Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьці ранішняга эфіру "Свабоды" экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч і лідэр АГП Анатоль Лябедзька палемізуюць на тэму, як мусяць будавацца адносіны Беларусі і Расеі.


Сёньня ў Беларусі і Расеі афіцыйнае сьвята -- Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі. 12 гадоў таму Барыс Ельцын і Аляксандар Лукашэнка падпісалі ў Маскве дамову аб супольнасьці Беларусі і Расеі. А ў сьнежні 1999 году была падпісаная дамова пра так званую саюзную дзяржаву. Аднак апошнім часам, асабліва пасьля таго, як Расея заявіла пра пераход у дачыненьнях з Беларусьсю на рынкавыя ўмовы, інтэграцыйныя рухі з абодвух бакоў сталі менш выразнымі.

Як мусяць будавацца адносіны Беларусі й Расеі? Пра гэта ў ранішнім эфіры “ Свабоды“ мы гутарым з прыхільнікам беларуска-расейскай інтэграцыі экс-дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, трохразовым Алімпійскім чэмпіёнам Уладзімерам Парфяновічам і праціўнікам саюзу Беларусі і Расеі лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам.

Ганна Соўсь: “Найперш я хачу зьвярнуцца да экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Парфяновіча, аднаго з аўтараў “Менскага маніфэсту беларуска-расейскага яднаньня”. Менгарвыканкам забараніў праводзіць шэсьце з нагоды Дня яднаньня Беларусі і Расеі, дазволены толькі мітынг і канцэрт на плошчы Бангалор. Наколькі я памятаю, летась 2 красавіка на Бангалор з нагоды гэтага афіцыйнага сьвята прыйшлі з дзесятак чалавек. Як Вы прагназуеце, ці сёлета колькасьць прыхільнікаў беларуска-расейскай інтэграцыі будзе большай?”

Парфяновіч:
“Пытаньне ня ў тым, колькі прыйшло людзей, а пытаньне ў тым, колькі людзей на самой справе падтрымлівае гэтую ідэю.

А людзей будзе болей”.

Соўсь: "І колькі падтрымлівае?"

Парфяновіч: "Ня ведаю, гэтым больш займаўся Валеры Фралоў, таксама дэпутат Палаты прадстаўнікоў 2-га скліканьня.

Мяркую, што будзе ў разы болей".

Соўсь
: “У мяне пытаньне да лідэра АГП Анатоля Лябедзькі. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч нядаўна распавёў, што на перамовах у Менгарвыканкаме напярэдадні Дня Волі прапанаваў уладам зьделку. “Яны не разганяюць наш мітынг на 25 сакавіка, а мы за іх разганяем мітынг на 2 красавіка".

Парфяновіч: “Гэта зусім дрэнна”.

Соўсь: “Якое ўвогуле стаўленьне ў аб’яднаных дэмакратычных сілаў да ініцыятываў іншых апазыцыйных да ўладаў палітыкаў, якія выступаюць, як вось напрыклад Уладзімер Парфяновіч і Леанід Сініцын, за ўваходжаньне Беларусі ў якасьці сувэрэннай дзяржавы ў склад Расейскай Фэдэрацыі на правах асацыіраванага суб’екту?

Парфяновіч: “Вы ня правільна гаворыце, ня ў склад і не ўваходжаньне. Беларусь ня страціць сувэрэнітэт...”

Анатоль Лябедзька:
“Я пачаў бы ўсё ж з удакладненьня. А што такое сьвята? Я памятаю з дзяцінства. Нягледзячы на тое, якое было надвор'е на вуліцы, хто сядзеў у крэсьле першага сакратара КПСС, мае бацькі і я разам зь імі сьвяткавалі Вялікдзень і Каляды. На гэта не маглі паўплываць ніхто і нішто. Сьвята гэта ёсьць стан чалавека, гэта яго душа. Гэта ня некалькі расьцяжак у цэнтры Менску, і гэта не заяўка, якая пададзеная ў Менгарвыканкам, і потым туды спрабуюць заманіць некалькі дзесяткаў людзей. Гэта ня мае ніякіх адносінаў да сьвята.

25 сакавіка -- гэта сьвята, таму што тысячы людзей самі без прымусу, без падказкі выходзяць на вуліцы, а тое, што зараз спрабуюць зрабіць калегі, з пункту гледжаньня палітыкі -- гэта іх права. Я не разумею толькі, ў чым мэта, дакладней разумею і скажу пра гэта крыху пазьней. Але думаю, што на гэта няма попыту ў Беларусі. Гэта ніша Натальлі Вятрэнкі ва Ўкраіне.

Але ва Ўкраіне ёсьць зразумелая палітычная пэрспэктыва. Там праводзяцца выбары паводле прапарцыйнай сыстэмы, там дастаткова набраць 3 працэнты галасоў выбарнікаў і трапіць у парлямэнт. У Беларусі нават праўладныя сацыялягічныя службы гавораць, што за тое, каб Беларусь аб'ядналася з Расеяй выступаюць 3.6 працэнтаў людзей.

Калі б у нас быў такі закон, які б даваў магчымасьць набраць 3 працэнты і прайсьці ў парлямэнт, тады я разумею такі палітычны бізнэс. Людзі робяць стаўку на гэтую частку грамадзтва, невялікую. Атрымоўваюць іх галасы, праходзяць у парлямэнт і там лябіраваць нейкія свае карпаратыўныя ці індывідуальныя інтарэсы. Усё зразумела, але ня ў нашай сытуацыі. Я думаю, што ксэракопія горш арыгіналу. Паўтарыць шлях Аляксандра Лукашэнкі проста немагчыма”.

Самае галоўнае -- сонца ўстае на ўсходзе, а не на захадзе

Парфяновіч:
"Я хацеў бы запытаць Анатоля. Калі мы былі ў Брусэлі гады 3-4 таму, што адказаў Саляна, калі запыталі яго наконт пэрспэктываў уваходу ў Эўразьвяз. Саляна выказаўся тады, што Беларусь ніхто не чакае ў Эўропе гадоў 15. І разгледжваць гэтае пытаньне ня будуць. Па-другое, нашы народы, заўжды былі разам, і гэта ня толькі нейкая эканоміка, гэта тое, што зьвязана з душой чалавека, з нашымі каранямі, якія засталіся ў нас. А ісьці туды, дзе не чакаюць, ісьці туды, дзе мы ніколі не былі. Самае галоўнае -- сонца ўстае на ўсходзе, а не на захадзе”.

Соўсь: Я прапаную гасьцям ранішняга эфіру пракамэнтаваць апытаньне, якое Алег Грузьдзіловіч правёў на вуліцах Менску. Ці хацелі б вы аб’яднаньня Беларусі з Расеяй? Калі так, то ў якой форме, калі не, то што вас не задавальняе?”

Спадар: “Было два варыянты: калі Беларусь уваходзіць у склад Расеі і другі, калі эканамічны саюз. Мне больш падабаецца другі варыянт – раўнапраўныя эканамічныя адносіны, сяброўскія. А дзяржавы незалежныя”.

Бізнэсовец: “ Я за агульную мытную прастору, магчыма і агульная валюта. Але не расейскі рубель, а нейкую агульную трэба распрацаваць. І хай будзе саюз як ў эўрапейцаў”.

Спадар: “Усе паўсюль аб’яднаныя. Толькі Эўропа супрацьстаіць дыктату ЗША. Мы адны выжыць ніяк не здолеем , як бы мы не хацелі, як бы ні тужыліся”.

Студэнт: “Аб’яднаньне народаў – добрая рэч. Я не супроць, каб гэта адбылося як мага хутчэй. Хай гэта будзе саюз незалежных дзяржаў па прыкладзе Эўразьвязу”.

Юнак. “Мне ўсё роўна, калі шчыра. Што адна дзяржава, што дзьве самастойныя. Хіба мяне гэта тычыцца?”

Дзяўчына: “Ня ведаю. Кажуць бацькі, што ў Савецкім Саюзе жылося лепш. Можа было б лепей, каб аб’ядналіся. А з большага чым гэта будзе не Савецкі Саюз?”

Студэнтка: “Я супраць аб’яднаньня ў адну дзяржаву. Навошта гэта? Беларусь самастойная краіна і хай ёй застаецца. Што будуць танныя энэрганосьбіты ня веру. Кожны хвалюецца пра свой народ і расейцы ніколі не пагодзяцца, каб іх нафта ў нас каштавала б столькі ж, як ў Расеі. І ў тое, што яны будуць клапаціцца пра нас, як пра сваіх, калі мы ўвойдзем у склад Расеі? Ня веру. Такое ужо было ў гісторыі, русыфікацыя. Яны абавязкова пачнуць дамінаваць, у іх такі характар.”

Жанчына: “Канешне, я за аб’яднаньне. Без камэнтару”.

Малады чалавек: “Я б не хацеў аб’яднаньня з Расеяй. А тое, што мы рызыкуем апынуцца ў ізаляцыі? Самі вінаватыя. Калі наша зьнешняя і ўнутраная палітыка зьменяцца, то зьменіцца і стаўленьне да нас у сьвеце”.

Пэнсыянэрка: “Жанчына я простая, без адукацыі, нават ня ведаю, што сказаць. Сябраваць трэба, а што да адзінай дзяржавы... Ня ведаю. У мяне вось 2-га красавіка дзень нараджэньня. Дзякуй за віншаваньне”.

