Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Барацьба за месца пад сонцам


Больш за два гады ідзе процістаяньне паміж уладальнікамі салярыяў і Міністэрствам аховы здароўя, якое настойвае на неабходнасьці ліцэнзаваньня паслугаў салярыяў.


Уладальнікі салярыяў (а студыяў штучнага загару ў Беларусі больш за 300) настойваюць на тым, што гэта фізкультурна-аздараўленчая дзейнасьць, якая ліцэнзаваньню не падлягае.

Галоўны аргумэнт Міністэрства аховы здароўя: штучны загар – гэта фізыяпрацэдура, а не фізкультурна-аздараўленчая дзейнасьць. Да таго ж, у салярыі выкарыстоўваецца ўльтрафіялетавае апраменьваньне, якое можа нанесьці шкоду здароўю. Уладальнікі салярыяў спасылаюцца на “Агульнадзяржаўны клясыфікатар відаў эканамічнай дзейнасьці”, дзе паслугі салярыя аднесеныя да фізкультурна-аздараўленчай дзейнасьці.

Штучны загар: карысьць для здароўя альбо шкода?

Старшыня Рады ўладальнікаў салярыяў Станіслаў Вілісаў лічыць, што атрымаць ліцэнзію Міністэрства аховы здароўя на паслугі салярыя зараз нерэальна. Таму што ў штаце прадпрыемства трэба мець лекара вышэйшай альбо першай катэгорыі ў галіне фізыятэрапіі.

“Такіх лекараў, паводле даведкі самога Міністэрства аховы здароўя, у краіне каля 30 чалавек. І ўсе яны займаюць салідныя пасады ў сыстэме Міністэрства аховы здароўя. Прапанаваць такому лекару памяняць працу і прыйсьці заціскаць кнопкі ў салярыі – гэта глупства, ні адзін лекар на гэта ня пойдзе”.

Начальнік Упраўленьня мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Ігар Броўка абвяргае аргумэнт старшыні рэспубліканскай Рады ўладальнікаў салярыяў Станіслава Вілісава:

“Пазыцыя Міністэрства аховы здароўя адназначная: сам салярый – гэта выраб мэдычнага прызначэньня, і адпаведна, павінен ліцэнзавацца. І адпускаць гэтыя працэдуры павінна навучаная мэдсястра. А наконт урача няхай яны не тлумяць галаву. Мы не аднойчы зь імі сустракаліся, і ў пастанове Міністэрства аховы здароўя прапісана, што салярый павінна адпускаць мэдсястра, якая прайшла падрыхтоўку па фізыятэрапіі”.

Дасьледаваньні экспэртаў Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя даказваюць непасрэдную залежнасьць паміж выкарыстаньнем абсталяваньня для штучнага загару і разьвіцьцём мэляномы – раку скуры. У Нарвэгіі і Швэцыі ўзровень захворваньняў на мэляному за апошнія 45 гадоў вырас больш чым у 3 разы, а ў ЗША за апошнія 30 гадоў ён падвоіўся.

Першы намесьнік дырэктара Навукова-дасьледчага інстытуту анкалёгіі і радыялёгіі прафэсар Эдвард Жаўрыд, аўтар навуковай працы “Загар: карысьць альбо шкода”, перакананы:

“Салярый шкодны. Усё ўльтрафіялетавае апраменьваньне ў такой колькасьці і адразу на ўсю паверхню цела акрамя шкоды нічога не нясе. Дастаткова ў нас сонечных дзён у годзе, і не выміралі беларусы без штучнага загару. Наступствы ўльтрафіялетавага ўдару праяўляюцца праз некалькі гадоў. Сур’ёзныя зьмяненьні на скуры, перадпухлінныя захворваньні і нават мэлянома”.

“Павінен быць жорсткі кантроль”

Старшыня рэспубліканскай Рады ўладальнікаў салярыяў Станіслаў Вілісаў перакананы, што салярый цалкам бясьпечны:

“У салярыі прымяняецца збалянсаваны ўльтрафіялет, дозы апраменьваньня, якія рэкамэндуе апэратар загару, абсалютна няцяжка вызначыць індывідуальна для чалавека, які прыйшоў у студыю. Самі салярыі сёньня сучасныя, амаль паўсюль стаіць абсалютна новая тэхніка. Людзі могуць ужо выбіраць, ёсьць канкурэнцыя”.

Станіслаў Вілісаў прывёў такі аргумэнт: апраменьваньнем лечаць некаторыя хваробы скуры, іншыя захворваньні. Першы намесьнік дырэктара НДІ анкалёгіі і радыялёгіі прафэсар Эдвард Жаўрыд пагадзіўся, што і ў анкалёгіі выкарыстоўваецца прамянёвая тэрапія, іянізуючае апраменьваньне. У салярыі выкарыстоўваецца ўльтрафіялетавае апраменьваньне, але...

“У нас вельмі дакладная сыстэма кантролю. Кожны дзень апаратуру ўключаюць адмысловыя інжынэры-дазімэтрысты, здымаюць усе характарыстыкі – то бок абсалютна дазіраванае дакладнае лячэньне. Ёсьць яшчэ шмат кантралюючых арганізацыяў. А ў іх уключыў апаратуру чалавек без усялякай адукацыі, і 5 – 10 хвілін чалавека апраменьваюць. А павінен быць жорсткі кантроль”.

Прававых актаў шмат, а супярэчлівасьці застаюцца

Старшыня рэспубліканскай Рады ўладальнікаў салярыяў Станіслаў Вілісаў спасылаецца на прэзыдэнцкі дэкрэт “Аб ліцэнзаваньні асобных відаў дзейнасьці”:

“Дэкрэт прэзыдэнта №17 звужае кола ліцэнзійнай дзейнасьці, спрабуе паменшыць магчымасьць чыноўнікаў уплываць на працу прадпрыемстваў, прадпрымальнікаў, а яны ў межах Міністэрства аховы здароўя спрабуюць гэта кола пашырыць. Таму што, па-першае, гэта грошы, па-другое – уплыў”.

Начальнік Упраўленьня мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Ігар Броўка спасылаецца на іншыя дакумэнты і настойвае на тым, што ліцэнзаваньне неабходнае:

“Трэба мяняць тое, што тады не памянялася. А ў нас, акрамя таго, ёсьць і Указ прэзыдэнта аб прадастаўленьні платных паслугаў, дзе салярый аднесены да ліцэнзійных відаў дзейнасьці, дзьве пастановы Савету Міністраў аб платных мэдычных паслугах, пастанова Міністэрства аховы здароўя. І пазыцыя Генэральнай пракуратуры, якая таксама нас падтрымлівае. У Савеце Міністраў гэта інфармацыя ёсьць”.

На апошнім паседжаньні Савету па разьвіцьці прадпрымальніцтва вырашылі праінфармаваць пра сытуацыю з салярыямі кіраўніка ўраду Сяргея Сідорскага, а калі зьявіцца неабходнасьць – і кіраўніка дзяржавы.
XS
SM
MD
LG