Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адчуваеце вы, што жывяце ў Саюзнай дзяржаве? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.


Спадарыня: “Ведаеце, я жыву ў вельмі цудоўнай краіне — Рэспубліцы Беларусь, і іншай я для сябе радзімы не ўяўляю. Я шмат дзе езьдзіла, бачыла, але самая прыгожая краіна — гэта наша. І навошта мне адчуваць нейкія саюзы, мне галоўнае адчуваць там, дзе я жыву”.

Спадар: “Мне здаецца, няма ніякай садружнасьці. Асабіста я жыву ў СССР. Бо якая гэта Беларусь, калі бюджэт яе складаецца толькі з штрафаў, людзі запалоханыя. Што тут “бацька” натварыў, то гэта ў ніякія рамкі ня ўвойдзе”.

Дзяўчына: “А, не, нічога не адчуваецца, толькі людзі па-расейску размаўляюць, і ўсё”.

Спадар: “Ніякіх адчуваньняў няма. Адзіны плюс, што расейскія каналы паказваюць, бо калі глядзець айчынныя, то...”

Карэспандэнт: “Дык вы лічыце, што ў рэальнасьці саюзнай дзяржавы не існуе?”

Спадар: “Пакуль гэтага ніяк не адчуваецца, і калі казаць пра нейкія адносіны расейска-беларускія, то павінен зазначыць, што Расея часам бывае горшай для Беларусі, чым увесь белы сьвет. Узгадайце хаця б газавы канфлікт...”

Спадар: “Напэўна, усё ж няма ніякіх адносін саюзных. Паглядзіце, газ для Беларусі робіцца даражэйшы, дый іншае. Раней казалі, што грошы будуць агульныя, але нічога падобнага няма. Усё даражэе, больш нічога дадаць не магу”.

Хлопец: “Памятаю, некалі ўсе былі настроеныя на тое, што будзе адна дзяржава, адзін прэзыдэнт, адны грошы, але ўсё гэта так і засталося толькі на словах. Дый людзі цяпер да гэтага саюзу ставяцца адпаведна”.

Спадар: “Беларусь — гэта Беларусь. А Расея — гэта Расея”.

Карэспандэнт: “Значыцца, вы не адчуваеце, што мы жывём у адной дзяржаве?”

Спадар: “Ані грамулькі. Лічу, што гэтай дзяржавы няма”.

Хлопец: “Папраўдзе кажучы, не адчуваю я адной дзяржавы. Паводле дакумэнтаў, можа, гэта й адбылося... Цяжка сказаць”.

Спадарыня: “Не, яшчэ нічога падобнага не адбылося”.

Спадарыня: “Не, не адчуваю, няма такога пачуцьця: Беларусь застаецца Беларусьсю, а Расея — Расеяй. Няма такога пачуцьця, што мы адна краіна”.

Спадарыня: “Не, абсалютна такога адчуваньня няма, бо ў маім штодзённым жыцьці ўсе гэтыя правілы, якія дэкляруюцца з экрана тэлевізара, мяне не датычаць. І ўвесь гэты “ўзьлёт эканомікі, саюзныя праграмы” — усё гэта эфэмэрнасьць, бо на эканоміку Беларусі ўплыву ня мае. І ў сваім матэрыяльным жыцьці я гэтага таксама не адчуваю”.
XS
SM
MD
LG