Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар тыдня -- палітык і праваабаронца Людміла Гразнова.


Людміла Гразнова – кандыдат эканамічных навук. У Вярхоўным Савеце 13-га скліканьня зьяўлялася намесьнікам старшыні парлямэнцкай Камісіі па бюджэту, падатках і зборах, падпісалася пад патрабаваньнем імпічмэнту А.Лукашэнку. Уваходзіла ў аргкамітэт грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97”, апошнія чатыры гады – намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Людміла Гразнова ўзначальвае зарэгістраванае ў Вільні грамадзкае аб’яднаньне “Праваабарончы альянс”. Сёньня яна размаўляе з журналістам Аляксандрам Уліцёнкам пра перамены ў дэмакратычным асяродку.

Уліцёнак: “Спадарыня Людміла, як бы вы ахарактарызавалі сёньняшні стан беларускай палітычнай апазыцыі: чарговы раскол, перагрупоўка, канфлікт традыцыйнай гвардыі з маладымі лідэрамі – што менавіта цяпер адбываецца?”

Гразнова: “Малады Фронт” – гэта апасіянарная зьмена, і тое, што яна робіць, для мяне зьяўляецца нейкім камэртонам. Гляджу на моладзь і думаю: можа яны й сапраўды на верным шляху – відаць прыйшоў час, каб быць не ў адным палітычным згуртаваньні, а займець палітычную акцэнтаванасьць у сэнсе правага і левага флянгаў. Бо калі такое разьмежаваньне ёсьць у грамадзтве, дык яно будзе і ў апазыцыі. Можа ў гэтым зараз якраз і абсалютна натуральны шлях”.

Уліцёнак:
“Вы толькі што вярнуліся з паездкі па рэгіёнах, у якой былі разам з Аляксандрам Мілінкевічам. Ці не азначае гэта, што ў партыях зьмірыліся з тым, што кожны мае права выбару: з кім яму быць?”

Гразнова: “Час тых эмацыйных дыскусій пра партыйную нібыта дысцыпліну мінуў. Зараз паразуменьня стала больш”.

Уліцёнак: “Якой вам падалася палітычная тэмпэратура глыбінкі: улада там кантралюе грамадзкую сьвядомасьць цалкам ці ёсьць выспы вольна-, свабодадумства?”

Гразнова: “Калі крышка на каструлі моцна прыціснутая, гэта яшчэ не азначае, што людзі падпарадкоўваюцца: яны маюць сваю думку. Якая мацнее. Тое ідзе вельмі востра і бурліва, нават рэактыўна. Таму я зусім далёкая ад думкі, што ўлада на верным шляху, калі трывае тую крышку, нічога не дазваляючы. Гэта можа прывесьці толькі да выбуху. Небясьпечнага ня толькі для ўлады, але – для ўсёй краіны”.

Уліцёнак: “Што мацуе сёньняшнюю ўладу?”

Гразнова:
“Вэртыкаль карыстаецца найперш сваім ня толькі палітычным, але й эканамічным манапалізмам: ўсё вакол фактычна дзяржаўнае, падкантрольнае, таму людзі, асабліва ў глыбінцы, у шырокай практыцы ня маюць іншых крыніцаў заробкаў. Але ж гэта ўсё да пары, як кажуць, да часу…”

Уліцёнак: “І што ў такім разе можа стаць дэтанатарам грамадзкага ўзрушэньня?”

Гразнова: “Найперш – пагаршэньне жыцьцёвага ўзроўню. Эканамічныя тэрмінанты працуюць у грамадзтве”.
XS
SM
MD
LG