Соўсь: Я папрашу пракамэнтаваць гэтае апытаньне лідэра АГП Анатоль Лябедзька і былога дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Уладзімера Парфяновіча.

Нам патрэбнае стратэгічнае партнэрства, сёньня, на вялікі жаль, мы бачым, што ёсьць рэальная пагроза эканамічнаму сувэрэнітэту
Лябедзька:
“Па-першае, некалькі рэплік у адказ. Па-першае, Беларусі нікуды ня трэба ісьці. Яна геаграфічна знаходзіцца ў самым цэнтры. І ня трэба нам блукаць у пошуках нейкага асаблівага шляху. Не ісьці туды, дзе сонца ўсходзіць, і не туды, дзе заходзіць. Самы актуальны лёзунг сёньня як раз Эўропу ў Беларусь. Нам трэба вярнуцца да нашых вытокаў, да нашай эўрапейскасьці. Не трэба забываць, што першая Канстытуцыя была напісаная вось тут, на гэтай зямлі, гэтымі людзьмі. Па-другое, як гаварыў адзін расейскі палітык: “Мухі асобна, катлеты асобна”.

Мы зараз абмяркоўваем сытуацыю пэрспэктывы палітычнага аб'яднаньня Беларусі і Расеі, а не інтэграцыю ў Эўропу. Інтэграцыя ў Эўропу -- гэта ёсьць мэта, і да яе трэба ісьці пакрокава. І першы крок, нягледзячы на ўсход і на захад, гэта крок да дэмакратыі, да таго, каб дэмакратычныя каштоўнасьці былі рэалізаваныя ў Беларусі. Каб быў суд, парлямэнт, каб у людзей было права выбару. Вось гэта самае галоўнае, і самае актуальнае. А лічба 3.6 працэнты зьявілася напачатку гэтага году, гэта было сацыялягічнае апытаньне на замову Адміністрацыі прэзыдэнта. Незалежныя сацыёлягі даюць крыху болей высокую лічбу -- 4-5 адсоткаў”.

Парфяновіч: "Гэта няпраўда. Вы самі чулі, што адказвалі людзі. Большая частка насельніцтва адказвае так, што мы за ўваходжаньне, за яднаньне, за тое. каб наша крана была...”

Лябедзька: “Незалежная”.

Парфяновіч:
“Самастойная. Анатоль, чаму Вы ніколі не кажаце, што ніхто нас не чакае ў Эўропе. На мітынгах Вы кажаце, што мы ў Эўропу. Вы людзей няправільна арыентуеце. Я таксама за дэмакратыю ў Беларусі, я -- за сумленныя справядлівыя выбары”.

Соўсь: І апошняе пытаньне ў мяне да абодвух гасьцей -- сфармулюйце, калі ласка, каротка асноўныя плюсы і мінусы беларуска-расейскай інтэграцыі, калі яны з вашага гледзішча канечне ёсьць – плюсы альбо мінусы.

Але з аднаго боку не чакаюць, а з другога мы заўсёды былі разам
Парфяновіч:
"Я так разумею. што Анатоль не ідзе нікуды -- ані ў Эўропу, ён хоча застацца тут у Беларусі. Я таксама хачу застацца і жыць ў Беларусі, каб тут усё добра было. Асноўныя прынцыпы, якія мы выказваем за яднаньне. На сёньня ўсе краіны зьмяніліся, зьмянілася сытуацыя ва ўсіх краінах. Адным нам ня выжыць. Гэта самае галоўнае. Мы адны ў гэтым сьвеце не выжывем . І нам патрэбная быць з аднаго ці з іншага боку. Але з аднаго боку не чакаюць, а з другога мы заўсёды былі разам”.

Лябедзька
: "Нам патрэбнае стратэгічнае партнэрства, сёньня, на вялікі жаль, мы бачым, што ёсьць рэальная пагроза эканамічнаму сувэрэнітэту. І значная частка расейскай палітычнай эліты хацела б інкарпараваць Беларусь у склад Расеі. Гэта пагроза. А ёсьць чалавечыя стасункі, гуманітарная сфэра, эканоміка, іх трэба разьвіваць, але тут толькі на прынцыпах стратэгічнага партнэрства. У Эўропе нас чакаюць, Эўропа адкрытая, але туды нельга заехаць на браніраванай машыне, у якой сядзіць Аляксандра Лукашэнка. Туды трэба уяжджаць цывілізавана і выконваць усе правілы вулічнага руху. На чырвоны стаяць, на зялёны рухацца. Мне шкада, што нават Аляксандар Лукашэнка зразумеў, што 95 працэнтаў жыхароў Беларусі хочуць жыць у сваім доме, а не ў камунальнай кватэры, а мае калегі, вось напрыклад Уладзімер Парфяновіч, гэтага так і не зразумеў”.



  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG