Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні Дня аб’яднаньня народаў Расеі і Беларусі “Свабода” правяла апытаньне. “Ці хацелі б вы аб’яднаньня Беларусі з Расеяй? Калі так, то ў якой форме, калі не, то што вас не задавальняе” -- на гэтае пытаньне адказвалі людзі на праспэкце Незалежнасьці ў Менску.


Спадар: “Было два варыянты: калі Беларусь уваходзіць у склад Расеі і другі, калі эканамічны саюз. Мне больш падабаецца другі варыянт – раўнапраўныя эканамічныя адносіны, сяброўскія. А дзяржавы незалежныя”.

Бізнэсовец: “ Я за агульную мытную прастору, магчыма і агульная валюта. Але не расейскі рубель, а нейкую агульную трэба распрацаваць. І хай будзе саюз як ў эўрапейцаў”.

Спадар: “Усе паўсюль аб’яднаныя. Толькі Эўропа супрацьстаіць дыктату ЗША. Мы адны выжыць ніяк не здолеем , як бы мы не хацелі, як бы ні тужыліся”.

Студэнт: “Аб’яднаньне народаў – добрая рэч. Я не супроць, каб гэта адбылося як мага хутчэй. Хай гэта будзе саюз незалежных дзяржаў па прыкладзе Эўразьвязу”.

Юнак. “Мне ўсё роўна, калі шчыра. Што адна дзяржава, што дзьве самастойныя. Хіба мяне гэта тычыцца?”

Дзяўчына: “Ня ведаю. Кажуць бацькі, што ў Савецкім Саюзе жылося лепш. Можа было б лепей, каб аб’ядналіся. А з большага чым гэта будзе не Савецкі Саюз?”

Студэнтка: “Я супраць аб’яднаньня ў адну дзяржаву. Навошта гэта? Беларусь самастойная краіна і хай ёй застаецца. Што будуць танныя энэрганосьбіты ня веру. Кожны хвалюецца пра свой народ і расейцы ніколі не пагодзяцца, каб іх нафта ў нас каштавала б столькі ж, як ў Расеі. І ў тое, што яны будуць клапаціцца пра нас, як пра сваіх, калі мы ўвойдзем у склад Расеі? Ня веру. Такое ужо было ў гісторыі, русыфікацыя. Яны абавязкова пачнуць дамінаваць, у іх такі характар.”

Жанчына: “Канешне, я за аб’яднаньне. Без камэнтару”.

Малады чалавек: “Я б не хацеў аб’яднаньня з Расеяй. А тое, што мы рызыкуем апынуцца ў ізаляцыі? Самі вінаватыя. Калі наша зьнешняя і ўнутраная палітыка зьменяцца, то зьменіцца і стаўленьне да нас у сьвеце”.

Пенсыянэрка: “Жанчына я простая, без адукацыі, нават ня ведаю, што сказаць. Сябраваць трэба, а што да адзінай дзяржавы... Ня ведаю. У мяне вось 2-га красавіка дзень нараджэньня. Дзякуй за віншаваньне”.

Падрыхтаваў Алег Грузьдзіловіч, Менск.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG