Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дачка экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна Юля прачытала карэспандэнту “Свабоды” апошні ліст ад бацькі, у якім той кажа, што ў калёніі да яго пачалі ставіцца больш жорстка.


“Тут пасьля ўвядзеньня ЗША санкцыяў пачаліся санкцыі ў адказ супроць атраду, у якім я знаходжуся. Праводзіцца шырокамаштабная апэрацыя, мяркую, пад кіраўніцтвам спэцслужбаў, пад назвай “Блякада Казуліна”. Яе мэта — абсалютная ізаляцыя мяне ад зьнешняга сьвету, ад грамадзтва.

За кожным маім чыхам назірае натоўп розных кантралёраў. Тут кажуць, што засталося толькі пакласьці спаць побач са мной начальніка апэратыўнай часткі калёніі. У астатнім уся праграма: відэаназіраньне, праслухоўваньне, вывад з калёніі тых, каго хоць у чымсьці падазраюць адносна кантактаў са мной”.

Таксама апазыцыянэр паведамляе пра рэпрэсіі ў дачыненьні да тых супрацоўнікаў калёніі, якія паставіліся да яго па-чалавечы, калі памерла яго жонка Ірына.
За тое, што ў цяжкі момант майго жыцьця падпалкоўнік Коваль даў мне пазваніць дамоў, каб пагаварыць зь цяжка хворай жонкай, яго фактычна выгналі з працы.


“Рэжым у калёніі стаў настолькі больш жорсткім, што найменшая памылка можа дорага каштаваць супрацоўнікам калёніі. Толькі за тое, што ў цяжкі момант майго жыцьця, 10 лютага, зампаліт калёніі падпалкоўнік Клім Коваль даў мне магчымасьць пазваніць дамоў, каб пагаварыць зь цяжка хворай жонкай, яго фактычна выгналі з працы. Яго адразу адправілі ў адпачынак, зь якога, як сказалі, ён ужо ня вернецца. Ёсьць зьвесткі, што супроць яго зьбіраюцца завесьці крымінальную справу. А гэта была мая апошняя размова з жонкай. Коваль зрабіў усё па-чалавечы і не парушыў закону”.

Юля Казуліна паведаміла, што зараз яе бацька ўжо ня можа слухаць у калёніі Радыё Свабода.

“Ён нас папярэджвае, каб былі асьцярожнымі і вельмі абачлівымі. Піша: “Не забывайцеся, што я цяпер знаходжуся ў найвялікшай ізаляцыі. Нават Радыё Свабода ўжо не паслухаеш, бо моцна заглушаюць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG