Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд з удзельнікам мітынгу ў Дружным адкладзены


Удзельніка мітынгу пратэсту ў пасёлку Дружны Сяргея Абразоўскага сёньня зьбіраліся датэрмінова судзіць у судзе Пухавіцкага раёну.


Яго вінавацяць у арганізацыі мітынгу пратэсту супраць будаўніцтва хімзавода прыватнай расейскай кампаніі “Аўгуст-Бел”, які адбыўся 22 сакавіка.

Учора а 21-й гадзіне вечара міліцыянты ўручылі Сяргею Абразоўскаму позву зьявіцца ў суд а 10-й гадзіне раніцы. Раней ён атрымаў позву ў суд на 10 красавіка. У судзе спадар Абразоўскі заявіў, што ня быў азнаёмлены з матэрыяламі справы, а таксама выставіў хадайніцтвы адносна сьведак, якімі выступілі прадстаўнікі мясцовых уладаў. У выніку суд быў адкладзены на ранейшы тэрмін 10 красавіка.

Спадар Абразоўскі мяркуе, што гэтыя падзеі зьвязаныя з тым, што на месца будаўніцтва хімзаводу мае прыехаць дэлегацыя чыноўнікаў. Магчыма, што міліцыянты спрабуюць маральна ціснуць на актывістаў ініцыятыўнай групы, кажа ён.

Жыхары пасёлка Дружны пратэстуюць супраць прадпрыемства хімічнай вытворчасьці, якое плянуе будаваць расейская прыватная кампанія “Аўгуст-Бел”. Плянуецца, што на заводзе будзе вырабляцца 18 відаў пэстыцыдаў – хімічных сродкаў для сельгасвытворчасьці. Жыхары выказваюцца за правядзеньне мясцовага рэфэрэндуму аб мэтазгоднасьці будаўніцтва прадпрыемства ў непасрэднай блізкасьці ад жылых дамоў, а таксама за правядзеньне незалежнай мэдычнай, экалягічнай і юрыдычнай экспэртызы. Яны шмат разоў зьвярталіся да мясцовых уладаў з заявай аб правядзеньні мітынгаў, аднак заўсёды атрымоўвалі адмову. У выніку несанкцыянаваныя акцыі пратэсту адбыліся ў Пасёлку Дружным і Сьвіслач.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG