Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся суд над актывістам незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэем Кімам.


Яго абвінавачваюць у пагрозе супрацоўніку міліцыі падчас разгону акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня. Судзьдзя задаволіла хадайніцтва пракуратуры і аб’яднала гэтую крымінальную справу з той, дзе Андрэя разам з трынаццацьцю моладзевымі актывістамі абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія нібыта мелі месца 10 студзеня падчас акцыі прадпрымальнікаў. У справе абвешчаны перапынак, дату новага суду прызначаць пазьней.

Каля будынку суду Цэнтральнага раёну (былы будынак гуманітарнага ліцэю) сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх прадстаўнікі амбасады ЗША, АБСЭ, лідэры палітычных партый, грамадзкія дзеячы, паплечнікі і сябры Андрэя Кіма.

Гаворыць маці Андрэя — Тацяна Кім:

“Я такая шчасьлівая, што ў майго сына такія сябры, такія людзі! І знаёмыя, і незнаёмыя. Вельмі-вельмі ім удзячная. Знаходзячыся тут, я цяпер думаю пра тых хлапцоў і дзяўчат, якія цяпер сядзяць на Акрэсьціна, якіх зьбілі і затрымалі... Вось самых лепшых дзяцей забіраюць у Беларусі”.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч лічыць такія праявы салідарнасьці неабходнымі ў цяперашняй сытуацыі:

“Я думаю, што гэта надзвычай важна, таму што нішто так не бароніць людзей — ні адвакат, ні заканадаўства, а перш за ўсё — салідарнасьць”.

Лідэр партыі БНФ Лявон Баршчэўскі апынуўся ў тым самым памяшканьні, дзе ня так даўно чытаў лекцыі па літаратуры сваім вучням-ліцэістам.

“Імя Андрэя Кіма на слыху, і відавочна, што гэта палітычна матываваны арышт. За тое, што ён нібыта мог бы зьдзейсьніць, за гэта прадугледжана адміністрацыйнае пакараньне. Канечне, ёсьць рэакцыя людзей. Самае галоўнае, што моладзь, якая ўчора і пазаўчора павыходзіла з Акрэсьціна, цяпер тут”.

Насупраць вокнаў судовай залі некалькі моладзевых актывістаў сталі з расьцяжкай: “Свабоду Андрэю Кіму!” Яшчэ некалькі чалавек трымалі партрэты Андрэя. Яны скандавалі: “Свабоду палітвязьням!” Спэцназаўцы пачалі выціскаць людзей з горкі па лесьвіцы ўніз. Але моладзь яшчэ некалькі разоў займала пляцоўку на горцы.

Мікола Статкевіч так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю:

“Гэта рэакцыя сілавых уладаў, таму што яны вельмі баяцца. У іх такі прынцып: лепш перастарацца — перагнуць, чым недагнуць. Бо калі перастарацца, будзе грамадзкі рэзананс, але лаяцца ня будуць. Бо праявілі ж вернасьць і адданасьць. А калі недапрацавалі, то могуць западозрыць у мяккасьці, і шапкі паляцяць”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька падчас суду быў на вуліцы:

“Рэакцыя нэрвовая, але яны не такія заклапочаныя, як 25-га. Выціскалі з ужываньнем сілы, але хапуна не было. Я думаю, што якраз гэты судовы працэс паказальны. Ён будзе сьведчыць, куды будзе крочыць улада”.

Андрэй Кім шмат усьміхаўся і трымаўся бадзёра. Ягоны сябар Аляксей Бондар падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

“Андрэй трымаецца вельмі добра. Адчуваецца, што вера ў Бога дапамагае яму. Знаходжаньне за кратамі ўмацоўвае ягоны дух. Ён пасталеў, і гэта бачна. Але гэта пайшло яму на карысьць. Усё будзе добра, і гэта відаць па ім”.

Адвакатка Андрэя Кіма заявіла хадайніцтва, каб яму зьмянілі меру стрыманьня. Памочнік пракурора Цэнтральнага раёну Зьміцер Лук’янаў папрасіў суд хадайніцтва не задавальняць. Больш за тое, ён папрасіў аб’яднаць гэтую крымінальную справу з той, якую распачалі паводле падзеяў 10 студзеня. Там таксама сярод іншых фігуруе прозьвішча Андрэя.

Судзьдзя пагадзілася і абвясьціла ў справе перапынак. Андрэя Кіма пачнуць судзіць разам зь яшчэ трынаццацьцю абвінавачанымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках, якія нібыта мелі месца 10 студзеня. Дата суду стане вядомая на наступным тыдні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG