Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьмяняецца палітычны курс?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 26 сакавіка.


Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі і палітоляг Андрэй Фёдараў.

Беларускія ўлады пайшлі на ўзмацненьне рэпрэсій супраць палітычных апанэнтаў, незалежных мэдыяў. Чым гэта выклікана? Ці азначаюць такія дзеяньні канец дыялёгу беларускага кіраўніцтва з Захадам? Ці адбываецца пацяпленьне дачыненьняў Беларусі з Расеяй?

Чаму ўзмацняюцца рэпрэсіі?


Валер Карбалевіч: “Калі брутальныя дзеяньні падразьдзяленьняў міністэрства ўнутраных спраў на Дзень Волі можна было сьпісаць на неразумнасьць кіраўнікоў сілавых структур, то падзеі 27 сакавіка, калі адбыліся масавыя ператрусы на офісах і кватэрах журналістаў, якія працуюць на замежнае радыё і тэлебачаньне, азначаюць, што набывае сілу пэўная тэндэнцыя. Гэта тэндэнцыя на ўзмацненьне рэпрэсій супраць палітычных апанэнтаў, незалежных мэдыяў.

Паколькі ўнутраная палітыка ў Беларусі цесна зьвязаная з вонкавай, то ці азначаюць апошнія падзеі зьмену палітычнага курсу, адмову ад пэўнай лібэралізацыі ўнутры краіны (маю на ўвазе вызваленьне палітвязьняў) і дыялёгу з Эўразьвязам (ЭЗ)?”

Паўлюк Быкоўскі
: “Пакуль мала інфармацыі, каб казаць пра зьмену курсу. Што тычыцца Дня Волі, то трэба адзначыць, што аргкамітэт сьвяткаваньня прапанаваў абсалютна непрымальны для ўладаў маршрут. Напярэдадні міністар унутраных спраў Навумаў папярэдзіў, якія будуць наступствы, калі апазыцыя парушыць санкцыянаваны ўладамі маршрут шэсьця.

Мы не ўпершыню сутыкаемся з жорсткімі дзеяньнямі міліцыі падчас апазыцыйных акцый. Нагадаю, што зусім нядаўна мы зьдзіўляліся нечаканай ляяльнасьці, памяркоўнасьці да ўдзельнікаў акцый з боку міліцыі. Так што цяпер адбылося вяртаньне да статус-кво.

Апошнім часам беларускія ўлады імкнуліся палепшыць сваю рэпутацыю ў вачах Захаду. Так, падпісаная дамова аб адкрыцьці ў Менску прадстаўніцтва Эўракамісіі.

Тое, што адбылося 27 сакавіка, — я не выключаю, — у нейкай ступені было гульнёй спэцслужбаў паміж сабою. Апошнім часам КДБ саступаў другім спэцслужбам ва ўплыве. Напрыклад, апошнія гучныя справы, пад якімі падпісваўся потым камітэт, насамрэч рабіліся не яго рукамі. Маю на ўвазе і справу Зэльцэра, і справу з “амэрыканскімі шпіёнамі”.

На ордэрах, на падставе якіх рабілі ператрус, стаяў подпіс Вягеры, намесьніка старшыні КДБ, кіраўніка контравыведкі. Тое, што журналістамі, якія працуюць на замежныя мэдыі, занялася контравыведка, паказвае ўзровень успрыняцьця гэтых мэдыяў уладамі.

Спэцслужбы канфіскоўвалі тэхніку ў журналістаў і застрашвалі іх. Падобна, што яны не імкнуліся зусім спыніць працу гэтых мэдыяў, а хутчэй мелі на мэце правесьці нейкую паказальную акцыю, якая мае значэньне для нейкіх гульняў унутры краіны”.

Андрэй Фёдараў
: “Я таксама не сьпяшаўся б рабіць канчатковыя высновы наконт зьмены курсу. Я ня згодзен з вэрсіяй, што апошнія падзеі адбываліся ў выніку рашэньняў і дзеяньняў спэцслужбаў. Гэтыя людзі запраграмаваныя на выкананьне загадаў. Упэўнены, што яны выконвалі палітычны загад. Мінулым годам на Дзень Волі прадстаўнікі апазыцыі таксама зьбіраліся ня ў тым месцы, дзе вызначыў гарвыканкам, але такога гвалту не было.

Але я не лічу, што гэта сыгнал аб разрыве дыялёгу з Захадам. Хутчэй, гэта дэманстрацыя таго, што можа быць у горшым варыянце. Маўляў, вы нас крытыкуеце за адсутнасьць дэмакратыі, ды вось паглядзіце, што насамрэч гэта азначае.

Што тычыцца атакі на журналістаў, то гэта сапраўды ўдар па незалежных ад улады мэдыях. Але паколькі ўсё абмежавалася канфіскацыяй тэхнікі і допытам журналістаў, нікога не арыштавалі, то, магчыма, гэта нейкае папярэджаньне гэтым мэдыям і Захаду”.

Канец дыялёгу?

