Хробат заявіў пра пачатак працэсу закрыцьця прадстаўніцтва ў Менску.


Гэта быў адзіны афіцыйна зарэгістраваны замежны палітычны фонд, які працаваў у Беларусі ад 1997 году.

Кіраўнік акрэдытаванай у Беларусі філіі прадстаўніцтва Фонду Фрыдрыха Эбэрта Сяргей Анацка ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў:

“Гэта перадусім выклікана тым, што зьмяніліся ўмовы працы. У тым ліку зьмянілася заканадаўства Беларусі, таму фонд мусіць зачыняцца. Ёсьць такі дакумэнт, як “Палажэньне аб прадстаўніцтвах”, у апошні час яно зьмянілася. То бок калі раней трэба было, каб МЗС, Мін'юст ці суд прымаў рашэньне аб закрыцьці арганізацыі, то сёньня атрымліваецца, што адмысловага рашэньня прымаць ня трэба. І калі тэрмін скончыўся, то прадстаўніцтва аўтаматычна лічыцца зачыненым. Таму фонд сам змушаны пачынаць працэс закрыцьця. Былі падрыхтаваныя ўсе дакумэнты, яны былі пададзеныя, але мы не атрымалі адказу”.

Адказу на свой запыт, накіраваны ў Міністэрства замежных справаў, у фондзе чакалі больш за два гады.

У МЗС на наш запыт не патлумачылі, зь якіх прычынаў фонду Эбэрта не працягнутая афіцыйная рэгістрацыя.

Фонд імя Фрыдрыха Эбэрта падтрымліваў у Беларусі вялікую колькасьць кантактаў як з грамадзкімі арганізацыямі, так і зь дзяржаўнымі ўстановамі. Для прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і афіцыйных ведамстваў рэгулярна ладзіліся сэмінары і круглыя сталы. Так, летась кіраўніцтва фонду арганізавала ў Менску дыспут памяці Фэдэральнага прэзыдэнта Нямеччыны Яганэса Раў, дзеля чаго ў Беларусь былі запрошаныя вядомыя нямецкія палітыкі, у прыватнасьці прэм’ер-міністар зямлі Брандэнбург Матыяс Пляцэк.

Тады ж, у кастрычніку 2007 году, Менск наведаў кіраўнік Рэгіянальнага прадстаўніцтва доктар Штэфан Хробат. У дыспуце браў удзел амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Гэрхарт Вайс, выступіў перад прысутнымі міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў. Тады гэты факт быў расцэнены як чарговы знак станоўчых перамен у эўрапейскім палітычным вэктары афіцыйнага Менску.

Праца Рэгіянальнага офісу фонду Эбэрта ва Ўкраіне, адкуль каардынавалася дзейнасьць менскага прадстаўніцтва, зьменаў не зазнала.

Прадстаўніцтва нямецкага фонду з галоўным офісам у Бэрліне працуе больш як у сотні краінаў сьвету. У кіеўскім офісе працэс закрыцьця філіі фонду Эбэрта называюць “прыкрым для Беларусі фактам”. “Зьмена ўмоваў у Беларусі і палітычныя крокі афіцыйных уладаў прывялі да таго, што неабходнасьць закрыцьця прадстаўніцтва стала непазьбежнай”, — гаворыцца ў распаўсюджаным сёньня прэс-рэлізе фонду імя Фрыдрыха Эбэрта.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG