Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сужэнцам Джуста-Барначын пагражае 3 гады турмы


Сёньня ў Генуэскім судзе для непаўналетніх працягнецца працэс у справе незаконнага ўтойваньня беларускай сіраты Вікі Мароз сужэнцамі з італьянскага мястэчку Кагалета. У якасьці абвінавачаных прадстануць пяць прадстаўнікоў сямейнага кляну Джуста-Барначын ды два каталіцкія сьвятары. Працэс ініцыяваны беларускім бокам. У якасьці пазоўніка выступіў Вілейскі інтэрнат для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі мовы, чыёй выхаванкай да восені 2006 была Віка Мароз.


Як піша выданьне Il Secolo XIX, ад верасьня 2006, калі сямейная пара з Кагалета вырашыла не аддаваць дзяўчынку назад у Вілейскі інтэрнат і цягам 20 дзён хавала яе ў швайцарскіх Альпах, Італія нібыта падзялілася на два лягеры -- тых, хто падтрымлівае сямейны клян Джуста-Барначын, і тых, хто лічыць, што іх учынак нанёс вялікую шкоду справе адпачынку чарнобыльскіх дзяцей у італьянскіх сем’ях.

Калі Генуэзкі суд у справах непаўналетніх дакажа наўмыснасьць дзеяньняў сужэнцаў з Кагалета, Алесандра Джуста і Марыю К’яру Барначын можа чакаць турэмнае пакараньне тэрмінам да трох гадоў.

Абарона мае намер ператварыць гэты працэс супраць кагосьці ў працэс супраць чагосьці, а менавіта ў працэс супраць абыякавасьці

Супраць падобнага прысуду выступаюць шэраг вядомых італьянскіх палітыкаў, уключна з сэнатарам Эўджыё Пэдрыні і намесьнікам прэзыдэнта Эўрапарлямэнту Марыё Маўра. Яны адкрыта настойваюць на поўным апраўданьні абвінавачаных і на ўзьяднаньні Вікі Мароз зь сям’ёй Джуста-Барначын.

Як заявіў напярэдадні працэсу адвакат сямейнай пары Джавані Рыка, “абарона мае намер ператварыць гэты працэс супраць кагосьці ў працэс супраць чагосьці, а менавіта ў працэс супраць абыякавасьці”

Паводле саміх Джуста-Барначын, судовае пакараньне хвалюе іх куды менш, чым аднаўленьне справядлівасьці ў дачыненьні да Вікі. Яны па-ранейшаму лічаць яе сваёй дачкой, а яна іх -- сваімі мамай і татам.

“Усё тое, што мы рабілі, было не дзеля нашага задавальненьня, а дзеля таго, каб гвалт у дачыненьні да дзіцяці быў спынены, -- кажа Марыя К’яра Барначын. -- Пракуратура лічыць інакш, яна супраць таго, каб Віка, якую мы лічым дачкой была разам з намі”.

Паводле аглядальнікаў, далейшае асьвятленьне справы ў прэсе будзе няпростым. Сярод прадстаўнікоў італьянскіх палітычных і дыпляматычных колаў нямала тых, хто зацікаўлены ў замоўчваньні сытуацыі.

Нагадаем, што напярэдадні працэсу галоўны пазоўнік – Вілейскі інтэрнат для дзяцей зь цяжкімі парушэньнямі мовы -- адмовіўся ехаць на суд. Пра гэта заявіў Свабодзе яго дырэктар Мікалай Ваўчкоў. Паводле італьянскіх выданьняў, “сам пазоў не адкліканы. Тэарэтычна гэта можа зрабіць нават сёньня да пачатку працэсу адвакат афіцыйнага Менску Пэруджыні. У такім выпадку судовая справа будзе закрытая, так і не распачаўшыся”.



XS
SM
MD
LG