Карбалевіч: “Здавалася, дачыненьні Беларусі з Захадам ішлі па шляху пацяпленьня. ЗША і ЭЗ станоўча ўспрынялі вызваленьне шасьці палітвязьняў, міністар замежных справаў Мартынаў быў упершыню за шмат гадоў прыняты ў МЗС Нямеччыны, хоць і неафіцыйна. Засталося вызваліць Казуліна, і быў бы магчымы дыпляматычны прарыў на Захад. Вось уплывовы прадстаўнік адміністрацыі ЗША Дэвід Крэймер сьцьвярджае, што беларускія дыпляматы абяцалі вызваліць Казуліна ў лютым. Гледзячы па ўсім, беларускія ўлады сапраўды зьбіраліся гэта зрабіць. І вось усё сарвалася, падзеі сталі разьвівацца ў адваротны бок. Чаму?

Калі пачаў набіраць моц беларуска-амэрыканскі канфлікт, шмат хто з экспэртаў трактаваў яго як спробу афіцыйнага Менску супрацьпаставіць пазыцыю Злучаных Штатаў і Эўразьвязу па беларускім пытаньні. А вось цяпер рэпрэсіі тычацца журналістаў, якія працуюць менавіта на эўрапейскія мэдыі. Дык што, гэта канец дыялёгу з ЭЗ, увогуле з Захадам?”

Быкоўскі: “Ня думаю, што гэта канец дыялёгу. Хутчэй гэта крок назад, каб зноў пачаць таргавацца. З аднаго боку, ёсьць сумнеў, што на гэта пагодзіцца Захад. А зь іншага боку, Захад неаднародны, у дзяржаваў ЭЗ ёсьць свае інтарэсы. На гэта і разьлічвае Менск”.

Фёдараў: “Чаму сарваўся дыялёг? З ЗША ў Беларусі дачыненьні заўсёды былі напружаныя. А з ЭЗ дасюль, здавалася б, усё ішло добра, дамовіліся аб адкрыцьці прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску, вызвалялі палітвязьняў.

Менск чакаў ад ЭЗ крокаў у адказ. Міністар замежных спраў Мартынаў на сустрэчы з заходнімі амбасадарамі казаў адкрытым тэкстам, што ЭЗ павінен скасаваць сьпіс чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Я ўпэўнены, што ЭЗ павінен быў зрабіць невялікія крокі насустрач, каб заахвоціць Менск.

Магчыма, дамоўленасьці перашкодзіў ціск ЗША. Магчыма, вінаватая бюракратычная структура ЭЗ, якая ня можа хутка рэагаваць на сытуацыю. І тады Менск пайшоў на эскаляцыю.

Але я ня думаю, што дыялёг скончаны. Малаверагодна, што ЭЗ пойдзе на ўвядзеньне санкцый супраць “Белнафтахіму”. І, шчыра кажучы, я баюся гэтага. Бо ў выніку Беларусь можа быць уціснутая ў расейскую арбіту”.

Ці адбываецца пацяпленьне дачыненьняў Беларусі з Расеяй?

Карбалевіч: “Вось цяпер пагаворым пра адносіны з Расеяй. Магчыма, адказ на гэтыя пытаньні трэба шукаць у пацяпленьні дачыненьняў з Расеяй. Маю на ўвазе льготныя цэны на газ на другі квартал і іншыя чыньнікі”.

Быкоўскі: “Мядзьведзеў на першым этапе будзе пераемнікам палітыкі Пуціна. Што будзе далей, невядома. Кантракт аб цэнах на газ — гэта таямніца, таму ўзьнікаюць міты. Можна меркаваць, што наступным годам цэны вырастуць значна, бо растуць сусьветныя кошты нафты і газу.

Прытым мы кантракты заключаем у далярах, а курс даляру падае. Цяпер абмяркоўваецца пытаньне пра перавод разьлікаў у гандлі энэрганосьбітамі на расейскія рублі. Мяркую, што гэта Беларусі нявыгадна”.

Фёдараў: “Гледзячы на выказваньні афіцыйных асобаў з абодвух бакоў, пацяпленьне сапраўды мае месца. Здымаюцца праблемы ў двухбаковым гандлі. Лукашэнка ў інтэрвію Аўстрыйскаму агенцтву прэсы сказаў, што калі нас будуць ціснуць з Захаду, то мы будзем ісьці ў бок Расеі.

Зьвярніце ўвагу, што з пачатку беларуска-амэрыканскага канфлікту ні МЗС Расеі, ні Дзярждума ня выступілі ў абарону Беларусі. Толькі Зубкоў падчас візыту ў Менск заявіў аб падтрымцы беларускага боку. І таму, мусіць, што гэтую заяву літаральна выціснуў Сідорскі.

На мой погляд, гэта сьвядомая пазыцыя. Бо чым горшыя дачыненьні Беларусі з Захадам, тым шчыльней яна будзе прытуляцца да Расеі. Я не выключаю, што менавіта пацяпленьне дачыненьняў з Расеяй падштурхнула Менск да выкліку Захаду.

А зь іншага боку, назіраецца ціск з боку Расеі. Вось Барадзін, якога цяжка западозрыць у дрэнным стаўленьні да саюзнай дзяржавы, сказаў, што кошт на газ для Беларусі як замежнай краіны павінен быць рынкавы, і ня выключыў, што ён будзе 200 даляраў за тысячу кубічных мэтраў. Я расцэньваю гэта як ціск. Маўляў, ня хочаце аб’ядноўвацца, будуць вам вось такія цэны. То бок ціск адбываецца з двух бакоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG