Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор Бекаўскага раёну Пензенскай вобласьці Аляўціна Ваўчкова паведаміла “Свабодзе”, што сёньня яшчэ 14 пустэльнікаў пакінулі пячору.


“Цяпер на паверхні 21 чалавек, сярод іх ёсьць і беларусы”, – адзначыла суразмоўца. Паводле яе, у пячоры застаюцца беларусы Іна і Аляксандар Вабішчэвічы, а зь імі – дачка, узрост якой адзін год і восем месяцаў”.

Таксама пракурор Бекаўскага раёну пацьвердзіла інфармацыю, што сёньня выратавальнікі вядуць узмоцненую працу па расчыстцы выхаду зь пячоры для астатніх. “Тыя, хто выходзіць, нават адмаўляюцца ад мэдычнай дапамогі”, – кажа пракурор Ваўчкова:

“Я б не сказала, што яны схуднелыя. У прынцыпе, яны ў парадку і зусім не “вязьні Бухэнвальду”, як пішуць пра гэта некаторыя журналісты. Гэта звычайныя людзі. Толькі твары крыху бледныя. Ня больш і ня менш за гэта”.

***

На пачатку лістапада 2007 году 35 чалавек (у тым ліку — чацьвёра дзяцей) схаваліся ў загадзя абсталяваным склепе ў Бекаўскім раёне Пензенскай вобласьці. Пустэльнікі вырашылі заставацца там да траўня 2008 году, калі, на іх думку, павінен надысьці канец сьвету. Да самаізаляцыі яны падрыхтаваліся старанна, назапасілі рэчы для побыту і прадукты харчаваньня.

З вонкавым сьветам пустэльнікаў злучае толькі вэнтыляцыйная адтуліна. Празь яе супрацоўнікі міліцыі і прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі вядуць перамовы, угаворваюць сэктантаў выйсьці на паверхню. Тыя ў адказ пералічваюць прыкметы набліжэньня катастрофы. А ў выпадку ўмяшаньня, калі іх сілай паспрабуюць дастаць зь пячоры, пагражаюць спаліць сябе ці ўзарваць.

Усе пустэльнікі — пасьлядоўнікі Пятра Кузьняцова, у адносінах да якога праваахоўныя органы ўзбудзілі крымінальную справу паводле артыкулаў “арганізацыя аб’яднаньня, якое робіць замах на асобу і правы грамадзянаў” і “ўзбуджэньне нянавісьці па рэлігійных прыкметах”.

Паводле зьвестак Кобрынскага РАУС Берасьцейскай вобласьці, Пётар Кузьняцоў прыяжджаў у Беларусь некалькі разоў. У ліпені 2007 году быў высланы за межы краіны за парушэньне правілаў рэгістрацыі замежных грамадзянаў.

Паводле афіцыйнай інфармацыі амбасады Беларусі ў Расеі, у падземным сховішчы ля вёскі Нікольскае Пензенскай вобласьці ў ліку 14 сэктантаў знаходзяцца 7 альбо 8 грамадзянаў Беларусі, сярод іх і двое дзяцей.

XS
SM
MD
LG