Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 31 сакавіка


Агляд беларускага сеціва.


На сайце “Хартыі’97” зьявіўся новы артыкул Ірыны Халіп “Рысы да партрэту дзяржавы”. Аўтарка вяртаецца да тэмы зачысткі незалежных мэдыяў у Беларусі. Яна лічыць сэрыю ператрусаў, якія адбыліся на кватэрах шэрагу журналістаў на мінулым тыдні, толькі пачаткам вялікай спэцапэрацыі. Меркаваньні чытачоў сайту:

“Напэўна, гэта добры знак. Калі КДБ гэтак хвалюецца, значыцца, паводле іх назіраньня, расьце інфармаванасьць насельніцтва... А гэта значыць, уладу пачынае хістаць. Прычыну яны, што цалкам натуральна, бачаць у дзеяньнях журналістаў”.

“Ну і што яны будуць рабіць, пазбавіўшыся ворагаў? Што бывае з кракадзіламі, калі іх шмат, а харчы зьедзеныя?”

“Гэта акцыя спэцслужбаў Беларусі сумесна з расейскай ФСБ у адказ на пацяпленьне адносінаў з Эўропай і адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску. Расея ніяк не зацікаўленая ў паляпшэньні сувязяў з Эўразьвязам”.

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць навіну – амбасада Польшчы пачала прымаць дакумэнты беларускіх грамадзянаў для атрыманьня “карты паляка”. Карту паляка могуць атрымаць тыя, хто мае сваякоў-палякаў і валодае польскай мовай на базавым узроўні. Дакумэнт дае шэраг перавагаў, кшталту магчымасьці працаваць у Польшчы без адмысловага дазволу на працу. На думку беларускіх уладаў, сам факт выдачы “картаў паляка” можа сур’ёзна дэстабілізаваць міжнацыянальныя адносіны ў Беларусі. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:

“Чаму гэта павінна выклікаць дэстабілізацыю міжнацыянальных адносінаў, зразумела, напэўна, толькі МЗС. Я асабіста крыўдаваць ня буду. З гэткім самым посьпехам можна было казаць пра напружанасьць перад выдачай Нямеччынай кампэнсацыяў за працу ў часе вайны. Але народ зразумеў усё слушна. Гэтак будзе і цяпер”.

“Зь Сібіры, Казахстану ў 1990-я гады выехала куча немцаў на сталае жыхарства. І нічога. Грамадзтва там не дэстабілізавалася. А ў нас што – адмысловая краіна?”

“Цяпер будзем чакаць карты літоўца і латыша. Тады на захадзе Беларусі застанецца пустэча”.

“Гэта нармальна. Кожная краіна цягне да сябе людзей – Нямеччына, Польшча, Канада, Ізраіль... І ўсе пампуюць адкуль толькі можна – маладых, працавітых, разумных, адукаваных... І нідзе не было чуваць ляманту... А хто замінае ў Беларусі ўладам так прыцягваць людзей з усяго сьвету (як робяць палякі…) – лічыць беларусамі тых, у каго былі ў продках беларусы, хто быў грамадзянінам Беларусі (БССР) ці пражываў на яе тэрыторыі?”

Анджэй Пісальнік у суполцы “Жывога журналу” by_politics зьмяшчае здымак фотакарэспандэнта “Нашай нівы” Юліі Дарашкевіч, на якім відаць тры супрацоўнікі КДБ – яны часта бываюць на вулічных акцыях, але ня любяць, калі іхныя выявы зьяўляюцца ў публічным доступе. Блогеры іх апазналі: афіцэр КДБ Дзіма, капітан КДБ Дзьмітры Сьвістун і сам начальнік упраўленьня КДБ па Менску і Менскай вобласьці Ігар Кузьняцоў. Рэплікі чальцоў ЖЖ-суполкі:

“Дзякуй, вельмі пазнавальна. Краіна павінна ведаць сваіх герояў”.

“Якія адухоўленыя твары!”

“Іх бы ўсіх на дошку гонару, пайменна. Адзін за аднаго прыгажэйшыя”.

А літаратар Адам Глобус у сваім блогу хваліцца тым, што трапіў на старонкі беларускага глянцавага “Женского журнала”. Часопіс апублікаваў ягоны тэкст пра шафы, тэкст выйшаў па-беларуску. Вось урывак:

“З шафамі ў мяне заўсёды былі своеасаблівыя, можна сказаць, інтымныя ўзаемаадносіны. Адзін зь першых дзіцячых успамінаў зьнітаваны менавіта з новай шафаю, якую набылі суседзі Мядзьведзевы... У тыя часы купляньне шафы было падзеяю значнай, большасьць нашых знаёмых абыходзілася этажэркамі ды пачапельнікамі ў перадпакоях. А тут у двор прыехала на грузавіку сьветлая шафа. Мужчыны занесьлі яе на пяты паверх. Жанчыны яе гладзілі і хвалілі. Яны ледзь не цалавалі яе – самую новую і самую чыстую шафу ў нашым трохпад’ездавым доме. Калі ты думаеш, што я перабольшваю з пацалункамі шафы, дык моцна памыляесься. Бо якраз гэтыя пагладжваньні ды прыцісканьні да шафы шчочкамі і падштурхнулі мяне да думкі, каб шафу зрабіць яшчэ прыгажэйшай. А ўся жаночая рукатворная прыгажосьць бачылася мне ў аптымістычна-чырвонай хімічнай памадзе, якой нафарбоўваліся вусны. Менавіта хімічнай памадай я і расфарбаваў шафу. Колькі мог дастаць з падлогі, столькі і зафарбаваў. Якая была сьвяточная шафа! Як яна гарэла! Вачэй не адвядзеш. І рукі мае сталі сьвяточна-чырвонымі. Пабілі мяне за тое мастацтва скураным татавым пасам. Сяброўку маю, раўналетку Мядзьведзеву, таксама адлупцавалі за суўдзел у мастацкім праекце. Жанчыны, канечне, паспрабавалі шафу адмыць, толькі нічога ў іх не атрымалася. Памада ўелася ў сьветлае дрэва глыбока і назаўсёды, як і ў маю памяць уеўся ўспамін пра хімічную чырвань на сьветлай шафе”.
XS
SM
MD
LG