Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Хамайда арыштаваны на пяць сутак


Паводле рашэньня судзьдзі Чыгуначнага райсуду Рамана Дзягоды, апазыцыянэр прызнаны ўдзельнікам несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася ў Віцебску 25 сакавіка.


У якасьці сьведкаў у суд былі выкліканыя толькі міліцыянты, якія затрымлівалі Барыса Хамайду.

Яго затрымалі за тое, што выйшаў да так званага “сіняга дому” — дому № 28 па вуліцы Леніна ў Віцебску — зь бел-чырвона-белым шалікам на шыі. Разам зь ім у міліцыю Чыгуначнага раёну павезьлі віцебскую актывістку Алену Залескую, якая таксама была ў бел-чырвона-белым шаліку, і прадстаўніцу БСДП “Грамада” Антаніну Піванос, якая выйшла да “сіняга дому” зь белым ручніком, на якім уласнаручна вышыла чырвонымі ніткамі малітву “Ойча наш”.

Спадарыні Залеская і Піванос былі пакараныя паводле рашэньня таго самага судзьдзі Рамана Дзягоды грашовымі штрафамі яшчэ 25 сакавіка, а Барыс Хамайда запатрабаваў у суд перакладчыка, і працэс быў перанесены.

Сёньня ў якасьці перакладчыка на суд была выкліканая настаўніца беларускай мовы сярэдняй школы № 27, але на пачатку працэсу Барыс Хамайда выступіў з хадайніцтвам пра адхіленьне судзьдзі, якому ён не давярае. Хадайніцтва не было задаволенае. Тады Барыс Хамайда адмовіўся даваць паказаньні, і судзьдзя зачытаў пастанову пасьля апытаньня сьведкаў і разгляду рэчавых доказаў.

Шалікі ў нацыянальных колерах і ручнік з вышытай на ім малітвай суд пастанавіў канфіскаваць на карысьць дзяржавы.
XS
SM
MD
LG