Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня споўніліся тры гады з дня сьмерці папы рымскага Яна Паўла Другога. Ён памёр 2 красавіка 2005-га ўвечары ў сваёй рэзыдэнцыі ў Ватыкане.


Плённае жыцьцё Яна Паўла Другога і ягоная актыўная дзейнасьць да апошніх дзён, не зважаючы на ўзрост і зьнясіленасьць хваробамі, былі натхненьнем і ўзорам для мільёнаў вернікаў ува ўсім сьвеце.

Міжнародны друк, асабліва на радзіме Яна Паўла Другога, у Польшчы, прысьвячае шмат увагі трэцяй гадавіне ягонай сьмерці. У Ватыкане і ў Польшчы адбыліся жалобныя ўрачыстасьці і вечары памяці пантыфіка.

У інтэрвію ватыканскай газэце "L'Osservatore Romano" прэфэкт Кангрэгацыі біскупаў кардынал Джаваньні Батыста Рэ назваў Яна Паўла Другога “пратаганістам найважнейшых падзеяў нашай эпохі”. Кардынал адзначыў, што “папа змагаўся з камунізмам не з палітычных меркаваньняў, але таму, што гэта была сыстэма, якая прапагандавала бязбожжа, перасьледавала Царкву і адмаўляла чалавеку права на поўную свабоду”. Ён быў героем і беспасярэднім удзельнікам ды ініцыятарам важных, гістарычных падзеяў, краху камунізму і падзеньня Бэрлінскага муру, але “першая і фундамэнтальная рыса ягонага пантыфікату мае рэлігійнае вымярэньне”, адзначыў Джаваньні Батыста Рэ.

Ян Павал Другі кіраваў каталіцкай Царквою ў пераломны гістарычны час і ўвёў Царкву ў трэцяе Тысячагодзьдзе. За 26 гадоў свайго пантыфікату ён нармалізаваў адносіны з пратэстантамі, зь юдэямі і з мусульманамі. У сваім навучаньні адстойваў традыцыйныя хрысьціянскія каштоўнасьці, сьвятасьць жыцьця, неразрыўнасьць сужэнства. Пасьлядоўна выступаў супраць сэкулярызацыі жыцьця і маральнага рэлятывізму, пратэставаў супраць абортаў, кантрацэптываў і эўтаназіі, быў праціўнікам скасаваньня цэлібату, але таксама асуджаў гвалт, заклікаў да міру і згоднага суіснаваньня самых розных культураў і цывілізацыяў, адстойваў правы чалавека ўсюды, дзе выпала яму быць падчас больш як ста пілігрымак ў розныя краіны сьвету, у тым ліку на Кубу. Насуперак пазыцыі многіх кардыналаў Ян Павал Другі публічна папрасіў прабачэньня за грахі і правіны Царквы ў мінулым. “Усе ягоныя высілкі былі накіраваныя на тое, каб зрабіць магчымым “вяртаньне Бога ў гэты сьвет”, адзначыў кардынал Рэ.

Ужо падчас урачыстага пахаваньня Яна Паўла Другога вернікі на плошчы сьвятога Пятра трымалі транспаранты з словамі “Santo subito” – “сьвяты адразу”. Рашэньнем ягонага пераемніка, папы Бэнэдыкта Шаснаццатага, у самы кароткі час распачаўся працэс бэатыфікацыі Яна Паўла Другога, далучэньня яго да ліку “блаславёных”, што зьяўляецца першым этапам на шляху да кананізацыі, прызнаньня сьвятым.

Як паведаміў каардынатар бэатыфікацыйнага працэсу ксёндз Славамір Одэр, увесь час прыходзяць лісты на адрас “Ян Павал Другі-рай”. Адмысловая камісія падрабязна аналізуе жыцьцё і ўчынкі пантыфіка, фіксуе і паддае ацэнцы сьвецкіх экспэртаў цуды і цудоўныя здарэньні, якія адбыліся дзякуючы відавочнаму малітоўнаму стараньню папы. Не чакаючы афіцыйнага прызнаньня “блаславёным”, многія вернікі ужо моляцца не за яго, але на яго. Мяркуецца, што бэатыфікацыя адбудзецца 16 кастрычніка, у 30-ю гадавіну абраньня кардынала Вайтылы рымскім папам.
XS
SM
MD
LG