Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьця ранішняга эфіру “Свабоды” -- Тацяна Кім, маці грамадзкага актывіста Андрэя Кіма. Сёньня а 14 гадзіне ў Цэнтральным раённым судзе Менску пачнецца судовы працэс над ім.


Андрэя Кіма ўжо болей за два месяца трымаюць за кратамі ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Калі суд прызнае актывіста вінаватым ва ўжываньні гвалту падчас мітынгу прадпрымальнікаў альбо ў стварэньні такой пагрозы, яго могуць пакараць двума гадамі зьняволеньня. Андрэй Кім вінаватым сябе не прызнае.

Госьця "Свабоды" -- маці Андрэя Тацяна Кім.

Ганна Соўсь: “Спадарыня Тацьцяна, чаго Вы чакаеце ад сёньняшняга судовага працэсу?”

Тацяна Кім: “Я чакаю, натуральна, каб майго сына адпусьцілі. Для мяне сёньня вельмі цяжкі дзень, і ў той жа час я спадзяюся, што яго вызваляць. Мы падавалі заяву тры тыдні таму, каб яму зьмянілі меру стрыманьня і адпусьцілі пад заклад. Сёньня яе разгледзяць, і я вельмі спадзяюся, што яго вызваляць. І ўчора ў мяне было такое пачуцьцё, што ён ужо побач са мной”.

Соўсь: “Суд над Андрэем Кімам адбудзецца ў будынку, дзе ён вучыўся -- ў Беларускім ліцэі, пазьней закрытым уладамі, у ім цяпер знаходзіцца суд Цэнтральнага раёну Менску. Тацяна, хто разам з Вамі пойдзе ў суд падтрымаць Андрэя?”

Кім: “Усе ягоныя сябры, і нават сябры з Расеі прыедуць. Прыйдуць мае знаёмыя, якія зьявіліся ў мяне пасьля таго, як здарылася гэтае няшчасьце. Я пазнаёмілася з новымі людзьмі, якія сталі для мне дарагімі. Яны прыйдуць сёньня падтрымаць мяне і майго сына Андрэя. Гэта будзе і моладзь, і людзі майго ўзросту”.

Соўсь: “Спадарыня Тацяна, ці Вы адразу падтрымалі грамадзкую актыўнасьць свайго сына? Ці зьмянялася ў Вас стаўленьне да ягонай палітычнай пазыцыі?”

Цяпер я яго цалкам разумею і падтрымліваю
Кім:
“Не, канечне. Я раней жыла абсалютна іншым жыцьцём -- толькі дом і праца. Таму я вельмі моцна перажывала за свайго сына. Ён у мяне адзіны сын. Гаварыла: на што табе гэта трэба і гэтак далей. Паколькі мой сын вернік, то ён гаварыў. што трэба рабіць дабро людзям. І цяпер ён мне піша ў лістах: "Палітыкай не займайся, а рабі добрыя справы для людзей, але на жаль, гэта заўсёды зьвязана з палітыкай. Я ня ведаю, чаму, але цяпер я яго цалкам разумею і падтрымліваю. Для мяне вельмі важна, што мой сын -- сумленны і прыстойны грамадзянін Беларусі"

Соўсь
: “Вы кажаце, што атрымліваеце лісты? Калі Вы апошні раз бачылі сына? Што ён піша? Як ён трымаецца?”

Кім: “Ва ўсіх апошніх лістах ён мяне супакойвае. Піша, каб я не хвалявалася. Ён дзякуе за падтрымку ўсім, хто за яго перажывае. Атрымліваецца так, што ў лістах я яго супакойваю, а ён мяне. І ён, і я баімся, каб усе гэтыя выпрабаваньні, якія нам Бог даў, мы перажылі годна.

У нас была адзіная сустрэча. Я доўга прасіла пра спатканьне, мне адмаўлялі, а потым перад тым, каб перадаць справу ў суд, дазволілі сустрэцца. Гэта было як у сьне. Сёньня да канца нават і ня памятаю гэтай сустрэчы, таму што ў мяне была адзіная думка -- падтрымаць яго і выглядаць так, каб ён не хваляваўся, каб ён бачыў, што са мной ўсё добра. сустрэча на такім узроўні і адбылася.. Я бачыла, што ён імкнецца, паказаць, што ў яго ўсё добра, каб я не хвалявалася, а ў мяне гэта была таксама адзіная думка, каб ён бачыў, што са мной усё ў парадку, і каб ён мог там спакойна знаходзіцца”.

Соўсь: “Ведаю, што ў турме Андрэй заняўся літаратурнымі перакладамі з ангельскай. Раскажыце, калі ласка, пра гэта. Ці ён перакладаў раней?”

Настолькі цяжка, што першы час мне падавалася, што я не вытрымаю
Кім
: “Ён і раней захапляўся літаратурнымі перакладамі, яшчэ калі вучыўся ў школе. Мне падаецца, што ў яго гэта атрымліваецца. Ён вельмі захоплены ангельскім хрысьціянскім філёзафам Клайвам Стэплзам Льюісам, гэта ягоны любімы пісьменьнік. Яму вельмі падабаюцца ягоныя “Кронікі Нарніі” – гэта такія казкі хрысьціянска-філязофскія. Гэта яго даўняя мара -- перакласьці “Кронікі Нарніі”.

Соўсь: “Андрэй – Ваш адзіны сын, я разумею, як Вам цяпер цяжка. Што дапамагае трымацца?”

Кім: “Настолькі цяжка, што першы час мне падавалася, што я не вытрымаю. І ўсе людзі, якіх я цяпер ведаю, якім я вельмі ўдзячная, яны мяне падтрымалі ў першую хвіліну і да апошняй. Дзякуючы ім я трымаюся. Гэта ўсё ягоныя сябры. Мне таксама званіў Андрэй Клімаў, падтрымаў мяне, а таксама Аляксандра Казулін, ягоныя родныя, якіх я цяпер ведаю і вельмі ім удзячная. Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, усіх нават не магу і пералічыць... Я ім вельмі ўдзячная. Проста дзякуючы ім я, можна казаць, засталася жывой..."
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG