Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнку ня хочуць бачыць у Бухарэсьце


МЗС Беларусі сёньня выступіў з заявай аб тым, што Беларусь адмаўляецца ад удзелу ў саміце Рады Паўночнаатлянтычнага партнэрства, які адбудзецца 3 красавіка ў Бухарэсьце.


МЗС Беларусі паведамляе, што НАТО ўхваліла рашэньне наконт абмежаваньня ўзроўню ўдзелу беларускага боку ў заўтрашнім саміце Рады Паўночнаатлянтычнага партнэрства і інфармавала пра гэта афіцыйны Менск. Беларускае замежнапалітычнае ведамства назвала гэтае рашэньне “непрымальным” і супярэчным з ухваленым у 1997 годзе Базавым дакумэнтам Рады Паўночнаатлянтычнага партнэрства. “У сувязі з гэтым Рэспубліка Беларусь з прынцыповых меркаваньняў вымушаная адмовіцца ад удзелу ў Бухарэсцкім саміце”, — заявіла МЗС Беларусі.

Сустрэча мае прайсьці ў Бухарэсьце заўтра на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў ці ўрадаў краінаў-сябраў Рады Паўночнаатлянтычнага партнэрства ў форме рабочага абеду. Рада Эўраатлянтычнага партнэрства — кансультатыўны орган у справах бясьпекі ў рэгіёне.

Прычына дэмаршу МЗС Беларусі ў тым, што на сустрэчы ў Бухарэсьце ня хочуць бачыць Аляксандра Лукашэнку.

На заўтрашнім саміце Рады Паўночнаатлянтычнага партнэрства ў Бухарэсьце спадара Лукашэнку, сапраўды, не чакаюць, пацьвердзіў “Свабодзе” намесьнік прэсавага сакратара НАТО Робэрт Пшчэл:

“Не патрэбна ніякага пацьверджаньня, гэта зусім не сакрэт, што ў НАТО няма намераў запрашаць на саміт Аляксандра Лукашэнку ў сувязі зь незахаваньнем ім дэмакратычных стандартаў у Беларусі”.

“Мы праводзім палітыку абмежаваньня сустрэчаў і кансультацыяў зь Беларусьсю на высокім узроўні. У гэтым канкрэтным выпадку было вырашана, што Беларусь зможа паўдзельнічаць у гэтым рабочым абедзе на ўзроўні амбасадара”, дадаў Робэрт Пшчэл.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць рашэньне НАТО панізіць узровень прадстаўніцтва Беларусі на саміце ў Бухарэсьце цалкам лягічным, адпаведным эўраатлянтычнай палітыцы адносна Беларусі:

“Гэта само сабой зразумела, гэта абсалютна натуральна, Лукашэнку не павінна быць дарогі на любую дэмакратычную зямлю. Ёсьць тут, на жаль, толькі адно выключэньне — ААН”.

Вінцук Вячорка згадвае, што нядаўна ў Беларусь прыяжджалі экспэрты НАТО, якія высьвятлялі агульную сытуацыю і гатовасьць афіцыйнага Менску супрацоўнічаць з НАТО. Вінцук Вячорка сустракаўся зь імі і казаў, што паколькі беларускае войска не заангажаванае ў рэпрэсіўную машыну, то НАТО трэба падтрымліваць зь ім кантакты. Але апошнім часам сытуацыя пачала мяняцца:

“Апошнія падзеі, зьвязаныя з выкарыстаньнем арміі як рэпрэсіўнага мэханізму, — справа Жалезьнічэнкі, пагрозы забіраць у войска тых маладых людзей, якіх бяспраўна выкідаюць з унівэрсытэтаў, — яны паказваюць, што, на жаль, цяпер кіраўніцтва Міністэрства абароны паддалося гэтаму ціску з боку кіраўніцтва дзяржавы, адыйшло ад прынцыпу неўмяшаньня арміі ў рэпрэсіўную палітыку. І тут блёк НАТО павінен свае высновы рабіць. І ў гэтым сэнсе зьніжэньне ўзроўню прадстаўніцтва выглядае лягічна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG