Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня 22-і дзень эстафэтнай галадоўкі пратэсту


Удзельнікі галадоўкі на Кастрычніцкай плошчы 16 сакавіка

Удзельнікі галадоўкі на Кастрычніцкай плошчы 16 сакавіка

Працягваецца эстафэтная галадоўка пратэсту актывістаў апазыцыі. Яна пачалася 10-га сакавіка з патрабаваньня вызваліць палітвязьня Аляксандра Казуліна. Паведамляецца, што ў галадоўцы бяруць удзел каля 20 чалавек.


За 22 дні галадоўкі шэраг патрабаваньняў пашырыўся: ад тэрміновага вызваленьня Аляксандра Казуліна і закрыцьця спраў актывістаў апазыцыі Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча да спыненьня рэпрэсій супраць удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі і незалежных журналістаў, якім учынілі ператрусы і канфіскацыі аргтэхнікі 27-га сакавіка.

Паводле былога дэпутата Сяргея Скрабца зараз ў галадоўцы бяруць удзел каля 20 чалавек. Нагадаю, галадоўку пачалі менавіта браты Сяргей і Аляксандр Скрабцы. Учора Сяргей Скрабец паведаміў, што ад 1-га красавіка яны з братам спыняюць галадоўку, паколькі ім трэба захаваць сілы для падзеяў 2-а красавіка. Скрабцы плянуюць узяць актыўны удзел у мерапрыемствах на плошчы Бангалёр. Менгарвыканкам забараніў праводзіць шэсьце ў дзень так званага “Яднаньня Беларусі і Расеі” 2 красавіка. Дазволена правесьці толькі мітынг і канцэрт на плошчы Бангалор

“Там плянуецца канцэрт салідарнасьці з палітвязьнямі. І нам, відаць, трэба выходзіць з галадоўкі, бо Саша музыкант, ягоная група сабралася, каб ўдзельнічаць у канцэрце”.

Сяргей Скрабец кажа, што яго з братам ёсьць каму замяніць ў гэтай акцыі.

30-га сакавіка спыніў галадоўку ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Як актывіст змагаецца з наступствамі дзесяцідзённай галадоўкі?

“Дрэнна сябе стаў адчуваць. Паведамлялі, што быццам 28-га я спыніў галадоўку, але насамрэч 30-га. Пачаў піць бульёнчыкі. Мне на зьмену пачаў галадаць прадпрымальнік Васільёў з Бабруйску”.

Мікалай Аўтуховіч заявіў, што не выключае аднаўленьня свайго ўдзелу ў галадоўцы праз пэўны час. “Зараз мне прыйшлі на замену, потым я камусьці дапамагу”, -- лічыць прадпрымальнік. Нагадаю, болей за год таму ў калёніі Мікалай Аўтуховіч трымаў галадоўкі, пратэстуючы супроць незаконнага, як ён лічыў, прысуду.

У Бэрліне працягваюць галадаваць былыя беларускія міліцыянты, бацька і сын Алкаевы, якія некалькі гадоў таму атрымалі ў Нямеччыне палітычны прытулак. Алег Алкаеў галадуе ужо 17-ы дзень, ягоны малодшы сын Вячаслаў – дзевяты. Алег Алкаеў паведаміў.

“Што пляную? Пакуль ў вачах не пацямнее, буду галадаваць. Зараз яшчэ можна трымацца. Гэта такая тэма, за якую трэба брацца альбо сур’ёзна, альбо ня брацца ўвогуле”.

Паводле Алега Алкаева, яму вельмі важна сваімі дзеяньнямі накіраваць пасланьне салідарнасьці ахвярам рэжыму, асабліва Аляксандру Казуліну, дзеля іх маральнай падтрымкі.

“Гэта лепшы спосаб выказаць салідарнасьць на адлегласьці. Таго ж Казуліна, які сам праз галадоўку прайшоў, і ведае, наколькі гэта сур’ёзна для чалавека, гэта маральна падтрымае. Тэарэтыкаў ў нас шмат, а пэўна нешта зрабіць... Але я нікога не заклікаю да галадоўкі, кожны сам вырашае. Мой выбар такі.”

Паведамляецца, што ў Беларусі працягваюць галадоўку актывісты Ігар Рынкевіч, Таісія Кабанчук, Марына Статкевіч, Алег Лыско, Міхаіл Васільеў ды іншыя апазыцыянэры.


XS
SM
MD
LG